Почтальон Ольга Вишневская: «Приятно, что люди ждут меня, а я стараюсь приходить к ним с хорошим настроением»

Общество

Цяперашнія рэаліі такія, што пісьмы пішуць усё радзей, навіны чытаюць у інтэрнэце, таму падпіска на перыядычныя выданні змяншаецца.

— Дык, можа, і прафесія паштальёна становіцца непатрэбнай? — задаю «правакацыйнае» пытанне намесніку начальніка Пастаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Ірыне Нікіфаровіч.

— Яшчэ як патрэбная! — запэўніла мяне Ірына Тэлесфораўна. — І работы ў іх хапае.

Знаёмлюся з адной з прадстаўніц гэтай прафесіі — Вольгай Вішнеўскай з цэнтральнага аддзялення паштовай сувязі. На работу сюды яна прыйшла ў студзені 2010-га.

— На працягу многіх гадоў замяняла паштальёнаў падчас іх водпускаў і ў выхадныя дні, — узгадвае Вольга. — Абышла ўсе пастаўскія вуліцы, за выключэннем пятага і шостага гарадкоў, пазнаёмілася з іх жыхарамі. 4 гады назад за мной замацавалі пастаянны ўчастак — мікрараён вуліцы Юбілейнай, дзе я, дарэчы, і жыву.

Почтальон Ольга Вишневская: «Приятно, что люди ждут меня, а я стараюсь приходить к ним с хорошим настроением»

Дастаўка карэспандэнцыі і паштовых адпраўленняў, прыём падпіскі на друкаваныя выданні — толькі невялікая частка яе работы. Нягледзячы на тое, што ў мікрараёне ёсць магазіны, банкі, частка людзей звяртаецца па паслугі да паштальёна. Вольга прымае грашовыя пераводы, пісьмовую карэспандэнцыю, камунальныя плацяжы, прыносіць тавары.

— Прыемна, што людзі чакаюць мяне, а я стараюся прыходзіць да іх з добрым настроем, несці пазітыў, — прызнаецца паштальён.

Вольга Вішнеўская — мнагадзетная маці. Яе старэйшая дачка Насця ўжо замужам, сын Кірыл сёлата скончыў Пастаўскі дзяржкаледж і працуе ў «Рассвеце Пастаўскім» і толькі найменшая, Каця, — школьніца. А я гляджу на маладую, стройную жанчыну і ўслых не даю веры, што ў яе ўжо такія дарослыя старэйшыя дзеці. На што Вольга з усмешкай адказвае: «Гэта работа трымае мяне ў такой добрай форме. Яна патрабуе не толькі адказнасці, але і фізічнай вынослівасці».

Застаецца дадаць, што ў мінулым годзе Вольга Вішнеўская ўдзельнічала ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства.

— Рыхтавалася старанна, але заняць прызавое месца не ўдалося, — расказвала яна. — Тым не менш засталася задаволеная ўдзелам у конкурсе, пачэрпнула шмат карыснай інфармацыі для работы. Конкурс даў стымул развівацца».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.