Корреспондент «ПК» вместе с представителями райорганизации БКК посетила парижскую больницу сестринского ухода

Общество

У рамках акцыі «Дапамога» разам з прадстаўнікамі раённай арганізацыі БЧК карэспандэнт «ПК» наведала Парыжскую бальніцу сястрынскага догляду.

Пераступаем парог установы — і не верыцца, што гэта бальніца, дзе большасць пастаяльцаў  ляжачыя: ніякага спецыфічнага паху, усюды стэрыльная чысціня. Нас сустракае загадчыца Раіса Роліч.

Цяпер у бальніцы пражывае 9 мужчын і 5 жанчын. У кожнага з іх свая гісторыя жыцця, болю і пакут. Большасць з іх увогуле не ходзяць, у некаторых дэменцыя, і яны нават не ўсведамляюць, дзе знаходзяцца. Многія маюць хранічныя захворванні, сталі інвалідамі пасля інсульту, і ўсім ім патрэбны кругласутачны догляд. А дома яго ажыццяў­ляць няма каму: адны — ­адзінокія, у іншых дзеці з розных прычын не могуць быць побач. І адзінае выйсце — бальніца сястрынскага догляду.

Пастаяльцы тут жывуць па двое ў палаце. Мы заглянулі ў некаторыя: хтосьці ціха ляжаў ці драмаў, хтосьці слухаў радыё, якое ёсць у кожнай палаце. У бальніцы ёсць тэлевізар, і тыя, хто мае сілы хадзіць, гля­дзяць розныя перадачы, абмяркоўваюць іх.

Па словах загадчыцы бальніцы, найбольшая склада­насць у тым, што практычна ўсе пацыенты ляжачыя. Ім трэба пераслаць пасцель, кожнага памыць, прычасаць, праз пэўны час падстрыгчы валасы і пазногці, чатыры разы на дзень пакарміць. Медсёстры Леакадзія Кадушкевіч, Валянціна Новік, Таццяна Чыжэвіч, Алена Ландышка не толькі выконваюць назначэнні ўрача, але і гутараць з пастаяльцамі. Нялёгка прыходзіцца санітарачкам Святлане Феранец, Алёне Аўчыннікавай, Марыне Зубовіч, Вользе Ганчаровай, якія на дзяжурства заступаюць на суткі. Днём ім дапамагае малодшая медыцынская сястра Алена Зелянкевіч. Разам клапатліва даглядаюць хворых, дапамагаюць ім адаптавацца ў новых умовах. Повары Святлана Крывенька і Галіна Волк стараюцца так гатаваць стравы, каб яны па смаку не адрозніваліся ад дамашніх.

Васілія Зябчанку з Варапаева да ложка прыкаваў інсульт. Чалавек вельмі любіць чытаць. Таму мясцовы бібліятэкар Тэрэ­са Барташэвіч рэгулярна прыносіць яму кнігі. На тумбачцы побач з ложкам іх цэлы стос.

Рады быў гасцям Генадзій Зыгманаў. Ён адразу падняўся з пасцелі. Расказаў, што жыў у Мя­дзелцы. А калі не змог спраўляцца з хатнімі справамі, аформіўся ў бальніцу сястрынскага догляду.

— Напішыце, што тут вельмі добры персанал, — папрасіў чалавек. — Мы, старыя, калі ў чым і маем патрэбу, дык гэта ў чуласці, якой па волі свайго адзінокага лёсу або з-за няўвагі родных не мелі дома. А тут паважаюць нашу старасць і не асуджаюць той стан, у якім аказаліся. Да нас вельмі ўважліва адносяцца.

У парыжскую бальніцу рэгулярна прыязджае ўрач Таццяна Белякова з Варапаеўскай раённай бальніцы, два разы на месяц — урачы агульнай практыкі з ЦРБ. Яны абследуюць пастаяльцаў, робяць назначэнні. Перад праваслаўнымі святамі наведваецца настаяцель варапаеўскай царквы Георгій Лакотка.

— Падчас акцыі «Дапамога» мы імкнёмся ахінуць увагай розныя групы насельніцтва, — расказвала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. — Падапечных у нас шмат: адзінока пражываючыя, інваліды. На гэты раз вырашылі пабываць у бальніцы сястрынскага догляду. Прыемна ўразіў парадак на тэрыторыі ўстановы і ўнутры, утульнасць у палатах. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання, медыцынскі персанал забяспечвае належны догляд хворых.

А мне падумалася: у якіх умовах яны жылі б у сваіх дамах, калі б пра іх не паклапацілася дзяржава?

Таццяна Шахава і медыцынская сястра раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Галіна Малько прыехалі ў бальніцу не з пустымі рукамі: яны прывезлі сродкі асабістай гігіены, салодкія прысмакі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.