Елена Сивицкая уже давно сама бабушка, но маму ей не заменит никто

Общество

Эма Антонаўна Кірплюк прачынаецца рана і пачынае маліцца. Найперш дзякуе Богу за новы дзень, просіць яго благаславення для сябе, сына і дачкі, унукаў, праўнукаў. Жанчыне ідзе 84 год. Нягле­дзячы на ўзрост, яна даволі рухавая: даглядае курэй і парася, кветкі, агародніну, гатуе смачныя стравы. А якая ва ўсім ідэалістка! У агародзе кожная раслінка выпеставана яе рукамі. Да сярэдзіны лета яшчэ кожную нядзелю на веласіпедзе прыяз­джала з Хаціл у Паставы ў касцёл. Цяпер дабіраецца аўтобусам або праўнук прывозіць на машыне.

Дзеці просяць не нагружаць сябе празмерна. Сын Анатоль жыве недалёка і, едучы на работу і дадому, абавязкова загляне да маці, спытае, у чым мае патрэбу, у якой цяжэйшай рабоце дапамагчы. Дачка Алена, маючы права на пенсію, яшчэ працавала. Нядаўна звольнілася, каб больш часу праводзіць з мамай.

— Каб ты ведала, Анечка, як мне добра, калі побач Лена! — дзялілася са мной Эма Антонаўна. — Разам гатуем сняданне, абед, чакаем Толю, калі ён зойдзе да нас. Вечарам — праўнука Валянціна, які жыве разам з намі. Удваіх нам лягчэй было капаць бульбу, садзіць клубніцы, парадкаваць кветкі. А як хораша мне з дачушкай доўгімі восеньскімі вечарамі! Пра такую спакойную старасць нават марыць не магла.

За плячыма жанчыны нялёгкае жыццё: ваеннае ліхалецце і галоднае дзяцінства, цяжкая праца ў калгасе. Спачатку сям’я жыла ў Шкіралях. Эма Антонаўна працавала на мясцовай ферме даяркай. Затым перабраліся ў Хацілы, дзе яна таксама ўладкавалася на ферму. Радавала тое, што атрымалі добраўпарадкаваную кватэру. Рупілася каля калгасных кароў і дома трымала немалую гаспадарку. Нярэдка даводзілася самой выконваць і жаночую, і мужчынскую работу. 20 гадоў таму аўдавела. Падтрымкай былі і застаюцца дачка і сын, дарослыя ўнукі і праўнук, уцехай — малодшыя праўнучка і праўнучак.

— Якое гэта шчасце — мець маму! — свецяцца радасцю вочы Лены. — Хоць майму старэйшаму ўнуку ідзе 21 год, унучачцы — 5-ы, з мамай я адчуваю сябе малой дзяўчынкай. Яна заўсёды непакоіцца, ці добра я спала, што ела, ці не баліць мне што. Мама шмат моліцца. Я прачынаюся — а яна ўжо з ружанцам у руках у сваім пакоі. Папрацуем, прый­дзем адпачыць — зноў адкрывае малітоўнік. Малітва маці самая моцная, яна трымае ўсіх нас.

Гэтыя людзі мне — як родныя. 40 гадоў таму мы, маладыя, засяліліся ў новы кааператыўны дом па вуліцы Юбілейнай. Хутка сышліся з суседзямі па лесвічнай пляцоўцы. Алена Сівіцкая стала нібыта сястра: разам перажывалі і радасці, і гора, заўсёды і ва ўсім падтрымліваем адна адну. З восені Лена больш часу праводзіць у Хацілах, і мне не хапае вернай сяброўкі. Яе ўчынак — прыклад найвышэйшай даччынай любові.

— За падоранае жыццё, любоў, разуменне і клопат я перад мамай у неаплатным даўгу, — гаварыла дачка. — І аддаваць яго трэба, пакуль мама побач. Чым больш мы ўсе ахінаем яе клопатам, тым святлейшым і шчаслівейшым становіцца яе жыццё. Таму і звольнілася з работы, каб быць бліжэй да роднага чалавека, каб потым не шкадаваць, што не мела часу на самае дарагое. Гады мінаюць хутка…

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.