Дошкольное лесничество «Мурашки» появилось в садике №1

Образование

У садку з’явіліся «Мурашкі». Так называецца дашкольнае лясніцтва, якое адкрылася 1 лістапада на базе дзетсада 1 Пастаў.

Яшчэ ў пачатку гэтага года Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб адкрыцці ва ўсіх лясгасах краіны па адным дашкольным лясніцтве з мэтай экалагічнага выхавання і асветы дзяцей, знаёмства іх з дзейнасцю работнікаў лесу і падрыхтоўкі ў далейшым кадраў для лясной галіны. Кіраўніцтва Пастаўскага лясгаса свой выбар спыніла на першым гарадскім садку, з якім даўно склаліся цесныя ўзаемаадносіны.

У якасці юных лесаводаў выбралі выхаванцаў старэйшай групы «Усмешка». Для іх за сродкі лясгаса пашылі лясную форму, якая пасля выпуску дзяцей з сада пяройдзе да наступных членаў дашкольнага лясніцтва. З гэтымі малымі работнікі арганізацыі маюць намер працаваць на працягу ўсяго года: калі дазволіць надвор’е, вывозіць іх на экалагічныя сцежкі ў лес і ў гадавальнік, паказваць і расказваць, з чаго і як растуць дрэвы, вучыць беражлівым адносінам да прыроды. Работу будуць працягваць і ў школе.

Усё гэта ў планах. Пакуль жа ў садку арганізавалі ўрачысты прыём у «Мурашкі». На яго прыехалі намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванькоў, начальнік ляснога аддзела Яўгеній Маслоўскі, ляснічы Пастаўскага лясніцтва Віктар Клянцэвіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Казлоўская. Аляксандр Мікалаевіч расказаў дзецям і педагогам, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, для чаго ствараецца лясніцтва, і выказаў надзею на тое, што юныя лесаводы бу­дуць любіць прыроду і, магчыма, хтосьці з іх у будучым звяжа сваё жыццё з лясной гаспадаркай. Павел Юр’евіч, са свайго боку, падзякаваў кіраўніцтву лясгаса за цудоўную ініцыятыву, якая, несумненна, будзе мець станоўчы вынік, а таксама за матэрыяльную і арганізацыйную падтрымку.

Пасля невялікага выступлення перад гасцямі дзеці ўрачыста прынеслі клятву юнага лесавода, паабяцаўшы любіць і берагчы прыроду, клапаціцца пра птушак і жывёл, захоўваць чысціню падчас знаходжання ў лясах і парках і папярэджваць іншых, каб не смецілі там. Госці ўручылі ім сімвалічныя медалі з эмблемай дашкольнага лясніцтва і падарункі. Самы вялікі з іх — гульнявы куток «Бібліятэка» — падарыў лясгас.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.