21 февраля — День работников землеустроительной и картографо-геодезической службы

Общество

Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы.

Штат землеўпарадкавальнага аддзела Пастаў­скага райвыканкама невялікі — 5 чалавек, але ўсе яны сапраўдныя прафесіяналы. Адзін з іх — Аляксей Латушкін, які ў землеўпарадкавальнай службе ўжо 27 гадоў.

— Пасля заканчэння Гро­дзенскага сельскагаспадарчага інстытута і тэрміновай службы ў арміі ў лютым 1997-га я ўладкаваўся землеўпарадкавальнікам у Дунілавіцкі сельскі Савет, — узгадвае Аляксей Барысавіч. — Праз некалькі гадоў давялося абслугоўваць яшчэ і Валкоўскі, Навасёлкаўскі, Казлоўшчынскі сельсаветы. Работы было вельмі многа, стараўся з усім спраўляцца.

Тут варта нагадаць, што раней у штаце кожнага сельскага Савета меўся землеўпарадкавальнік. Але паступова вёскі сталі пусцець, асабістых гаспадарак станавілася ўсё менш, а калектыўныя ўзбуйняліся. У выніку такія штатныя адзінкі ў сельскіх Саветах скарацілі, а землеўпарадкаваннем сталі займацца адпаведныя аддзелы, створаныя ў райвыканкамах. У іх функцыі ўвахо­дзіць выдзяленне ўчасткаў ва ўласнасць або ў пажыццёва-спадчыннае ўладанне ці пастаяннае карыстанне, падрыхтоўка да разгляду зямельных спрэчак і зваротаў, ажыццяўленне кантролю за выкарыстаннем зямель і іншае.

Зямля — найвялікшае багацце, і вельмі важна рацыянальна яе выкарыстоўваць. Высокая адказнасць землеўпарадкавальнікаў, бо ад дакладнасці работ, якія яны выконваюць, залежыць вельмі многае, у тым ліку і праца іншых спецыялістаў. Кожны будынак, дарога, паварот, канал маюць свае каардынаты. На карце іх знаходжанне павінна быць нанесена дакладна. Калі каардынаты вызначаны няправільна, у далейшым гэта можа выклікаць зямельныя спрэчкі.

Характарызуючы работу свайго намесніка Аляксея Латушкіна, начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Алена Іванькова падкрэсліла яго адказнасць, ініцыятыў­насць, таксама не прамінула адзначыць старанне галоўных спецыялістаў аддзела Ніны Зілгалавай, Наталлі Брысь, Мікалая Жолнера, з удзячнасцю гаварыла пра ўклад у агульную справу ветэранаў аддзела, якія ўжо на заслужаным адпачынку.

Аляксей Латушкін працуе з юрыдычнымі асобамі — рыхтуе рашэнні па выдзяленні або адабранні зямель, пераходзе праў, змяненні мэтавых назначэнняў, устанаўленні фіксаваных межаў зямельных участкаў, іх легалізацыі. Прызнаецца, што часта даводзіцца працаваць з рашэннямі нават дома.

А яго дом знаходзіцца ў Дунілавічах, якія за 35 кіламетраў ад райцэнтра і адкуль ён кожны дзень едзе сюды на работу. У суседняй вёсцы — Сяргеевічах — жывуць яго і жончыны бацькі. Такім чынам, і фізічнай работы на сваім і прыся­дзібных участках бацькоў Аляксею хапае. Але гэта яму ў радасць. Засмучае іншае — калі бачыць занядбаныя ўчасткі зямлі. На тое, каб яна не пуставала, а выкарыстоўвалася рацыянальна, і накіравана работа спецыяліста і яго калег.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.