Акция «От всей души» продолжает дарить радость пожилым людям Поставщины

Общество

Акцыя «Ад усёй душы»

Па-сямейнаму цёпла прайшло мерапрыемства ў лынтупскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі.

У госці да пастаяльцаў прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Седзюкевіч і дырэктар ТЦСАН Марыя Курто. Прыйшлі таксама наведвальнікі мясцовага аддзялення дзённага знахо­джання тэрытарыяльнага цэнтра і вучні лынтупскай школы. Прадстаўнікі малочнага завода арганізавалі дэгустацыю ўласнай прадукцыі і ўручылі ўсім пастаяльцам падарункі.

«Старасць не радасць», — ка­жуць у народзе. Асабліва цяжка на схіле гадоў застацца сам-насам са сваімі хваробамі, немаччу, жыццёвымі праблемамі. Добра тым, у каго блізка ёсць дзеці, унукі. А калі з родных побач нікога? Тады на дапамогу прыходзіць дзяржава. Адзінокіх састарэлых ахінаюць сваім клопатам сацыяльныя работнікі. Не ў стане чалавек жыць адзін — знахо­дзіць­ прытулак у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Вядома, гэта не родная хата, але работнікі ўстановы стараюцца сагрэць сэрцы людзей ласкай. Нягледзячы на паважаны ўзрост, большасць з іх тут вядуць актыўны лад жыцця: займаюцца скандынаўскай хадзь­бой, наведваюць розныя гурткі, чытаюць кніжкі, спяваюць.

Фота Валянціны Асіпенкі

Лынтупскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання пачало функцыянаваць больш за 14 гадоў назад. Цяпер тут пражывае 28 чалавек. Сярод першых яго насельнікаў — Ніна Каравацкая і Мар’ян Бабіч. Яны задаволеныя ўмовамі, адносінамі персаналу, які замяніў ім родных. У ­аддзяленні клапоцяцца пра здароўе пастаяльцаў.

Галіне Голубевай 96 гадоў. Яна — былы вязень фашысцкага канц­лагера. Пахавала сына і была вымушана папрасіцца ў аддзяленне. Складана стала жыць аднаму і лынтупчаніну Івану Жыгеру. Дзеці хацелі забраць бацьку да сябе ў Літву. Але не так проста ў суседняй краіне атрымаць на гэта дазвол і аформіць адпаведныя дакументы. На дапамогу прыйшла сацыяльная служба: чалавек не застаўся без апекі.

— Тыя, хто ў нас пражывае, вельмі любяць гасцей, — гаварыла загадчыца аддзялення Валянціна Асіпенка. — Заўсёды рады валанцёрам сярэбранага ўзросту з аддзялення дзённага знаходжання, вучням мясцовай школы, ксяндзу Аляксандру. Перад праваслаўнымі святамі прыязджае айцец Валерый. Усім хочацца ўвагі ў гэтыя святочныя дні. Акцыя «Ад усёй душы» — своеасаблівы марафон добрых спраў, магчымасць падарыць адзінокім хвіліны радасці.

Весела было ў аддзяленні і 4 студзеня. З навагодняй забаўляльнай праграмай тут выступілі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН. Разам спявалі і нават танцавалі. Вучні лынтупскай школы пад кіраўніцтвам завуча Валянціны Руткоўскай падрыхтавалі каляднае прадстаўленне. Твары пастаяльцаў свяціліся ўсмешкамі. А гэта найвышэйшая ўзнагарода для арганізатараў свята і гасцей.

І на хутар завіталі

Ірэна Лявіцкая, якой у лютым споўніцца 90 гадоў, жыве ў Каралінове. У той пераднавагодні дзень нікога не чакала. Ды і хто да яе можа прыйсці, калі паблізу ні жывой душы?

І раптам дзверы адчыніла сацыяльны работнік Святлана Турла. Доўгажыхарка абрадавалася яе няпланаваму візіту. А тая завітала не адна, а разам з Дзедам Марозам і Снягуркай. Трэба было бачыць захапленне ў вачах гаспадыні, калі госці пераступілі парог хаты. Вось дзе сапраўдны навагодні цуд!

У казачных герояў пераўвасобіліся дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Грыгорый Шэцка і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы Лілія Літвіновіч.

Фота даслала Лілія Літвіновіч

— Калі ў краіне стартавала акцыя «Ад усёй душы», члены нашай пярвічкі вырашылі зрабіць падарунак якой-небудзь адзінокай бабулі, — расказвала Лілія Літвіновіч. — У ТЦСАН папрасілі спіс такіх грамадзян і выбралі Ірэну Мартынаўну. З мужам у шлюбе яна пражыла больш за 60 гадоў. Дзяцей ім Бог не даў. Абое ў свой час працавалі ў жывёлагадоўлі. Калі гаспадыня засталася ўдавой, упраўляцца з усімі справамі стаў дапамагаць сацыяльны работнік. Адзіноту Мартынаўна запаўняе ўспамінамі пра нялёгкае, але шчаслівае мінулае.

Дзед Мароз і Снягурка павіншавалі доўгажыхарку вершамі, уручылі падарункі. А затым пасядзелі і шчыра з ёй пагутарылі. Вяскоўка дзякавала за тое, што не абмінулі яе хату, за прыемны сюрпрыз і прэзенты.

— Нам было вельмі цікава пагутарыць з Ірэнай Мартынаўнай, — гаварыла Лілія Літвіновіч. — Мы паслухалі яе ўспаміны, распыталі, у чым мае патрэбу. Вясковыя людзі не патрабавальныя, а ўдзячныя.

Акцыя «Ад усёй душы» напамінае нам пра тое, што неабходна шанаваць старэйшае пакаленне. У сілах кожнага з нас зрабіць так, каб адзінокія людзі былі ахінутыя клопатам. Іх жыццёвы вопыт неабходны нам, нашчадкам, для новых дасягненняў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.