Татьяна Дюшко: «Быть депутатом — не привилегия, а ответственность»

Местная власть

Таццяне Дзюшко ўсяго 41 год, а яна — самы запатрабаваны ў Ляхаўшчыне чалавек. І не толькі таму, што загадвае мясцовым ФАПам, але і з’яўляецца старэйшынам вёскі, дэпутатам Дунілавіцкага сельскага Савета.

Яна і нарадзілася ў гэтай вёсцы. Калі на прыём прыходзяць людзі старэйшага пакалення, то кажуць: «Танечка, не будзем называць цябе Мар’янаўнай. Ты ж вырасла на нашых вачах». Для адных яна па ўзросце дачка, для іншых — унучка. Але ўсе з аднолькавай павагай ставяцца да Таццяны.

Па-першае, у Дзюшко добрая сям’я. Разам з мужам Генадзіем, які працуе ляснічым Дунілавіцкага лясніцтва, выхоўваюць дваіх годных дзяцей. Сын Саша ходзіць у 11 клас і збіраецца паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, дачушка Каця — пяцікласніца. Дапамагаюць бацькам падтрымліваць узорны парадак у доме і двары, а таксама ўпраўляцца з жыўнасцю, якой нямала на падвор’і.

Па-другое, у Таццяны самая запатрабаваная прафесія. Ляхаўшчынскі ФАП, якім яна загадвае, абслугоўвае 190 чалавек. З 1 жніўня бягучага года да яго далучана тэрыторыя Казлоўшчынскага сельсавета. А гэта яшчэ 190 чалавек. Уяўляеце, які аб’ём работы ў сельскага медыка?

Па-трэцяе, Таццяна вель­­мі ўважліва ставіцца не толькі да здароўя вяскоўцаў, але і да ўсіх іх надзён­ных патрэб. У полі яе зроку вулічнае асвятленне, гандлёвае абслугоўванне, добраўпарадкаванне, жыццезабеспячэнне адзінокіх пажылых і многае іншае.

— З чым бы чалавек ні прыйшоў да мяне, стараюся дапамагчы, — расказвала Таццяна Мар’янаўна. — Найперш звяртаюся да старшыні сельскага Савета Таісы Баторы і заўсёды атрымліваю ад яе падтрымку.

У верасні Таццяна Дзюшко перанесла аперацыю і пакуль што знаходзіцца на бальнічным. У гэтыя дні праходзіць рэабілітацыю ў Юрцаве. Вяскоўцы з нецярпеннем чакаюць вяртання свайго фельчара і дэпутата. А пакуль трымаюць з ёй сувязь па тэлефоне.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.