«От всей души». Колядовщики посетили разные уголки г. Поставы и подарили людям праздник

Общество

«Каляды без калядоўшчыкаў — што зіма без снегу», — кажуць у народзе. На жаль, цяпер іх сустрэнеш рэдка. А ў пастаўскім аддзяленні дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН калядаванне ладзіцца не першы год. Вось і сёлета яно прайшло ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы». Наведвальнікі аддзялення ў касцюмах казачных герояў разам з Дзедам Марозам і Снягуркай (а гэта валанцёры — навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Аляксей Талайка і Карына Пацэвіч) пабывалі ў гімназіі, аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, рэабілітацыі і абілітацыі ­ТЦСАН. А ў сераду весялілі жыхароў дома №12 «Б» па завулку Савецкім і бліжэйшых. Пажылыя людзі цёпла сустракалі калядоўшчыкаў, а яны радавалі іх традыцыйнымі спевамі і гульнямі.

— Ідэя прыйсці да жыхароў гэтага дома нарадзілася тады, калі я як асістэнт дапамагала інваліду I групы па зроку Тадэвушу Пусько, пакуль яго жонка знаходзілася на аперацыі, — расказвала спецыяліст ТЦСАН Аксана Дробышава. — Ідучы да падапечнага, у двары сустракала немаладых жанчын. Некаторыя з іх раней наведвалі наша аддзяленне. Цяпер па стане здароўя рабіць ім гэта стала складана. І я прапанавала, каб калядоўшчыкі завіталі да іх. Яны з радасцю ўспрынялі гэта. Разам з іншымі работнікамі аддзялення мы ўстанавілі каля дома ёлачку і зладзілі каля яе свята.

Каларытна выглядалі ў касцюмах Казы, Зорканошы, Мядзве­дзя, Цыгана валанцёры сярэбранага ўзросту Марыя Грыбоўская, Ніна Торапава, Таццяна Федаровіч, Іван Маслюк. Апошні да таго ж ствараў атмасферу свята музыкай. Ролю Цыганкі выканала Аксана Дробышава, Гаспадыні — Людміла Чатовіч.

— Праводзячы падобныя мерапрыемствы, мы імкнёмся адраджаць і захоўваць беларускія народныя традыцыі і святы, папулярызаваць, асабліва сярод моладзі, духоўную спадчыну продкаў: яны павінны яе ведаць і шанаваць, — гаварыла Людміла Чатовіч, якая ўсё жыццё адпрацавала ў сферы культуры раёна, а цяпер з’яўляецца актыўнай наведвальніцай дзённага аддзялення ТЦСАН.

Павадзіўшы карагод вакол ёлкі, павесяліўшыся, людзі не спяшаліся разыходзіцца. Успаміналі дзяцінства і маладосць, у якія вярнулі іх калядоўшчыкі. А некаторыя сталі запрашаць казачных герояў заглянуць у іх кватэры, бо там чакалі хворыя, якія не выхо­дзяць з дому. І тыя, як дзеці, шчыра радаваліся сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай, дзякавалі за ўвагу.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.