Представители Витебской государственной академии ветеринарной медицины рассказали школьникам о своем учреждении образования

Образование

На мінулым тыдні наш раён наведалі дацэнт кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Надзея Фурс і асістэнт кафедры трактароў, аўтамабіляў і машын для прыродаабуладкавання Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Руслан Даргель.

Яны гаварылі пра тое, чым прыцягальныя для абітурыентаў названыя акадэміі, як выкарыстоўваецца іх багатая матэрыяльна-тэхнічная база, якія перспектывы кар’ернага росту ў выпускнікоў.

Руслан Даргель — выпускнік Навасёлкаўскай сярэдняй школы. Дастаткова было яму прадставіцца, як многія вучні з аўдыторыі заявілі, што ведаюць Руслана Сяргеевіча як актыўнага блогера і велападарожніка. Некаторыя падпісаны на яго ў TikTok. Размова ажывілася. Выкладчык расказаў пра БДСГА і свой шлях у прафесію, задаваў пытанні наконт новых тэхналогій у сельскай гаспадарцы. І сапраўды, аўтаматызацыя, рабатызацыя, дакладнае земляробства — гэта не фантастыка, а рэальнасць. Акадэмія ідзе ў нагу з часам, рыхтуе кваліфікаваныя кадры.

Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі больш за 180 гадоў. Сцвярджаюць, што менавіта тут прыдумалі першы зернеўборачны камбайн і першую дрэнажную сістэму, напісалі першыя навуковыя работы  па аграноміі.  А яшчэ ў акадэміі вучыўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сярод яе выпускнікоў шмат і пастаўчан. У іх ліку старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

Прэстыжна вучыцца і ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Яе выпускнікі — памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, першы намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Генадзій Лютынскі. З дыпломам акадэміі адкрыта дарога на многія прадпрыемствы не толькі сельскагаспадарчага профілю, але і перапрацоўчай прамысловасці, у кіналогію.

— Пытанне падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу з кожным годам становіцца ўсё больш актуальным, — гаварыла інспектар аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька, якая суправаджала гасцей. — Згодна са статыстыкай, колькасць работнікаў сельскай гаспадаркі паступова змяншаецца. Таму і запрашаем прадстаўнікоў розных сельскагаспадарчых каледжаў, ВНУ на сустрэчу з навучэнцамі школ. Прадстаўнікі дзвюх акадэмій пабывалі ва ўсіх школах Пастаўшчыны. Іх дыялог з моладдзю аказаўся прадукцыйным: вучні задавалі шматлікія пытанні наконт паступлення, пражывання ў інтэрнаце, правядзення вольнага часу. А колькі жадаючых было зрабіць сэлфі з земляком!

Аддаўшы перавагу аграрнай сферы, маладыя людзі мо­гуць быць упэўненыя ў тым, што атрымаюць падтрымку на ўсіх этапах станаўлення — пачынаючы ад ільгот пры паступленні і заканчваючы гарантаваным першым рабочым месцам. У сельгасарганізацыях Пастаўшчыны  кваліфікаваныя кадры запатрабаваны. Таму практычна ўсе арганізацыі, а таксама малочны завод, ільнозавод гатовы заключаць з выпускнікамі сярэдніх школ мэтавыя дагаворы на іх навучанне ў адпаведных ВНУ. Дагавор дае перавагу пры паступленні, а арганізацыя даплачвае ад 2 да 8 базавых велічынь да стыпендыі. Хлопцы будуць мець магчымасць праходзіць вайсковую службу ў рэзерве. Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, для маладых спецыялістаў зоаветэрынарнага профілю прадугледжана даплата ў памеры 1 000 рублёў да штомесячнай зарплаты пры ўмове заключэння кантракта на 5 гадоў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.