Хрустящую, сочную и аппетитную капусту делает квасильно-засолочный цех Поставского филиала облпотребобщества

Общество

Хрумсткая, сакавітая і апетытная

Менавіта так магу ахарактарызаваць капусту з квасільна-засолачнага цэха Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Нядаўна напрасілася туды, каб паназіраць за працэсам яе прыгатавання.

Ля шаткоўні завіхаюцца трое. Адзін работнік з дапамогай спецыяльнага прыстасавання выразае храпку, другі закідвае качаны ў шаткоўню, трэці дадае ў капусту моркву і соль, перамешвае. Гатовая маса складаецца ў 5-тонныя ёмістасці пад гнёт. Працэс ферментацыі доўжыцца 7 дзён, пасля чаго гатовая прадукцыя фасуецца і адпраўляецца на рэалізацыю.

За работай — Алена Тарасава, Наталля Галяк і Тэрэза Баль

А яшчэ мы выпускаем натуральны яблычны сок, — расказвала начальнік цэха Зоя Урандайкіна. — Ён без дабаўлення кансервантаў і вады. Увогуле ўся агародніна, якую перапрацоўваем, экалагічна чыстая, не праходзіць тэрмічнай апрацоўкі. Вырабляем салёна-марынаваны часнок, 11 відаў салаты з морквы, белакачаннай і марской капусты, буракоў, баклажанаў, солім агуркі, памідоры.

Прадукцыя цэха карыстаецца вялікім попытам не толькі ў пастаўчан. Яе пастаўляюць у магазіны ўсіх раёнаў нашай і Мінскай абласцей. Заключаны дагаворы на пастаўку з многімі ўстановамі аховы здароўя і адукацыі, магазінамі «Дабраном», «Веста». У мінулым годзе філіял рэалізаваў больш за 100 тон агуркоў і столькі ж капусты. Сёлета плануюць перапраца­ваць і прадаць яшчэ больш. Летась набыта новая шаткоўня. Работнікі цэха адказныя. Ужо 13 гадоў тут працуе Тэрэза Баль. Навічкі, але хутка асвоілі свае абавязкі, — Алена Тарасава і Наталля Галяк.

Засолку агуркоў і памідораў у цэху распачалі з моманту нарыхтоўкі агародніны. Яе закупля­юць у насельніцтва, фермерскіх гаспадарак нашага і суседніх раёнаў, а таксама Гродзеншчыны і Брэстчыны. Цяпер — час капусты. Яе квашанне — справа нескладаная, але патрабуе выканання тэхналогіі, інакш вынік не парадуе. Як расказвала Зоя Урандайкіна, ідэальна для квашання падыхо­дзяць познія сарты. Падбіраюць качаны, на якіх мала або ўвогуле няма зялёных лістоў. Чым яны святлейшыя, тым больш у іх цукру, неабходнага для ферментацыі. Квашаная капуста — карысная для здароўя. У ёй шмат вітамінаў С і В6, мікраэлементаў — такіх як калій, жалеза, магній, цынк. Пастаўскія кааператары гатуюць квашаную капусту 4-х відаў: з кменам і морквай; журавінамі і морквай; кменам, кропам і морквай; з лаўровым лістом.

У нашай сям’і капусту заўсёды любілі, таму вырошчвалі шмат. А колькі клопатаў было з яе доглядам! Пасля пасадкі некалькі дзён запар палівалі, каб прыжылася. Затым апрацоўвалі суп­раць шкоднікаў, па меры зарастання пустазеллем палолі, акучвалі. Нягледзячы на гэта, здаралася, качаны вырасталі малымі. І тады прыхо­дзілася купляць. У магазін па квашаную капусту ў той час ніхто не хадзіў, бо яе выбар быў невялікі ды і якасць выклікала сумненні. Затое цяпер пастаянна купляем, і толькі тую, што вырабляюць у пастаўскім квасільна-засолачным цэху.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.