Новоселковская СШ имени О.А. Володько отметила 40-летний юбилей

Важное Образование

У пятніцу ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі закончыліся заняткі, але ні вучні, ні настаўнікі не збіраліся дадому — яны чакалі гасцей на юбілей навучальнай установы.

Стаялі ля вытокаў

На свята прыйшлі тыя, хто хоць чым-небудзь звязаны з імянінніцай. І вось зноў празвінеў школьны званок, і ў спартыўнай зале, дзе сабраліся вучні, педагогі, госці, настаўніца рускай мовы і літаратуры Янія Анкудовіч пачала своеасаблівы ўрок гісторыі.

3 красавіка 1983 года школа ў Навасёлках справіла наваселле. Да гэтага яна размяшчалася ў старым непрыстасаваным будынку. Двухпавярховы ўзвялі дзякуючы намаганням Алега Валодзькі, які ў той час узначальваў калгас імя Суворава. Гаспадарка развівалася, і дальнабачны кіраўнік добра разумеў, што школе патрэбны сучасны будынак.

Сярод настаўнікаў, якія пачыналі ў ім працаваць з дня адкрыцця ўстановы, былі Ганна Кісель, Соф’я Скабёлкіна, Янія Анкудовіч і Віктар Снапок. Двое апошніх і цяпер прадаўжаюць сеяць разумнае, добрае, вечнае. На свяце ветэраны з настальгіяй успаміналі той час, калі былі маладымі, энергічнымі, з энтузіязмам браліся за любую работу: чысцілі пакоі ад будаўнічага друзу, мылі сцены і падлогу, афармлялі кабінеты, праводзілі ўрокі, ладзілі экскурсіі, паходы, спартыўныя мерапрыемствы, дзяліліся сваім вопытам з іншымі педагогамі падчас абласных семінараў.

Ганаровымі гасцямі свята былі і іншыя былыя настаўнікі. Сярод іх Леакадзія Снапок, якая прыйшла ў школу ў 1985 годзе. Гэта адзін з найлепшых матэматыкаў у раёне. Яе паважалі і паважа­юць калегі, бацькі, вучні. І цяпер нярэдка просяць патлумачыць складаны матэрыял, падцягнуць па прадмеце. Наталля Морцікава  34 гады адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Выдатна ведала свой прадмет, даступна яго выкладала.

Калі школе было 5 гадоў, у Навасёлкі прыехалі Сяргей і Людміла Шчэрбы і ўліліся ў настаўніцкі калектыў. Людміла Эдуардаўна выкладала матэматыку. Яна — пераможца рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года».

— Я да гэтага часу бязмежна ўдзячная Сяргею Шарыпкіну, які як дырэктар паверыў у мае сілы, падштурхнуў да ўдзелу ў конкурсе, — дзялілася Людміла Эдуардаўна. — Перажытыя тады эмоцыі і сёння напаўняюць маю душу. ­Удзел у конкурсе даў мне магчымасць стаць сааўтарам дзвюх кніг па матэматыцы.

Сяргей Уладзіміравіч — майстар-ганчар. Цяпер сям’я ўтрымлівае сядзібу «Акарына», прымае ў ёй гасцей з розных куткоў Беларусі. Частыя госці ў Шчэрбаў і вучні мясцовай школы. Людміла Эдуардаўна выдатна вышывае, вяжа, смачна гатуе, піша вершы.

Ганна Шарыпкіна — прыёмная мама. Яна не працуе ў школе, але яе лічаць педагогам з вялікай літары. Ганна Казісаўна прызналася: «Я шчаслівая, што пасля інстытута трапіла ў Навасёлкі, у школу, у якой ёсць усе ўмовы для развіцця дзяцей». Галіна Хіло — былы сацыяльны педагог. Сціплая, добразычлівая, а калі было трэба — прынцыповая і строгая.

— Аддушынай для мяне была работа ў пачатковых класах, — гаварыла Галіна Робертаўна. — Я вельмі любіла сваіх пачаткоўцаў. А як сацыяльны педагог неймаверна хвалявалася за дзяцей з нядобранадзейных сем’яў.

Настаўніцай пачатковых класаў да гэтай восені працавала і Соф’я Скабёлкіна. Яе прозвішча вядомае многім у раёне, бо Соф’я Станіславаўна піша цудоўныя вершы. Адзін з іх яна прысвяціла школе, якой аддала 40 гадоў.

Кіраўнікі творчай каманды

Калі адкрывалі школу, дырэктарам быў інтэлігентны, ураўнаважаны Уладзімір Кавальскі. Яго змяніў энтузіяст, нястомны педагог Аляксандр Міцэвіч і ўнёс шмат новага ў навучальны пра­цэс. Падчас кіраўніцтва Аляксандра Казіміравіча ў кожным свяце актыўна ўдзельнічалі ўсе настаўнікі. Дырэктар быў заўсёды ў першых радах. Побач з ім доўгі час рука аб руку працавала намеснік па вучэбнай рабоце Ганна Кісель. Дзякуючы яе кампетэнтнасці, прафесіяналізму, уменню арганізаваць вакол сябе творчых педагогаў паспяхова вялася сістэмная работа па павышэнні эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Ганна Ніафітаўна была дэлегатам першага з’езду настаўнікаў Беларусі.

Калі Аляксандр Міцэвіч змяніў месца жыхарства, на чале калектыву стаў адданы сваёй справе, кампетэнтны, строгі і справядлівы Сяргей Шарыпкін. У яго рабоце ніколі не было і няма ніякіх прабелаў. Затым пэўны час дырэктарам школы з’яўлялася спакойная, ураўнаважаная Валянціна Пяткевіч. Усе праблемы, якія ўзнікалі, Валянціна Мілецьеўна прапускала праз сваё сэрца. Каб нікога не нагружаць, самыя складаныя пытанні імкнулася вырашаць самастойна.

У верасні 2021 года кіраўніц­тва перайшло да Алены Ластоўскай. Сябе яна праявіла яшчэ ў Старадворскай базавай школе, якая размяшчалася ў старым прыстасаваным будынку. Але які парадак быў там усюды! Як сапраўдная гаспадыня, яна ўзялася за пераабсталяванне і навасёлкаўскай школы. У большасці класаў удалося ўставіць пластыкавыя вокны, памяняць асвятленне, абнавіць мэблю, добраўпарадкаваць тэрыторыю, памаляваць будынак школы звонку. Многія госці жартавалі, што ўстанова 40-гадовы юбілей сустрэла 18-гадовай. Алена Іванаўна ўнікае ва ўсе дэталі, вялікія і дробныя пытанні, усё трымае на ўласным кантролі. Яна прадаўжае і прымнажае традыцыі школы, у яе шмат планаў. І кожны з гасцей, каму давалі слова, жадаў навучальнай установе даўгалецця, а дырэктару і калектыву — ажыццяўлення задуманага.

Ганаровыя госці, каштоўныя падарункі

На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава і метадыст аддзела Алена Танана, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Грачанік, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык і яго намеснік Яўгеній Вішнеўскі, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Святлана Мелец, загадчыцы мясцовага дзіцячага садка і навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко Юлія Гайдукевіч і Алена Салавей.

Павел Юр’евіч ад райвыканкама перадаў калектыву школы віншаванні, а ў падарунак — прынтар. Людміла Казіміраўна ўзнагародзіла граматамі найбольш актыўных членаў прафсаюза і лідара пярвічкі Ганну Пішч, якая ўзначальвае яе больш за 15 гадоў. З шыкоўнымі падарункамі, неабходнымі школе, завітала і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі.

Любімы другі дом

Для навучэнцаў школа — другі дом, з якім звязаны самыя добрыя, цёплыя ўспаміны: любімыя настаўнікі, першыя перамогі, трапяткое каханне. На сустрэчы выпускнікоў у навасёлкаўскай школе заўсёды бывае шматлюдна: усе спяшаюцца на спатканне з дзяцінствам і юнацтвам, дарагімі настаўнікамі, былымі аднакласнікамі. У многіх тут зарадзілася першае і ­адзінае каханне. На юбілеі прысутнічалі Дзмітрый і Вераніка Лібозы, Яўгеній і Надзея Рамановічы, Уладзімір і Таццяна Мядзелкі, Яўгеній і Алена Вішнеўскія, якія, стварыўшы сем’і, засталіся вернымі малой радзіме, знайшлі тут сваё прызванне. Дарэчы, Алена Вішнеўская выбрала прафесію настаўніка і працуе ў роднай школе побач з мамай Валянцінай Януш і свекрывёй Аленай Эдуардаўнай.

Урачыстасць расцягнулася на дзве гадзіны. Але дзякуючы таленту вядучай і аўтару сцэнарыя Яніі Анкудовіч яны прайшлі у шчырай, крыху хвалюючай атмасферы. Парадавалі сваімі талентамі вучні, якія займаюцца ў школе мастацтваў: аркестр баяністаў, лыжкары, удзельнікі танцавальнага калектыву.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.