Напрыканцы лютага ў нашым горадзе адбылося ўрачыстае адкрыццё культурнай сталіцы. Ветэрана працы Ірыну Касаткіну запрасілі на гэта мерапрыемства невыпадкова: яна на працягу 15 гадоў загадвала аддзелам культуры Пастаўскага райвыканкама.
— Тое, што сёлета нашы Паставы атрымалі статус культурнай сталіцы, мяне вельмі ўзрадавала, — прызналася Ірына Канстанцінаўна. — Гэта заслужана. У нашага раёна багатая гісторыя, унікальныя народныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Вось і на адкрыцці культурнай сталіцы пастаўчане паказалі сябе ярка, творча, таленавіта. Зрэшты, культурнае жыццё ў нашым краі заўсёды было насычаным і разнастайным. Мне ёсць што ўспомніць і з чым параўнаць.
Аддзел культуры райвыканкама яна ўзначаліла ў 1973 годзе (да гэтага працавала піянерважатай у лынтупскай школе, сакратаром камсамольскай арганізацыі ў пастаўскай СШ №1, загадвала аддзелам школьнага жыцця райкама камсамола).
— Пачынаць у культуры было боязна, — успамінала. — Тым больш што мне было ўсяго 27 гадоў. Але мяне падтрымалі ў райкаме партыі і ў райвыканкаме, а таксама вопытныя супрацоўнікі аддзела. У раёне дзейнічалі дзясяткі клубаў і бібліятэк. Да ўсіх трэба было даехаць, а з транспарту ў аддзеле меўся толькі пазік. Неўзабаве райвыканкам выдзеліў «Жыгулі», якія ўжо некалькі гадоў эксплуатаваліся ў іншым аддзеле.
У тыя гады шмат моладзі збіралася на танцы ў гарадскі парк. А ладзіліся яны ў вельмі непрыглядным барачным памяшканні. Сорам, дый толькі! Узяліся за будаўніцтва летняга амфітэатра. І ўзвялі яго. Пачалі праводзіць у парку маштабныя святы, на якіх ушаноўвалі перадавікоў працы. Зараз, напэўна, гэта цяжка ўявіць, але тады на сцэне амфітэатра выступаў тысячны зводны хор. А яго ж трэба было сабраць з усяго раёна, адрэпеціраваць песні. На цэнтральнай плошчы горада 1, 9 мая і 7 лістапада ярка праходзілі тэатралізаваныя шэсці. Ды і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў ладзілася як у райцэнтры, так і ў сельскай мясцовасці. Здабыў славу Груздаўскі цымбальны аркестр, які выступаў нават у Ташкенце і на крамлёўскай сцэне.
— Сёння ўжо і не ўспомніць усяго, што адбывалася на культурнай ніве раёна, — працягвала Ірына Касаткіна. — Той перыяд маёй працы быў нялёгкім, але самым насычаным. У райцэнтры адкрылі краязнаўчы музей і мастацкую школу, музычную перавялі ў іншы будынак, умацоўвалі матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх устаноў культуры, стваралі новыя самадзейныя калектывы.
У 1986 годзе Ірына Касаткіна ўзнагароджана значком Міністэрства культуры СССР «За выдатную работу».
А колькі грамат рознай вартасці яна атрымала за гады сваёй плённай працы! І не толькі ў культуры. У 1991-м яе назначылі ўпаўнаважаным па Пастаўскім раёне абласнога філіяла Пенсійнага фонду СССР (пазней — Пастаўскі раённы аддзел Віцебскага абласнога ўпраўлення ФСАН). У ім адпрацавала 14 гадоў, у тым ліку 9 з іх, да выхаду на пенсію, узначальвала. Работа тут была больш празаічнай, але вельмі патрэбнай і адказнай. Пастаўскі аддзел фонду заўсёды быў у ліку найлепшых у вобласці.
Ірына Канстанцінаўна ўжо шмат гадоў на пенсіі, але яе і сёння з удзячнасцю ўспамінаюць у калектывах, дзе працавала. Пра гэта гаварылі, віншуючы імянінніцу і ўручаючы ёй Падзяку старшыні райвыканкама і падарункі, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і начальнік Пастаўскага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення ФСАН Іна Саковіч. А з аддзела культуры райвыканкама юбілярцы перадалі шыкоўны букет.
Першымі ж па відэасувязі павіншавалі бабулю з юбілеем унучкі Каця і Юля, якія з сем’ямі жывуць за мяжой. Кветкі і падарункі ад іх даставіў кур’ер. А вось кватэра дачкі Алены — у тым жа мікрараёне па вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры, дзе і маці. Алена загадвае псіханеўралагічным аддзяленнем АДРАЦ «Ветразь». Яна частая госця ў мамы, у іх шмат агульных клопатаў.
Як толькі наступае вясенняе цяпло, Ірына Канстанцінаўна перабіраецца з кватэры ў бацькоўскі дом па вуліцы Маякоўскага. Там кветкі, парнік, агарод, там заўсёды хапае працы на зямлі. Вось і зараз на падаконніках зелянее і набіраецца моцы расада перцаў ды памідораў. У тым, што гаспадыня і сёлета вырасціць багаты ўраджай агародніны, сумнявацца не прыходзіцца, бо яна ўсё робіць з поўнай аддачай. То няхай жа і сіл у яе хапае на ўсё.
Фаіна Касаткіна





