В районном краеведческом музее состоялось мероприятие, посвященное авиационной истории г. Поставы

История

На гэтым тыдні ў раённым краязнаўчым музеі адбылося мерапрыемства, прысвечанае авіяцыйнай гісторыі нашага горада.

Яго падрыхтавалі супрацоўнікі музея і ўдзельнікі клуба «Жывая гісторыя». Нагодай стала 100-я гадавіна з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, лётчыка 1 класа Льва Шчукіна, які з 1960 года па 1967-ы служыў у Паставах: спачатку памочнікам камандзіра 940-га знішчальнага авіяпалка, а з 1962-га — камандзірам.

Памяць пра лётчыка ўганаравана мемарыяльнай дошкай на доме №5 па вуліцы Зялёнай, у якім Леў Кірылавіч жыў. Але ці шмат мы ведаем пра героя? А трэба ведаць. Таму прысутныя на мерапрыемстве з цікавасцю слухалі аповед Наталіі Федаровіч пра жыццё і службу Льва Шчукіна, які суправаджаўся слайдамі, а ў заключэнне — і кадрамі дакументальнага фільма.

Ён нарадзіўся ў г. Нагінску Маскоўскай вобласці. У 1944 годзе скончыў Адэскую ваенную авіяцыйную школу пілотаў і трапіў у 13-ы запасны авіяцыйны полк у Бабруйску. Са жніўня 1945-га да лета 1952-га служыў у складзе 19-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка. У 1951 годзе Льва Шчукіна накіравалі ва ўрадавую камандзіроўку ў КНР. Здзейсніў 121 баявы вылет і правёў 37 паветраных баёў у небе КНДР, абараняючы народ Паўночнай Карэі ад налётаў авіяцыі ваенна-паветраных сіл ЗША і іх саюзнікаў. Збіў 17 самалётаў праціўніка. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, двума — Леніна (адзін — са званнем Героя Савецкага Саюза), медалямі «Залатая Зорка» і «За баявыя заслугі». ­Удзельнік паветранага парада 1 мая 1948 года ў Маскве.

У 1967 годзе гвардыі палкоўніка Шчукіна назначылі на пасаду намесніка начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі 26-й паветранай арміі. У якасці ваеннага саветніка служыў у В’етнаме і Егіпце.

Вось такая насычаная біягра­фія ваеннага лётчыка. Але не толькі пра яго ішла размова на мерапрыемстве. Прысутныя шмат даведаліся пра будаўніцтва і выкарыстанне аэрадрома ў Паставах, дзейнасць Пастаўскай авіяцыйнай школы пілотаў-бамбардзіроўшчыкаў і 43-га блізкага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка, які дыслацыраваўся ў нашым горадзе. Пра гэта расказалі дырэктар музея Аляксандр Кузняцоў і ўдзельнік пошукавага аб’яднання «Пошукавікі-даследчыкі», навучэнец СШ №4 імя В. Ф. Франтова Ілья Вілкойціс.

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Наталія Федаровіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.