Работа на результат приносит удовольствие учителю физкультуры и здоровья СШ№ 1 Николая Бузанову

Важное Образование

Настаўніка фізічнай культуры і здароўя першай гарадской школы Мікалая Бузанава многія вучні і бацькі лічаць залішне патрабавальным педагогам, які не ставіць высокія адзнакі па прадмеце. А між тым сам Мікалай Барысавіч упэўнены: ён не праяўляе празмернай строгасці, фізічную форму дзяцей ацэньвае аб’ектыўна — і імкнецца данесці да іх, а таксама да мам і татаў важнасць заняткаў фізкультурай і спортам.

У мінулым малады фізрук — спарт­смен. Пасля заканчэння школы гуляў за гандбольны клуб, падпісаўшы кантракт з ім. Клуб знахо­дзіўся на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, таму, натуральна, паступіў туды вучыцца. Але калі атрымаў дыплом, прафесійная кар’ера не склалася, прыйшлося шукаць работу па спецыяльнасці. Некаторы час працаваў трэнерам у Мінску, а вярнуўшыся з арміі, уладкаваўся ў школу ў сваім родным Гомелі. Праз год разам з жонкай пераехаў на яе радзіму — у Паставы. Так у 2015 годзе трапіў у СШ №1.

Па словах настаўніка, работа з дзецьмі яму падабаецца, хоць і мае свае мінусы.

Праблема ў тым, што большасць вучняў і іх бацькоў несур’ёзна адносяцца да фізкультуры, — гаварыў Мікалай Бузанаў. — Яны лічаць, што калі яе не трэба здаваць пры паступленні ў ВНУ, то можна не выкладвацца на ўроку, займацца ў паўсілы. Даводзіцца тлумачыць, што фізкультура — не менш важны за астатнія прадмет, бо ўмацоўвае здароўе і імунітэт, дапамагае пазбегнуць такой распаўсю­джанай сярод школьнікаў хваробы, як скаліёз. У адрозненне ад той жа фізікі ці матэматыкі, якія пры жаданні можна падцягнуць за пару месяцаў, наняўшы рэпетытараў, нарасціць мышачны карсет, стаць хуткім і вынослівым за кароткі час не атрымаецца. Таму запускаць фізкультуру нельга. І тут усё павінна ісці з сям’і. Калі прыходжу на бацькоўскія сходы, у мяне пытаюцца: «Мікалай Барысавіч, чаму вы ставіце такія нізкія адзнакі?» Але я не заніжаю іх. Часам, наадварот, завышаю, калі бачу, што дзіця стараецца і прагрэсіруе. Мае адзнакі стымулююць навучэнцаў да заняткаў спортам.

Вучні Мікалая Бузанава ўдзельнічаюць ва ўсіх спаборніцтвах, якія праводзяцца для школьнікаў, і заваёўваюць прызавыя месцы. Так, у красавіку гэтага года 9-класніца Яна Арэхава заняла 1-е месца ў рэспубліцы па летнім мнагаборстве «Здароўе» сярод дзяўчат, а ў студзені атрымала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Таксама з дыпломам ІІІ ступені вярнуўся з абласной алімпіяды па фізкультуры 7-класнік Арсеній Звяруга. Два гады назад ён быў трэцім у рэспубліцы па летнім мнагаборстве «Здароўе» сярод хлопцаў. Часта выхаванцы Мікалая Барысавіча становяцца прызёрамі спаборніцтваў у складзе каманды Пастаўскага раёна. Напрыклад, сёлета занялі 2-е месца ў вобласці па зімовым мнагаборстве і 1-е — па летнім.

З дзецьмі, якія здольныя паказваць высокія вынікі, настаўнік працуе дадаткова: перад важнымі стартамі займаецца не толькі пасля ўрокаў, але і ў выхадныя, на канікулах. Ладзіць трэніроўкі ў гарпарку, на гарадскім стадыёне, у басейне.

Магчыма, хтосьці думае, што я ахвярую ўласным часам, водпускам, — кажа ён. — Не. Я люблю праца­ваць на вынік — гэта прыносіць мне задавальненне.

Педагог стараецца і сябе падтрымліваць у добрай фізічнай форме: рэгулярна бярэ ў рукі ган­тэлі, падцягваецца на перакла­дзіне, выконвае практыкаванні на брусах. Ён не курыць і зусім не ўжывае алкаголь. Ідучы ў госці, саромеецца нават купіць у магазіне бутэльку віна.

На касе ж сядзяць бацькі маіх вучняў! Як я змагу прапагандаваць дзецям здаровы лад жыцця, калі сам не буду яго весці? — задае рэзоннае пытанне.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.