Артём Щенович отслужил срочную службу, вернулся домой и поделился планами на будущее

Общество

У гэтыя дні ў ваенкаматах краіны вельмі ажыўлена: не зніжаюцца тэмпы адпраўкі прызыўнікоў у войскі, адначасова ідзе пастаноўка на воінскі ўлік тых, хто свой тэрмін ужо адслужыў і з пачуццём выкананага абавязку вярнуўся ў родныя мясціны.

Больш за 200 выхадаў на ахову Дзяржграніцы, нялёгкая, але цікавая і плённая служба ў тандэме з нямецкай аўчаркай Трыгарам, жыццё па строгім распарадку, хваляванні пра нязведанае і сум па доме… Усё гэта для пастаўчаніна Арцёма Шчановіча засталося ў мінулым — днямі ўжо былы інструктар службовых сабак звольніўся ў запас пасля праходжання тэрміновай службы і нарэшце змог абняць родных і блізкіх, сустрэцца з сябрамі.

Якраз думкі пра тое, што яго любяць і чакаюць дома, надавалі Арцёму аптымізму, веры ва ўласныя сілы, мужнасці разам з саслужыўцамі штодня стаяць непераадольным бар’ерам на шляху зламыснікаў на адным з участкаў граніцы Беларусі з Латвіяй. У пацвярджэнне сваіх слоў ён дастае з нагруднай кішэні ваеннай формы фота­здымак, зроблены падчас прысягі і ад доўгага нашэння каля сэрца пакрыты выгібамі, нібы павуціннем. На фота — Арцём разам з сястрой і сябрамі, а ўнізе надпіс чырвоным стрыжнем «Мы цябе чакаем!» і сэрцайка.

Арцём — выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай. Да прызыву працаваў у Пастаўскім раёне газазабеспячэння, сюды, дарэчы, і плануе вярнуцца пасля службы.

— Маю правы катэгорыі «В» і вадзіцельскі стаж 5 гадоў, таму планаваў, што і служыць буду шафёрам, — успамінаў. — Але калі даведаўся, што ідзе набор на кінолагаў, адразу ж зразумеў: маё! Я і да арміі пры сустрэчы з сябрамі, якія мелі сабак, адразу вітаўся з іх гадаванцамі, а ўжо потым з імі, любіў пазаймацца з бабулінымі чатырохногімі. Тым не менш падчас вучобы ў Смаргонскім кіналагічным цэнтры высветлілася, што я амаль нічога пра іх не ведаў.Службовыя сабакі, як і людзі, маюць свой тэмперамент, звычкі, манеру паводзін, адсюль і розныя падыходы ў дрэсіроўцы. Працэс гэты вельмі карпатлівы і індывідуальны. Заўсёды трэба быць у добрым настроі, не нерваваць сабаку, не тузаць за павадок.

З «вучэбкі» Арцёма накіравалі на пагранзаставу «Бігосава» імя Мікалая Хахлова Полацкага пагран­атрада. Там яго напарнікам стала ўжо добра надрэсіраваная аўчарка Трыгар, разам з якой дзе крокам, дзе бягом пераадолеў не адзін дзясятак кіламетраў уздоўж граніцы, затрымаў не аднаго парушальніка. Асвойвацца ў падраздзяленні дапамагаў зямляк з Гуты Арцём Кухальскі, які трапіў па размеркаванні сюды крыху раней.

— Застава — гэтя сям’я, дзе, як дома, адзін аднаго падтрымліваюць, падстаўляюць плячо, — упэўнены Арцём Шчановіч. — Як і ўсім, спачатку было цяжка прывыкнуць да строгага распарадку, інтэнсіўных фізічных і разумовых нагрузак — а тэорыі ў арміі надаецца вялікая ўвага, — але хутка прызвычаіўся, увайшоў у рытм. Як і казаў мой тата, праводзячы на службу: «Не бойся, нічога цяжкага там няма. Ды і нікому армія не зашкодзіла».

— А што дала табе? — цікаўлюся.

— Загартавала цела і дух, змяніла светапогляд, — адказвае. — Я стаў яшчэ больш любіць сваю Радзіму, ганарыцца ёй і суайчыннікамі. І тымі, хто ў досыць кароткі час падняў краіну з руін пасля Вялікай Айчыннай вайны, і таленавітымі, шчырымі сучаснікамі.

Ну і, вядома, надзейных сяброў, з якімі дамовіліся сустракацца штогод 28 мая, у Дзень пагранічніка, каб разам успамі­наць нялёгкую, але такую патрэбную і адказную службу.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.