У гады Вялікай Айчыннай вайны на долю жыхароў Пастаўшчыны, як і ўсёй Беларусі, выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў. Сотні ўраджэнцаў нашага краю змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах і на фронце, многія з іх загінулі. А колькі мірных жыхароў бязлітасна знішчылі акупанты! Памяць пра трагічныя старонкі мінулага, герояў і ахвяр вайны захоўваецца не толькі ў сэрцах іх нашчадкаў, але і ў помніках, абелісках. Догляд святых месцаў — гэта праява глыбокай павагі да гераічнага мінулага нашага народа і найлепшы спосаб выхавання любові да сваёй Радзімы.
На тэрыторыі Курапольскага сельсавета 9 воінскіх пахаванняў і абеліскаў у памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
— За кожным такім месцам замацаваны шэфы, на іх падтрымліваецца парадак, — расказвала старшыня сельскага Савета Лілія Гінько. — А падчас падрыхтоўкі да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі ім была нададзена асаблівая ўвага. Бясконца ўдзячная не толькі шэфам, але і кожнаму, хто выдзеліў сродкі, выканаў работы. Мне не адмовіў ніхто, да каго звярталася з просьбай. Дзякуючы агульным намаганням, зроблена многае. Выгляд некаторых помнікаў і абеліскаў змяніўся непазнавальна.
Асабліва шмат клопатаў узнікла пры абнаўленні абеліска ў Андронах, на якім два воіны трымаюць у руках пяцікутную зорку. Нават давялося звяртацца ў суседні, Мядзельскі, раён па дапамогу да скульптараў Віталія і Юліі Зубок. Яны адразу ж адклікнуліся і сказалі, што ім прыемна зрабіць што-небудзь карыснае да юбілею Вялікай Перамогі. Адрэстаўравалі, а па сутнасці — вылепілі па-новаму, твары воінаў. Работу выканалі якасна і ў сціслыя тэрміны. Пастаўскі прадпрымальнік Альберт Туронак два гады таму паклаў ля абеліска плітку, а сёлета пафарбаваў скульптуру і два пастаменты. Грошы на фарбу і аплату работ выдзеліў райвыканкам.
У Васілінах у гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала камсамольска-маладзёжнае падполле. У кнізе «Памяць» расказваецца пра тое, што маладыя людзі праводзілі агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод мясцовага насельніцтва, арганізоўвалі дыверсійныя і тэрарыстычныя акты: палілі масты, псавалі тэлефонную і тэлеграфную сувязь, забівалі здраднікаў. Аднак паліцыя выйшла на след патрыётаў. 2 ліпеня 1942 года падраздзяленне нямецкай жандармерыі ўварвалася ў Васіліны і арыштавала большасць падпольшчыкаў, якія не паспелі пайсці ў партызанскі атрад. Расстралялі не толькі іх, але і іх родных. Усе яны пахаваны на мясцовых могілках. А імёны тых васілінцаў, хто не вярнуўся з вайны, значацца на помніку, устаноўленым у вёсцы. Над яго ўтрыманнем шэфствуе райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Кожную вясну старшыня райкама Васілій Катовіч разам з навучэнцамі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа фарбуюць яго і наводзяць парадак на прылеглай тэрыторыі. Сёлета помнік памалявалі ў блакітны колер замест шэрага. Грошы на набыццё фарбы выдзеліла ДЭУ-33. Дарэчы, і другая пастаўская дарожная арганізацыя — ДРБУ-132 — таксама аказала сельскаму Савету спонсарскую дапамогу. Асобна варта сказаць пра юных памочнікаў. Актыўна далучыліся да добраўпарадкавання тэрыторый ля помнікаў і абеліскаў навучэнцы не толькі дзяржаўнага каледжа, але і пастаўскай СШ №3, Курапольскай базавай школы.
Помнік жыхарам Ярэва, якія загінулі на вайне, абнавілі сённяшнія абаронцы Айчыны — ваеннаслужачыя мясцовай пагранічнай заставы. Ніколі не ўзнікае праблем з утрыманнем помнікаў у Хацілах і Целяках, над якімі шэфствуе ААТ «Хацілы-агра». Яны заўсёды знаходзяцца ў добрым стане. Кіраўнік гаспадаркі асабіста надае гэтаму вялікую ўвагу. Добраўпарадкаваны напярэдадні юбілейнай даты і месцы вечнага спачыну воінаў, у тым ліку «афганцаў», у Сіўцах, Турлах, Волахах, Васілінах.
У паэме Роберта Раждзественскага «Реквием» ёсць такія радкі: «Вспомним всех поимённо,/ Горем вспомним своим./Это нужно — не мёртвым!/ Это надо — живым!». Вось і помнікі, абеліскі патрэбныя як цяперашняму пакаленню, так і будучаму. Каб людзі памяталі імёны тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць, каб маглі прынесці кветкі да святога месца, уславіць герояў, пасмуткаваць па ахвярах, пастаяць у маўчанні. Як гэта было і падчас святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Лілія Гінько




