В хозяйствах Поставского района сельскохозяйственная техника отправилась на зимовку

Сельское хозяйство

Спала напружанне на палях, і сельскагаспадарчая тэхніка адправілася на зімоўку. Ад умоў яе захоўвання ў многім залежаць зніжэнне затрат на рамонт, абслугоўванне, эфектыўнасць эксплуатацыі ў далейшым. Што зроблена ў гаспадарках раёна па пастаноўцы тэхнікі, карэспандэнту «ПК» Анне Анішкевіч расказаў галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Павел Скрыдлеўскі:

— У полі яшчэ працуюць трактары з плугамі, што вядуць зяблевае ворыва, уносіцца арганіка. Асаблівасцю эксплуатацыі машын, задзейнічаных у сельскай гаспадарцы, з’яўляецца іх перыядычнае выкарыстанне і доўгае знаходжанне на захоўванні. Зернеўборачныя камбайны, напрыклад, працуюць у полі крыху больш за месяц. Як толькі жніво завяршаецца, камбайнеры аглядаюць машыны і рыхтуюць іх да зімы.

У гаспадарках раёна налічваецца крыху больш за 60 камбайнаў. Усе яны пастаўлены на захоўванне. У ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай» яны знаходзяцца ў закрытых памяшканнях. У ААТ «Сцяг Перамогі» і на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-­агра» — часткова пад навесам. У астатніх гаспадарках — пад адкрытым небам. Але там праведзены кансервацыя, герметызацыя, зняты састаўныя часткі і адпраўлены на склад.

Глебаапрацоўчыя агрэгаты, сеялкі звычайна задзейнічаны да 50 дзён за год. Астатні час стаяць на спецыяльна адведзеных пляцоўках.

— Тэрміны, у якія трэба паставіць тэхніку на зімовае захоўванне, вызначаны?

— Згодна з загадам першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, гэта трэба зрабіць да 1 снежня. Як я сказаў вышэй, усе камбайны і глебаапрацоўчыя, пасяўныя агрэгаты пастаўлены. Плугі — пакуль толькі на 30%. У раёне дзейнічае спецыяльная камісія, якая абследуе ўмовы працы механізатараў падчас рамонту тэхнікі. У гаспадарках створаны звенні па рамонце, адказныя за яго правядзенне.

Вызначаны і тэрміны рамонту. Да 24 сакавіка павінны быць гатовымі да работы глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, да 8 мая — корманарыхтоўчая тэхніка, да 5 ліпеня — зернеўборачныя і льноўборачныя камбайны, да 1 верасня — бульбаўборачныя.

— Павел Антонавіч, ведаю, што сёлета пэўную дапамогу механізатарам гаспадарак у справе пастаноўкі тэхнікі на захоўванне аказвалі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.

— Сапраўды. У навучэнцаў якраз была вытворчая практыка. Паколькі машынны парк каледжа невялікі, вырашылі адправіць іх на сельгаспрадпрыемствы, дзе яны бліжэй пазнаёміліся з механізатарскай прафесіяй, работай у майстэрнях. Хлопцы працавалі ў ААТ «Кураполле-агра», «Камайскі-­агра», «Ярэва-агра» і «Хацілы-агра». Памочнікі наводзілі парадак на мехдварах, ачышчалі агрэгаты ад гразі, травы, устанаўлівалі іх на спецыяльныя падстаўкі, бялілі колы, выконвалі іншыя работы. Для моладзі гэта першы вопыт, для аграрыяў — істотная дапамога.

— Рамонт тэхні­кі будзе весціся сіламі саміх гаспадарак?    

— У асноўным так. Боль­шасць механізатараў на сельгаспрадпрыемствах вопытныя. Яны добра ведаюць устройства тэхнікі. У дапамогу ім электрагазазваршчыкі, слесары, токары. Толькі складаныя вузлы і агрэгаты будуць адпраўлены ў спецыялізаваныя арганізацыі. Гэта Глыбоцкі аграсэрвіс, Віцебскі маторарамонтны завод, аблаграсэрвіс.

— А ці папаўняецца машынна-трактарны парк сельгас­прадпрыемстваў новай тэхнікай?

— У кастрычніку ў раён паступілі 4 новыя зерне­ўборачныя камбайны. Яны адправіліся ў ААТ «Янавіца-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Ярэва-агра» і на сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра». Пяць новых трактароў набыло ААТ «Хацілы-агра».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.