Молодые поставчане отправились на срочную военную службу и службу по контракту

Приграничье

Будзе нялёгка, але цяжкасцей не баімся. Так сцвярджалі маладыя пастаўчане, якія ў сераду адправіліся на тэрміновую ваенную службу і службу па кантракце.

1 лістапада ў 3.45 яны разам з роднымі сабраліся каля раённага ваеннага камісарыята. А ў 4.00 аўтобус з прызыўнікамі накіраваўся на зборны пункт абласнога ваенкамата, дзе іх размяркуюць на пункты пастаяннай дыслакацыі. Я сустракалася з будучымі абаронцамі Айчыны напярэдадні. У аўторак начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата Валерый Баравік правёў для іх стандартны інструктаж, адбылася зверка дакументаў. Ваенны камісар раёна Мікалай Кулік ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» уручыў хлопцам сувеніры.

Большасць з 16 першалістападаўскіх прызыўнікоў маюць вышэйшую адукацыю, многія з’яўляюцца выпускнікамі Беларускіх нацыянальнага тэхнічнага і дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэтаў. З дыпломамі інжынераў адправіліся ў армію Максім Шчогалеў, Ілья Сініца, Антон Гавароўскі, Уладзімір Кіш і іншыя.

 

23-гадовы Мікіта Крупадзё­раў з воінскай службай ужо крыху знаёмы: падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце прахо­дзіў асновы ваеннай справы на ваеннай кафедры. Таму яго армейскае жыццё будзе доўжыцца ўсяго паўгода. Па стане здароўя меў адтэрміноўку. Сёлета медыцынская камісія прызнала яго прыгодным да службы.

— Для кожнага мужчыны служба ў арміі — абавязак, — гаварыў Мікіта. — Афіцэрам Савецкай арміі быў дзед. Служыў і бацька Дзмітрый Пятровіч. Цяпер прыйшла мая чарга. Армія — гэта свое­асаблівы тэст на вытрымку, цярпенне, сілу волі. Спадзяюся, што здам яго на выдатна.

Мікіта працаваў у Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі. Служыць будзе ва ўнутраных войсках МУС у Астраўцы на ахове вельмі важнага аб’екта — Беларускай атамнай электрастанцыі. А дома яго нявеста Дар’я гэтым часам зоймецца падрыхтоўкай да вяселля.

З пазітыўным настроем адправіўся ў армію і Дзмітрый Дзявятнікаў. Ён з дзяцінства любіць музыку. Скончыў дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза, граў на кларнеце ва ўзорным духавым аркестры пад кіраўніцтвам Леаніда Косава.

— У рэпертуары аркестра шмат твораў ваеннай тэматыкі, — гаварыў Дзмітрый. — Леанід Уладзіміравіч — чалавек ваенны. І нас, хлопцаў, настройваў на службу ў арміі. Я скончыў Віцебскі дзяржаўны музычны каледж, паступіў у Беларускую акадэмію музыкі. Давучвацца буду праз паўтара года. Маю жаданне граць у ваенным духавым аркестры, але пакуль прызываюся на ахову БелАЭС. Упэўнены, што армейская загартоўка стане для мяне добрай школай.

Пастаўчане Уладзімір Зубко, Аляксандр Татарчук і Дзяніс Саўкоў пажадалі служыць па кантракце ў в/ч 74384 і 1-м РТЦ.

— Заўтра ў нас пачнецца новы этап у жыцці, — разважалі прызыўнікі. — Крыху трывожна. На першым часе, напэўна, будзе няпроста: прыйдзецца пераадольваць не толькі тыя складанасці, якія ўзнікнуць перад намі, але і папрацаваць над сабой, сваім характарам. Старэйшыя сцвярджаюць, што армейская служба загартоўвае, павышае адказнасць за свае ўчынкі. Мы таксама хочам стаць больш вынослівымі.

Гэтыя хлопцы ўжо змянілі цывільную вопратку на ваенную, красоўкі — на берцы і распачалі курс маладога байца: вучаць статут, адточваюць страявы крок і падцягваюць сваю фізічную форму. 25 лістапада ў іх хвалюючы момант — прыняцце прысягі на вернасць Радзіме. А затым армейскія будні будуць паступова набліжаць юнакоў да звальнення ў запас.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.