Ответственные работники СП «Дуниловичи-агро» Виктор Давгель и Дмитрий Соловей продолжают трудиться на пенсии

Сельское хозяйство

З першым намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам заварочваем на ферму «Кейзікі» СП «Дунілавічы-агра».

— Напэўна, ужо нікога не застанем, — з сумам у голасе кажа Эдуард Вальдэмаравіч, а ўбачыўшы «Амкадор», адзначае: — Найбольш адказныя — яшчэ на месцы.

Першым нас сустрэў Віктар Даўгель.

— Мне ідзе 72-і год, — расказваў. — Атрымаў права на пенсію і думаў, буду адпачываць. Але дырэктар папрасіў выйсці на пару дзён на работу — замяніць аднаго з механізатараў. Замяняў дзень, два, тыдзень. Урэшце ўгаварылі ўладкавацца зноў на пастаянна. Так і цягну лямку.

У маладосці Віктар Даўгель працаваў на хлебавозцы былога саўгаса «Старадворскі»: у той час гаспадарка абавязана была забяспечваць дастаўку хлеба ў мясцовы магазін. Потым быў вадзіцелем малакавоза. Пазней перайшоў у механізатары. Задзейнічалі яго на розных работах, у тым ліку ўбіраў на камбайне зерневыя і зернебабовыя. Заўсёды дабіваўся высокіх намалотаў. У Віктара Браніслававіча ёсць яшчэ два браты і сястра. Добра іх ведаю. Усе працавітыя, старанныя.

— За мной замацавалі «Амкадор», — працягваў ветэран працы. — Работы хапае. Асабліва ў час корманарыхтоўкі, жніва. Цяпер гружу кармы. З Дзмітрыем Салаўём клапоцімся, каб каровы былі накормленыя.

Дзмітрыя знайшлі ў памяшканні фермы. Ён падгортваў сянаж.

— Колькі ты, Дзмітрый, работ выконваеш? — пацікавіўся Эдуард Януковіч. — І кармы паспяваеш падвозіць, і тут гаспадарыць.

— А мне не цяжка, — сціпла адказаў чалавек. — Прайду па праходах, падкіну бліжэй, каб сянаж не марнаваўся і каровам было зручней яго паядаць.

— Няшмат ёсць такіх працавітых і адказных работнікаў, як Віктар Даўгель і Дзмітрый Салавей, — гаварыў дырэктар сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. — Быў выпадак, калі Браніслававіч на «Амкадоры» не паспяваў выканаць нейкую тэрміновую работу і атрымалася затрымка з загрузкай кармоў. Тады загружаў уручную і вазіў на ферму. Ён бачыць, дзе і што трэба падрамантаваць, і не чакае, пакуль яму скажаш, — зробіць адразу. Я заўсёды спакойны ў тым плане, што корм будзе прывезены і раздадзены своечасова.

Дзмітрый Салавей з братам-блізнюком Анатолем жы­вуць у бацькоўскім доме ў вёсцы Куніцкія. У свой час яны былі найлепшымі механізатарамі былога калгаса «Зара». Іх заўсёды ўшаноўвалі на раённых святах. Калі гаспадарку далучылі да райаграсэрвісу, і тут Салаўі вызначаліся руплівасцю. У снежні 2020 года аформілі льготную пенсію і вырашылі, што будуць займацца толькі ўласнай гаспадаркай: трымалі дзвюх кароў, авечак, курэй, апрацоўвалі 2 гектары зямлі. Якраз тым часам абодва падхапілі COVID-19, доўга лячыліся ў пастаўскай бальніцы. Добра, што даглядаць гаспадарку згадзіўся сябра. А вясной, калі здароўе нармалізавалася, дырэктар папрасіў замяніць механізатара, які захварэў. Параіўшыся, Анатоль застаўся дома, а Дзмітрый выйшаў на работу.

— Думаў, на месяц, а працую ўжо больш за два гады, — усміхаецца. — Люблю тэхніку, жывёлу. Кароў са свайго падвор’я мы, праўда, збылі. Засталіся толькі авечкі ды куры. Толя ў сезон збірае ягады, а я спяшаюся сюды. Летам быў заняты на розных работах. Трактару «МТЗ-320» 12 гадоў, тэхніку стараюся берагчы.

У Куніцкіх мясцовых жыхароў менш за дзясятак. Большасць пажылога ўзросту. Таму браты Салаўі для іх — палачкі-выручалачкі, якія ніколі нікому не адмовяць у дапамозе.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.