С 16 октября по деревням Куропольского сельсовета начал курсировать мини-маркет Поставского молочного завода

Общество

З поўнымі паліцамі і добрым настроем выязджаюць на маршрут па курапольскай зоне работнікі аўтамагазіна малочнага завода.

У райцэнтры працуе шмат як камерцыйных, так і фірменных магазінаў, і купіць прадукты і іншыя тавары для нас, гараджан, не існуе ніякай праблемы. А вось жыхары сельскай мясцовасці такой магчымасці не маюць, бо выбар тавараў у аўтамагазінах Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства невялікі. Нярэдка незадаволеныя пакупнікі тэлефанавалі ў рэдакцыю і прасілі пасадзейнічаць у пашырэнні асартыменту. Былі звароты вяскоўцаў і да раённай улады. І райвыканкам прыняў рашэнне, згодна з якім Пастаўскі малочны завод распрацаваў маршрут на курапольскую зону. Камайскую і часткова ярэўскую абслугоўвае прыватны прадпрымальнік Віктар Клімюк.

— 21 населены пункт Курапольскага сельсавета мы пачалі абслугоўваць з 16 кастрычніка, — расказвала таваразнавец завода Валянціна Хаткевіч. — Для нас гэта справа новая. Мы практыкуем выязны гандаль, дзе прапануем малочную прадукцыю ўласнай вытворчасці. Тут жа людзям трэба прывезці хлебабулачныя, мясныя вырабы, макарону, крупы, цукар, соль і многае іншае. У першы выезд складана было разлічыць колькасць неабходнага. Людзі, калі бралі ў рукі вілейскі хлеб, прасілі па некалькі боханаў. Тое ж самае і з батонамі. Іх распрадалі ўжо ў першых дзвюх вёсках, у Кураполле прыехалі без хлеба, таму былі вымушаны давозіць.

 

Паназіраць за работай магазіна на колах я адправілася ў чацвер. Пачалі аб’езд з Васілін. Працягласць вёскі — 5 кіламетраў. Вяскоўцы пастарэлі, ім цяжка збірацца ў адным месцы. Таму аўталаўка робіць ажно 10 прыпынкаў. Першы — каля хаты Аліны Касарэўскай. Яна прыйшла па пакупкі разам з сынам. Пакуль вадзіцель паркаваўся, вяскоўка цікавілася ў прадаўца Іны Тананы, ці будзе ёй скідка як пенсіянерцы, як гэта было ў аўтамагазіне Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Прадавец тлумачыла, што цэны ў фірменных магазінах завода ніжэйшыя, таму і льгот няма. Жанчына брала крупы, кефір, некалькі боханаў хлеба і батонаў, пыталася цану кожнага наймення тавару і параўноўвала з той, па якой купляла раней. Засталася задаволеная.

На наступным прыпынку атаварваліся мясцовыя муж з жонкай і адзін дачнік. Зазначылі, што выбар тавару вялікі, усё свежае, цэны даступныя. Разлічыўшыся і аднёсшы пакупкі дадому, гаспадыня вярнулася: муж адправіў дакупіць батонаў.

Машына рухаецца наперад і спыняецца каля аднаго з дамоў. Вадзіцель выскоквае з кабіны, ідзе ў двор. Хутка вяртаецца: «Дзверы на замку, дзе можа быць бабуля?» — кажа занепакоена. І яшчэ адзін дом быў зачынены. На наступным прыпынку вяскоўцы праяснілі сітуацыю: бабуля трапіла ў бальніцу, а гаспадары другога дома, напэўна, усё маюць.

Прыезд аўталаўкі для Соф’і Хаткевіч і Яні Кірылавай — радасць.  І не толькі таму, што набудуць усё неабходнае. Для іх гэта яшчэ і магчымасць сустрэцца з людзьмі, падзяліцца навінамі.

Назірала за работай прадаўца і пакупнікамі. Іна Танана прапаноўвала багаты асартымент прывезеных прадуктаў. Лю­дзі бралі ў першую чаргу хлеб, малако, кефір, смятану, масла, яйкі, алей. Карысталіся попытам вараныя каўбасы, замарожанае мяса курыцы, цыгарэты. Не шкадавалі грошай і на салодкія прысмакі: адны аддавалі перавагу зефіру і цукеркам, іншыя — пернікам.

У панядзелак аўтамагазін аб’язджае 21 населены пункт, у чацвер і пятніцу маршрут па­дзелены на дзве часткі.

— У абавязковым парадку ёсць сацыяльна значныя тавары: малако, тварог, крупы, хлебабулачная і мясная прадукцыя, рыба, напіткі, агародніна і фрукты, а таксама ўсялякія прысмакі, — гаварыла Валянціна Хаткевіч. — З прамысловых тавараў паўсядзённага ўжытку, якія патрэбны гаспадыням, у наяўнасці пральныя парашкі, розныя мыйныя сродкі. А калі чаго не хапае, можна заказаць, і аўтамагазін абавязкова прывязе гэта ў наступны раз. Вывучаем попыт, прызвычайваемся да людзей, а яны — да нас.

Я пагутарыла з многімі вяскоўцамі, якія рабілі пакупкі ў аўталаўцы. Усе дзякавалі раённай уладзе за клопат, кіраўніцтву малочнага завода — за смачную, свежую малочную прадукцыю, за шырокі асартымент іншых тавараў і іх высокую якасць.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.