Для начальника ПАСЧ №1 РОЧС Сергея Кадушкевича 19 января — особенная дата

Безопасность Важное

Для начальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці 1 Пастаўскага РАНС Сяргея Кадушкевіча 19 студзеня — асаблівая дата. І не толькі таму, што гэта дзень яго прафесійнага свята. Два гады назад акурат на Вадохрышча Сяргею Аляксандравічу прысвоілі званне старшага лейтэнанта ўнутранай службы, а любімая жонка падарыла другую дачушку. Ну а сёлета 19 студзеня мужчына едзе ў Мінск, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны датэрмінова атрымае з рук міністра па надзвычайных сітуацыях краіны Вадзіма Сіняўскага пагоны капітана.

Быць афіцэрам Сяргей марыў з дзяцінства. Закончыўшы школу, двойчы паступаў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Але абедзве спробы аказаліся няўдалымі. І, каб не губляць час, юнак падаў дакументы ў пастаўскі каледж, пасля заканчэння якога паступіў у тэхналагічны каледж у Віцебску на тэхніка-тэхнолага дрэваапрацоўчай вытворчасці. Паралельна ўладкаваўся па спецыяльнасці ў Пастаўскі мэблевы цэнтр, дзе адпрацаваў 4 гады.

Аднойчы кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзіла на ПМЦ вучэнні ратаўнікоў. Назіраючы за імі, Сяргей пацікавіўся ў знаёмых, ці не патрэбныя ў РАНС работнікі. Аказалася, вакансіі ёсць. І 12 ліпеня 2012 года высокага, спартыўнага хлопца, які без праблем прайшоў медкамісію, залічылі ў штат аддзела.

Пачынаў майстрам-ратаў­ніком аддзялення хімічнай і радыяцыйнай абароны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1. У працэсе службы паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-тэхнолага па дрэваапрацоўцы. Зрабіў гэта з разлікам на будучыню: каб пасля выхаду на пенсію без праблем знайсці работу. Затым была вучоба ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, падчас якой прапанавалі ўзначаліць пажарны аварыйна-выратавальны пост у Варапаеве. Адпрацаваў там два гады, да назначэння ў лістападзе 2022 года начальнікам ПАВЧ №1.

За амаль 12 гадоў службы Сяргею Кадушкевічу дзясяткі разоў даводзілася выязджаць на ліквідацыю розных надзвычайных сітуацый. Працягвае рабіць гэта і зараз, кіруючы работай ратаўнікоў. На яго рахунку нямала выратаваных чалавечых жыццяў. І кожны такі выпадак мужчына добра памятае.

— Аднойчы з вуліцы Юбілейнай паступіла паведамленне, што з кватэры на 5-м паверсе шматпавярховага дома цягне дымам і чуваць дзіцячыя крыкі, — расказваў ён. — Выехаўшы ў складзе дзяжурнай змены па названым адрасе, я пад уздзеяннем адрэналіну з 2-3 удараў ломам узламаў уваходныя металічныя дзверы і ўскочыў у кватэру. Адно дзіця знайшоў у шафе, другое — пад ложкам. На шчасце, абое былі жывыя. Аказалася, пакуль бацькі былі на рабоце, а бабуля, якая прыглядвала за малымі, адлучылася ў медустанову, тыя запалілі туалетную паперу, ад якой пачаў тлець дыван на падлозе.

Або іншы выпадак. На вуліцы Вакзальнай у Паставах гарэў дом. Зайшоўшы ў яго, Сяргей убачыў, што недалёка ад увахода ляжыць чалавек. Схапіў і адной рукой выцягнуў непрытомнага на вуліцу. А затым у ахопленым полымем пакоі намацаў рукой другога чалавека, якога вынес з будынка і перадаў медыкам хуткай дапамогі. Абодва мужчыны, акрамя таго, што надыхаліся чаднага газу, знахо­дзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

— Прыемна, калі ўдаецца выратаваць жыццё чалавеку, нягледзячы на тое, які сацыяльны статус ён мае, — гаварыў Сяргей Кадушкевіч. — Што да пажараў, то сярод іх няма аднатыпных, кожны чымсьці адметны. Здавалася б, гарыць дом. Але абстаноўка на месцы бывае рознай. Асабліва небяспечныя газавыя балоны. У Лынтупах быў выпадак, калі аднаму з зявак, што стаялі за 50 метраў і назіралі за пажарам, лістом ад газавага балона, які ўзарваўся і раскрыўся, адрэзала нагу ніжэй за калена. Калі ты едзеш на чале змены, разумееш, што нясеш адказ­насць не толькі за тушэнне, але і за тых, хто побач, за ўвесь асабісты склад, каб ніхто не атрымаў траўмы і не загінуў. Таму што можна паслізнуцца і ўпасці з даху, праваліцца ў прагар у дом або ў склеп. Аднаго разу зімой я сам праваліўся ў ледзяны калодзеж, які быў прыкрыты лістом шыферу і прысыпаны снегам.

І хоць падчас пажараў і іншых надзвычайных сітуацый нярэдка даводзіцца рызыкаваць жыццём, выязджаць на іх Сяргею падабаецца больш, чым працаваць з дакументамі. А папяровай работы на цяперашняй пасадзе ў мужчыны хапае, бо ў падпарадкаванні — 38 чалавек, замацавана нямала тэхнікі і іншай маёмасці часці.

— З першых дзён службы Сяргей Аляксандравіч зарэкамендаваў сябе як адказны, добрасумленны работнік, — характарызаваў яго намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ігар Януковіч. — Таму, калі скончыў БДТУ, рэкамендавалі паступіць у Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі УГА МНС, а затым назначылі начальнікам паста ў Варапаеве. І там адразу пачаліся станоўчыя змены: павялічылася майстэрства ратаўнікоў, палепшылася боегатоўнасць падраздзялення, вялікая работа была праведзена па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы паста. Гэтак жа добра спраўляецца Сяргей са сваімі абавязкамі на пасадзе начальніка часці. За высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці кіраўніцтва райаддзела вырашыла прадставіць яго да прысваення чарговага спецыяльнага звання «капітан унутранай службы» датэрмінова. Нашу ініцыятыву падтрымаў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС і адобрыў міністр па надзвычайных сітуацыях краіны.

Да слова, два гады назад Вадзім Сіняўскі падпісваў загад аб узнагароджанні Сяргея Кадушкевіча юбілейным медалём «20 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.