Старейшина аг.Дуниловичи Инна Русецкая: «Чтобы требовать, нужно показать пример!»

Общество

Каго выбіраюць старэйшынам вёскі? Безумоўна, чалавека аўтарытэтнага і ініцыятыўнага. Менавіта такой з’яўляецца Іна Русецкая з аграгарадка Дунілавічы.

Жанчыне 48 гадоў, і яна многага дасягнула ў жыцці. На маю думку, самае галоўнае, што нара­дзіла і выхавала з мужам пяцярых дзяцей, удастоена ордэна Маці. Трое старэйшых набылі запатрабаваныя прафесіі, жывуць і працуюць у Санкт-Пецярбургу і Мінску, адзін сын вучыцца ў Акадэміі сувязі, самы малодшы заканчвае сярэднюю школу. Русецкія трымаюць на сваім падвор’і карову і іншую жыўнасць, вырошчваюць багаты ўраджай агародніны. Летам іх дом узорнага парадку (пра што сведчыць і шыльда на будынку) патанае ў кветках.

Працоўную дзейнасць Іна пачынала ў сельскай гаспадарцы, а летам 2013-га перайшла на культурную ніву. Спачатку была мастацкім кіраўніком у Дунілавіцкім Доме культуры, а праз 3 гады яе назначылі загадчыцай гэтай установы. Разам з іншымі супрацоўнікамі гуртуе вакол Дома культуры захопленых творчасцю людзей, рыхтуе розныя мерапрыемствы. Работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці неаднойчы выступалі з канцэртамі не толькі ў аграгарадку, але і ў вёсках, на сельскагаспадарчых кірмашах у Паставах, падворку Дунілавіцкага сельскага Савета падчас Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», а сёлета яшчэ і на «Бульбяным фэсце» ў Віцебску.

Іна Русецкая пастаянна ў гушчыні жыцця. А калі яе ў 2019 годзе выбралі старэйшынам Дунілавіч, клопатаў стала яшчэ больш.

— Шчыра прызнаюся: такая «пасада» мяне не парадавала, — расказвала жанчына. — Наш аграгарадок вялікі — 254 двары. Людзі розныя, для ўсіх добрай не будзеш, а незадаволеныя чым-небудзь заўсёды знойдуцца. Але разумела і іншае: давер трэба апраўдваць.

— І Іна Станіславаўна яго апраўдвае, — засведчыла старшыня Дунілавіцкага сельскага Савета Таіса Баторы. — Яна з’яўляецца не толькі старэйшынам, але і дэпутатам сельскага Савета. Адказная, мэтанакіраваная. На яе можна разлічваць у любой сітуацыі. Яна пастаянна кантактуе з жыхарамі аграгарадка, дапамагае ім выра­шаць розныя праблемы. Паказвае прыклад добраўпарадкавання на ўласным двары і ля Дома культуры, патрабуе гэтага ад іншых.

Працягваючы тэму, сама ста­рэйшына расказвала:

— Люблю, каб усюды быў парадак. Убачу, што які-небудзь двор зарастае травой, і сарамачу гаспадароў. Кажу: «Паглядзіце на сваіх пажылых суседзяў. У іх жа ўсё абкошана, пасаджаны кветкі, а ў вас буяе трава». Настойваю, каб абкасілі.

Добраўпарадкаванне застаецца на парадку дня з ранняй вясны да позняй восені. Па некалькі разоў за сезон у аграгарадку праводзяцца суботнікі. Сёлета падчас іх высаджана 15 дрэў, добраўпарадкаваны сквер ля Дома культуры, наведзены парадак на вуліцы Аляксандра Бульбянова, пасаджаны кветкі ля помніка загінулым землякам у скверы. Шмат давялося папрацаваць на ўчастку за былым магазінам гаспадарчых тавараў. Магазін даўно закрыты, а тэрыторыя за ім зарасла хмызняком, яе закідалі розным смеццем. Карціна была вельмі непрыгляднай. Работнікі культуры і сельскага Савета навялі парадак і тут.

Сёлета ў Дунілавічах зроблена рэканструкцыя 3,7 кіламетра лініі электраперадачы, пабудавана 9 150 метраў размеркавальных газавых сетак – у аграгарадок прыйшоў газ, у цэнтры на 80 метрах укладзена тратуарная плітка, адрамантавана вуліца М. Горкага, заасфальтавана 1,15 кіламетра вуліцы Школьнай, якая вядзе да хутара Новыя Ясневічы, дзе размяшчаецца псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Узнікалі перабоі ў электразабеспячэнні — і людзі, асабліва пажылыя, турбавалі з гэтай прычыны старэйшыну. А яна, у сваю чаргу, звярталася ў РЭС. Не ўсіх задавальняе графік работы аддзялення паштовай сувязі ў Дунілавічах з 8.30 да 14.30. Хацелася б, каб яго перагледзелі.

Узнікаюць і розныя іншыя пытанні. Адны вырашаюцца на месцы, пра іншыя старэйшына інфармуе сельскі Савет або раённыя службы. Такім чынам, з’яўляецца сувязным звяном паміж жыхарамі аграгарадка і органамі ўлады.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.