8 февраля старейшая жительница Поставщины Валентина Рыбцова из Лынтуп отметила 105-й день рождения

Общество

Пераступаем парог дома доўгажыхаркі. Яна сустракае за накрытым святочным сталом, прыглядаецца да гасцей. Сярод іх — начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар ТЦСАН Марыя Курто, загадчыца лынтупскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Таццяна Валуевіч. Юбілярка ўважліва ўслухоўваецца ў віншаванні, тлумачыць, што дрэнна бачыць і чуе, але здзіўляе сваёй светлай памяццю.

—Аляксандр! — адразу пазнае старшыню мясцовага сельскага Савета Аляксандра Макаранку, калі той уручае ёй падарунак. — Рада, што прыехалі. Кранутая ўвагай. Дзякуй усім!

Першая сусветная вайна закінула яе бацьку ва Украіну. Быў цяжка паранены і лячыўся ў шпіталі ў Харкаве. Там яму прыглянулася маладзенькая ўкраінка, з якой і ажаніўся. У Славянску нарадзілася іх першая дачушка. Назвалі Валяй. Дзяўчынцы было тры гады, калі сям’я пераехала ў Беларусь — у засценак Васкаўшчызна, што на Лынтупшчыне. Тут нарадзіліся яшчэ дзве Валіны сястры і брат. Як старэйшая Валя дапамагала іх гадаваць і марыла вучыцца. Першай прыступкай на шляху да мары былі 7 класаў польскай школы. Праз пэўны час скончыла настаўніцкія курсы ў Свянцянах і стала выкладаць рускую і польскую мовы.

—Так даўно гэта было! А памятаецца добра, — гаварыла доўгажыхарка. — Нялёгкі час выпаў майму пакаленню: вайна, аднаўленне разбуранай ворагам гаспадаркі. Але ў маладосці ўсе цяжкасці пераадольвалі з энтузіязмам.

З мужам,  ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, Валянціна Іванаўна пражыла 64 гады. Ужо 10 гадоў, як удава. Два гады таму ад COVID-19 памерла дачка, што жыла ў Літве. Сын доўгажыхаркі — у Падмаскоўі. Часта тэлефануе, прыехаў да маці на такі важкі юбілей.  Не забываюць бабулю ўнукі і праўнукі.

Найбольш доўгажыхароў жыве на Віцебшчыне: 80 з іх перасягнулі 100-гадовы рубеж.

Юбілярка ўспамінала ваеннае ліхалецце, гады працы ў школах у Вайшкунах і Пешкаўцах, калег і сваякоў. На пытанне, якія хваробы даймаюць, адказала: “У мяне адна — старасць! Яна забрала ўсе сілы”. Тым не менш у бальніцы Валянціна Рыбцова ляжала толькі тады, калі нараджала дачку і сына. Не паддалася і каранавіруснай інфекцыі, адной з першых ад яе правакцынавалася. Таблетак не ўжывае ўвогуле! Дзякуе за клопат дзяржаве, а таксама сацыяльнай службе і сваёй сядзелцы Святлане Качкаевай.

—Пра сваё жыццё Валянціна Іванаўна можа расказваць гадзінамі, — уступае ў размову Святлана Качкаева. — Яна выдатна памятае даты, людзей, якія сустракаліся на яе шляху, падрабязна апавядае пра падзеі мінулага. Чакае вясны і плануе, дзе будуць пасаджаны кветкі і агародніна. У чым сакрэт яе даўгалецця? Магчыма, у любові да людзей і ўсяго жывога на зямлі. Валянціна Іванаўна з пашанай ставіцца да кожнага, не скупіцца на ўсмешку і добрае слова. Здароўе падмацоўвае натуральнымі вітамінамі, якія ёсць у агародніне і садавіне.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.