Очередная деревня на маршруте редакционного проекта «Вёсачка» — Чёрное

Общество

Працягваем знаёміцца з вёсачкамі Пастаўшчыны? У такім выпадку запрашаю вас у Чорнае. Адна з чытачак раёнкі прасіла мяне: «Напішыце ў газеце, чаму тры блізкія адна ад другой вёскі на Варапаеўшчыне носяць «каляровыя» назвы: Чорнае, Белае, Рудае». У кнізе пастаўскага краязнаўца Ігара Пракаповіча «Назвы нашых вёсак» я прачытала, што Чорнае паходзіць ад назвы аднайменнага возера з адметным колерам вады, Белае — таксама ад колеру вады ў возеры, Рудае — ад славянскага слова «руды» ў значэнні «рыжа-карычневы, чырванаваты, рыжы». Такі колер мелі навакольныя балоты.

Што да гісторыі, то ўпершыню ў 1575 годзе згадваецца с.Чарнянскае Дунілавіцкага маёнтка, які належаў лоўчаму Вялікага Княства Літоўскага Далмат-Ісакоўскаму. У канцы ХVIII стагоддзя — в. Чарная Весь, потым — Чарна ў маёнтку Дунілавічы ва ўладанні Бжастоўскіх. Найбольш жыхароў у Чорным было ў 1963 годзе — у 174 дварах пражывала 469 чалавек.

Карані – руска-беларускія

Чорнае — родная вёска старэйшыны Івана Курыловіча. У 12 гадоў ён застаўся без маці. Акрамя Вані, у сям’і было яшчэ трое непаўналетніх дзяцей. Бацька — інвалід вайны. Падымаць дзяцей дапамагала маціна сястра. Двое малодшых выхоўвалася ў варапаеўскім інтэрнаце. А праз нейкі час да іх папрасіўся і Ваня.

Ён марыў пра мора. Разам са старэйшым братам Пятром падалі дакументы ў вышэйшае мараходнае вучылішча. Брат паступіў і ў будучым стаў мараком-падводнікам, Ваню не пашанцавала. А вось у танкавае вучылішча яго абавязкова залічылі б. Не захацеў. Скончыў гарадоцкі тэхнікум, але 30 гадоў адпрацаваў на трактары і камбайне ў саўгасе «Варапаева».

У Чорным нарадзілася і жонка Івана Ганна. Але ў яе ёсць і рускія карані. Аніна маці Зінаіда трапіла ў вёску бежанкай падчас Вялікай Айчыннай вайны. Праз нейкі час яна знайшла сваю родную сястру і маці, і яны таксама перабраліся ў Чорнае, дзе і выжылі ў ліхалецце. Пасля заканчэння вайны вярнуліся ў Расію, а Зінаіда засталася тут, бо пакахала мясцовага хлопца і выйшла за яго замуж. Вось такое перапляценне лёсаў.

У шлюбе Іван з Ганнай 47 гадоў. Выхавалі дваіх дзяцей. Дачка Алеся скончыла педуніверсітэт, працуе выхавальніцай дзіцячага садка ў Смаргоні. Сын Аляксандр жыве ў Варапаеве і займаецца аказаннем рытуальных паслуг. Яны маюць траіх унукаў. Жы­вуць дружна, даражаць адно адным, карыстаюцца аўтарытэтам у аднавяскоўцаў. Нездарма ж Іван Пятровіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца старэйшынам.

Мамін гонар

На дзень адчыненых дзвярэй у Віцебскую ветэрынарную акадэмію вучаніца Варапаеўскай СШ Яна Сінькевіч паехала проста за кампанію. Яна не планавала пасту­паць у яе, бо марыла пра журналістыку. Але, пабываўшы ва ўстанове, настолькі ўразілася тым, што пачула і ўбачыла, што змяніла сваё рашэнне. Праўда, і перадумовы да гэтага былі: дзяўчынка вельмі любіла жывую прыроду, дома заўсёды былі сабакі, каты, папугаі, чарапаха.

Сёння Яна — другакурсніца акадэміі, навучаецца ветэрынарнай медыцыне. У жніўні прые­дзе на першую практыку ў рыбгас «Навінкі». Менавіта рыбгас даў дзяўчыне мэтавае накіраванне на вучобу, і тут ёй гарантавана першае рабочае месца.

— Яначка — мой гонар, — дзялілася яе мама Іна Станіславаўна. — Мы з ёй вельмі блізкія, і я з нецярпеннем чакаю кожнага прыезду дачушкі дадому.

А Іну Сінькевіч чакаюць яе падапечныя. Ужо 15 гадоў яна працуе сацыяльным работнікам. Абслугоўвае адзінокіх людзей ва ўзросце ад 76 да 84 гадоў у Чорным, Варапаеве, Анкудах, Ляхаўшчыне. Прызнаецца, што ніякай работы не баіцца, бо вырасла ў мнагадзетнай вясковай сям’і і загартаваная працай. З усімі сваімі падапечнымі знайшла агульную мову.

— Маім бабулям і дзядулям патрэбная не толькі фізічная дапамога, — гаварыла. — Не менш важна аблегчыць іх ­адзіноту, расказаць вясковыя навіны, выслухаць. І я не шкадую на гэта часу.

Сама непасрэднасць

Заглядваю да Любові Варабей. Ля хлявоў непадалёк двара высокі мажны мужчына парадкуе дровы. Убачыўшы мяне, накіраваўся насустрач, радасна заўсміхаўся, загаварыў. Слухала, але нічога не разумела…

Гэта быў 54-гадовы сын Лю­бові Рыгораўны, інвалід ІІ групы Уладзімір.

— У мяне адмоўны рэзус крыві, — расказвала маці. — Першы сын, Ігар, нарадзіўся здаровым, Вова — з адхіленнямі. Усяго год ён правучыўся ў Бягомльскай спецшколе, і мы забралі яго дадому. Тады разам з намі жыла свякроў і прыглядвала за хлопчыкам. Яе ўжо даўно няма на гэтым свеце, 12 гадоў назад не стала і мужа. Мы з Вовам засталіся ўдваіх.

Старэйшы сын Любові Варабей працуе ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці, нявестка Таня і ўнучка Насця — медсёстры. Гэта асабліва радуе Рыгораўну, бо яна і сама медык. Скончыўшы вучылішча, 30 гадоў адпрацавала медсястрой у варапаеўскай бальніцы.

Інваліднасць Валодзі маці прыняла з пакорай. Ніякіх праблем з ім няма. Ён добры памочнік: парадкуе дровы, ездзіць у магазін у Варапаева, працуе ў агародзе, вельмі любіць рыбалку, нават у тэхніцы разбіраецца. Разумее ўсё, толькі дрэнна чуе і неразборліва размаўляе. Усе вяскоўцы любяць Уладзіміра і толькі станоўча адзываюцца пра яго.

Павесяліць душу

Уладзіслаў Кузьміч адчыніў дзверы дома, трымаючы ў руках гармонік. І адразу ж зайграў на ім, сыпануў вясёлыя частушкі. Зразумела, што і наша размова пайшла пра музыку.

Шмат гадоў ён загадваў мясцовым клубам. Тады было шмат жыхароў у вёсцы. У клубе ладзіліся розныя мерапрыемствы, удзельнікі мастацкай самадзейнасці выступалі не толькі ў Чорным, але і ў іншых вёсках, а таксама на пастаўскай сцэне, пляцоўках «Славянскага базару ў Віцебску». Здымак фальклорнай групы Чарнянскага сельскага клуба змешчаны ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён». Чарняне сябравалі са спортам. Непадалёк клуба зрабілі вялікі стадыён. Былі футбольная, валейбольная, тэнісная каманды, удзельнічалі ў раённых спаборніцтвах. У Чорнае збіралася моладзь з усіх навакольных вёсак.

Усё гэта засталося толькі ва ўспамінах, але любоў да музыкі і песні нікуды не знікла.

— Не бывае дня, каб я не ўзяў у рукі гармонік, — прызнаўся Уладзіслаў Віктаравіч. — Хочацца павесяліць душу. Радуюся, што мае талент і дачка Лена. Яна скончыла музычнае вучылішча і працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Ну а мы з жонкай ужо даўно на пенсіі, пазалетась адзначылі залатое вяселле.

Змалку жыве ў веры

Усё лета 81-гадовая Алена Баляславаўна Пяткоўская ездзіла на веласіпедзе ў варапаеўскі касцёл.

— Двойчы звалілася, — расказвала з усмешкай. — Але Божанька падкладваў мне падушку — нічога не зламала. Змалку жыву ў веры, і мой муж таксама быў каталіком. Шлюб мы з ім бралі ажно ў Гадуцішках, бо ў нашых мясцінах усе касцёлы пазакрывалі.

Яна нарадзілася ў в. Сарокі падчас вайны. У сям’і было чацвёра дзяцей, ­бацьку забралі на фронт. На шчасце, вярнуўся жывым, але хапіла гора і ў пасляваенныя гады.

— Цяперашняе пакаленне нават уявіць не зможа, што мы вынеслі, — гаварыла Баляславаўна. — Вельмі цаню сённяшняе жыццё і вучу гэтаму дзяцей і ўнукаў. Малюся за нашага Прэзідэнта. Слухаю радыё, гляджу тэлевізар і бачу, як ён дбае пра людзей, як змагаецца за тое, каб на нашай зямлі быў мір.

Я прыязджала ў вёску ў той дзень, калі напярэдадні пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветаў.

— Удзельнічала ў кожных выбарах, і ў гэты раз абавязкова прагаласую за нашых дэпутатаў, — паведаміла жанчына. — Няхай працуюць на карысць краіны.

Калі мы ад’язджалі ад дома, Алена Баляславаўна са словамі «Добрай дарогі!» перахрысціла нас і машыну…

Час сеяць сальвію

Найстарэйшая жыхарка вёскі — Алена Аўгусцінаўна Андрэйчык.

— Мне ж усяго 93, — жартуе жанчына, а потым сур’ёзна дадае: — Жывецца добра. А ўсё таму, што ў мяне надзвычай добрая нявестка. Яна настаўніца. Усе зайздросцяць, кажуць, што другую такую, як Люба, не знойдзеш не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Яна з маім сынам жыве недалёка, і пастаянна мяне апякаюць. Ды я і сама яшчэ маю крыху сіл: працеплю печку, вытру пыл, памыю бялізну. Не хачу заседжвацца.

Дзе яна толькі не працавала! Была калгасным паляводам, будавала Алешынскую ГЭС, вырошчвала зялёныя насаджэнні ўздоўж чыгункі, займалася вытворчасцю шыферу, чарапіцы, цэглы на Варапаеўскім ДАКу, была тэхработнікам у Чарнянскай пачатковай школе. Адзначана медалём «За доблесную працу».

А як любіла спяваць! Актыўна ўдзельнічала ў мясцовай самадзейнасці, з’яўлялася салісткай. Па просьбе старэйшыны выканала для нас «Уральскую рябинушку». Якой жа радасцю падчас гэтага свяціліся вочы Аўгусцінаўны, як пяшчотна ліўся яе голас!

— Зараз толькі з Малахавым выступаю, — жартуе бабуля. — Вельмі люблю яго перадачы, бывае, і падпяваю.

Не менш чым песні Алена Аўгусцінаўна любіць кветкі.

— Хутка буду сеяць сальвію на расаду, — казала. — Кветак у мяне шмат. Шкадую, што пазнавата завяла ружы. Мне к 90-годдзю пасадзілі іх сын з нявесткай. Вельмі прыгожа і доўга цвілі. Хачу яшчэ развесці.

Ёсць у Аўгусцінаўны хатняя «ахова» — сабака Лорд. Чатырохногае стварэнне ў выгля­дзе воблака доўгай густой шэрсці, з-за якой ледзьве бачныя вочы, настолькі дабрадушнае, што так і захацелася яго сфатаграфаваць разам з гаспадыняй. Не ўдалося.

Выпрабаванне хваробамі

Глафіра і Віталій Пяткоўскія разам 48 гадоў. З іх 34 ён адпрацаваў на трактары, а зараз нават з пакоя ў пакой пераходзіць з цяжкасцю. Яшчэ не такі стары па гадах, Віталій Вітальевіч сур’ёзна хварэе.

— З-за гэтага не магу нікуды адлучыцца з дома, — расказвала Глафіра Іванаўна. — Да апошніх дзён даглядала сваю маці, якой не стала больш як паўгода назад. Перажываю з-за таго, што цяжкую аперацыю перанесла малодшая дачка. Вось такія выпрабаванні абрынуліся на нашу сям’ю.

Але ёсць у Пяткоўскіх і радасць. Два іх унукі служаць у міліцыі, старэйшая ўнучка — айцішніца. Малодшая яшчэ першакласніца. У гэтыя дні ў яе канікулы, і дзяўчынка бавіць іх у бабулі і дзядулі.

Прыйдзе вясна, ажыве прырода — і павесялее на душы, прыбавіцца клопатаў на агародзе.

Кантрасты

Калі старэйшына гаварыў, што некалі ў вёсцы было каля 500 чалавек, працавалі клуб, бібліятэка, магазін, пачатковая школа, лазня, у гэта слаба верылася. Сёння тут усяго 40 жыхароў (4 з іх ліку пераехалі з Мінска летась). 7 дамоў належаць дачнікам, а 12 яшчэ пустуюць, што не дадае вёсцы прыгажосці. Але з’явіліся тут і раскошныя дамы новых жыхароў.

Што да карэнных чарнян, то наша сустрэча стала для іх прыемнай падзеяй, для мяне — натхненнем. Уразіла, што ў кожным доме, дзе давялося пабываць, не толькі чыста, утульна, але і ёсць даўнейшыя вырабы: тканыя посцілкі на ложках, самаробныя дарожкі на падлозе, гафтаваныя фіранкі, вышыўкі, і яны вельмі прыгожа выглядаюць. На жаль, не ўдалося сустрэцца з тымі вяскоўцамі, хто працуе ў розных арганізацыях. Гэта Генадзь Шыцько, Святлана Дубовік і яе сын Уладзіслаў, Святлана і Валянцін Рачыцкія, Ганна Клішэўская, Любоў і Віктар Андрэйчыкі, а таксама з новымі жыхарамі вёскі. Але, магчыма, у будучым журналісцкая дарога давядзе і да іх.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.