По итогам работы за прошлый год Поставский льнозавод занял 1-е место среди промышленных предприятий района

Общество

Па выніках работы за мінулы год Пастаўскі льнозавод заняў 1-е месца сярод прамысловых прадпрыемстваў раёна. На ўрачыстасці з нагоды ўшанавання перадавікоў узнагароду з рук старшыні райвыканкама прымала яго дырэктар Алёна Юрынёнак. Яна ўзначаліла калектыў у лютым 2022-га. Тады прадпрыемства знаходзілася ў цяжкім эканамічным становішчы, мела вялікую закрэдытаванасць, адчувала востры дэфіцыт абаротных сродкаў. Усяго за два гады пад яе кіраўніцтвам на заводзе многае змянілася ў лепшы бок. Пра вытворчыя справы і асабістае жыццё наша размова з Алёнай Дзмітрыеўнай.

— Характар чалавека фарміруецца з дзяцінства. Якім яно было ў вас?

— Вясковым. Я нарадзілася ў в. Вілейты Ярэўскага сельсавета. Акрамя мяне, у сям’і былі яшчэ два сыны, я старэйшая. Тата з мамай займаліся фермерствам: вырошчвалі агародніну, трымалі вялікае падвор’е. Працы хапала, у тым ліку і дзецям. Нам было з каго браць прыклад. Старалася і ў вучобе, вельмі любіла чытаць. Перачытала, бадай, усе кнігі ў ярэўскай бібліятэцы.

— Напэўна, прыклад баць­коў паўплываў і на выбар прафесіі?

— Безумоўна! Як і мама, тата, я скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Але спачатку яны вучыліся ў Цырклішскім тэхнікуме, а я — у Лужаснянскім. Усіх нас прывабіла аграномія. З інстытуцкім дыпломам стала працаваць галоўным аграномам у Ярэве. Работу сваю любіла. Навучылася працаваць з зямлёй, разумець, што ёй трэба, адчуваць расліны. Яны такія ж жывыя арганізмы, як і чалавек.

Потым было ўпраўленне сель­скай гаспадаркі і харчавання Пастаўскага рай­выканкама. Па­чынала агра­хімікам, затым назначылі намеснікам начальніка па раслінаводстве. Ездзіла па раёне, пазнавала рознасць глебы, кантралявала работу спецыялістаў і разам з тым сама многаму вучылася ў больш вопытных. Асабліва шмат ведаў мне перадала галоўны аграном з Хаціл Надзея Міхайлаўна Кірплюк. На вялікі жаль, з-за невылечнай хваробы вельмі рана абарвалася яе жыццё.

— І раптам — зусім іншая сфера дзейнасці…

— Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік прапанаваў мне заняцца ліквідацыяй ААТ «Парыж-агра», якое абанкруцілася. Я згадзілася, і мяне назначылі антыкрызісным кіраўніком. Маёй дзейнасцю тады кіравала не столькі ўпраўленне сельскай гаспадаркі, колькі Віцебскі абласны эканамічны суд. Ставілася задача ажыццявіць судовую працэдуру ліквідацыі таварыства ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Было вельмі складана, але справілася. А вось у Браслаўскім раёне антыкрызісны кіраўнік не выканаў пастаўленую ў дачыненні да ААТ «Новая гвардыя» задачу. Давялося мне займацца працэдурай ліквідацыі. Дасканала вывучыла бухгалтарскі, падатковы, кадравы ўлік, фінансавую палітыку, ушчыльную працавала з падатковай інспекцыяй, ФСАН. Без перабольшання скажу, што працавала дзень і ноч, затое набыла каласальны вопыт.

— І зноў непрадказальны паварот у працоўнай біяграфіі. Як трапілі на Віцебскі мясакамбінат?

— Запрасілі. Да таго ж далі кватэру з мэбляй. Мне прапанавалі ўзначаліць упраўленне сельскай гаспадаркі, у тым ліку курыраваць работу мехатрада, у склад якога ўваходзілі 68 механізатараў і 4 вадзіцелі і які працаваў у шасці раёнах вобласці. Было цяжка, але цікава, мой вопыт пашыраўся. Магчыма, я там засталася б, але, прабыўшы ў абласным цэнтры год, муж вярнуўся ў Паставы. Разумела, што не прыжылася б у Віцебску і мая мамачка, якая вельмі любіць прыроду. Родныя ўгаварылі мяне вярнуцца. І, адпрацаваўшы тры гады на мясакамбінаце, я адмовілася прадаўжаць кантракт. Вырашыла, што вярнуся ў антыкрызіснае кіраванне, нават курсы павышэння кваліфікацыі прайшла. Але старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік прапанаваў узначаліць калектыў ільнозавода.

— Быць кіраўніком нялёгка, а ўзяць на сябе адказнасць за такое прадпрыемства, як ільнозавод, — справа ўвогуле рызыкоўная. Як вы рашыліся на гэта?

— Пра цяжкае становішча прадпрыемства ведала. Адкрыта гаварыў мне пра гэта і кіраўнік раёна, паабяцаў падтрымку і падтрымлівае. На прыняцце рашэння вельмі паўплывала матуля. Яна патрыёт Пастаўшчыны, вельмі перажывае за сельскую гаспадарку. У далёкім мінулым ільнозавод з’яўляўся перадавым прадпрыемствам, цяжка было ўладкавацца туды на работу. Чаму не адрадзіць былую славу? Калі я працавала галоўным аграномам у калгасе імя Калініна, гаспадарка заняла 3-е месца ў вобласці па вытворчасці льну. Тэхналогію вырошчвання гэтай культуры ведаю добра, а вось у яе перапрацоўку глыбока не ўнікала. Але хіба гэта недасягальнае? І яшчэ адзін немалаважны аргумент: з’яўляючыся антыкрызісным кіраўніком, даво­дзілася ставіць кропку ў існаванні арганізацыі, а мне хацелася ствараць. Такая магчымасць з’явілася. Мне і раней прапаноўвалі кіруючыя пасады, але лічыла, што яшчэ не мела дастатковага вопыту. Дарэчы, любіла кожную сваю работу, працавала з поўнай аддачай, таму і дасягала жаданага выніку.

— Дырэктарам ільнозавода вас назначылі ў лютым 2022 года. З чаго пачыналі?

— З падрыхтоўкі да сяўбы. Першая задача — паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці. Яна была разукамплектаваная, і ніводнага інжынера. На дапамогу прыйшоў муж. Бачачы, як я перажываю за стан тэхнікі, ён пакінуў сваю любімую вадзіцельскую работу і па дагаворы падраду ўладкаваўся на завод. Папярэдзіў, што часова. Тэхніку падрыхтавалі, сяўбу паспяхова правялі. Але трэба і да ўборкі льну рыхтавацца. Давялося майму мужу затрымацца на заводзе, каб дапамагчы і з падрыхтоўкай уборачнай тэхнікі. А зараз ён зноў калясіць на фуры па міжнародных маршрутах.

— Ведаю, што на льнозаводзе існавала праблема з кадрамі.

— Зараз штат (гэта 132 чалавекі, а з улікам падрадчыкаў — 145) цалкам укамплектаваны. Са мной на прадпрыемства прыйшлі спецыялісты, якія ведаюць мяне, а я — іх і давяраю ім. Вярнуліся тыя, хто звольніўся раней, некаторыя не пакідалі завод. У камандзе спецыялістаў — галоўны аграном Іван Буян, галоўны бухгалтар Вікторыя Макаранка, мой намеснік Мікалай Саковіч, юрыст Станіслаў Грыкень, вядучы механік Генадзій Ліманоўскі, майстар змены Марына Асадуліна і кантрольны майстар Ларыса Жылевіч, старшыня прафкама і спецыяліст па ідэалогіі Марына Хадакоўская. Прыйшло нямала перспектыўнай моладзі, і я ўпэўненая, што з яе атрымаюцца талковыя спецыялісты. Я веру ў сябе і ў калектыў. Пастаянна падтрымлівае райвыканкам. Зразумела, цяжкасцей хапае, не ўсё складваецца ў перспектыве развіцця прадпрыемства, але будзем настойліва ісці да пастаўленай мэты.

Прымалі і будзем прымаць сёлета на работу механізатараў — выпускнікоў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. За кошт прадпрыемства чацвёра нашых завадчан скончылі трохмесячныя курсы трактарыстаў. З некаторымі работнікамі давялося развітацца, бо яны парушалі працоўную дысцыпліну. Кожнаму даём шанс на выпраўленне, але не ўсе ім скарысталіся.

— А што змянілася на вытворчасці за два гады, якія кіруеце заводам?

— Напрыканцы мінулага года завяршылася мадэрнізацыя, якая вялася на працягу 12 гадоў. Уве­дзены ў эксплуатацыю новыя лініі, у выніку ўзрасла прадукцыйнасць працы і палепшыліся яе ўмовы. Адрамантавана сістэма пажарнай бяспекі, прычым за ўласныя сродкі. Летась выраблена прадукцыі на 4 мільёны рублёў, экспарт валакна склаў 500 тысяч долараў. Па тэмпах развіцця наш завод прызнаны найлепшым у раёне і вобласці. На абласных «Дажынках» мы атрымалі ў падарунак новую «Ніву». Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве вырасла летась у параўнанні з папярэднім годам на 144%. Зараз рамантуем душавыя кабінкі, рыхтуем да адкрыцця ўласную сталовую. Мы і да гэтага падчас сяўбы і ўборкі ўраджаю кармілі механізатараў абедамі і падвячоркамі — стравы куплялі ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства. З вясны пачнём іх гатаваць у сваёй сталовай, дзе змогуць харчавацца і іншыя нашы работнікі.

— Адчуваю ваша абсалютнае пагружэнне ў заводскія справы, а мне хацелася б раскрыць вас чытачу і як дачку, жонку, маці.

— Сям’я мяне заўсёды разумее і падтрымлівае. Найперш скажу пра мамачку, якая найбольш паўплывала на фарміраванне майго светапогляду. Яна з маладых гадоў не мела моцнага здароўя, але нарадзіла і выхавала разам з татам траіх дзяцей. Працавала аграномам, узначальвала калгасную партарганізацыю. Мама — вельмі жыццярадасны чалавек, любіць прыроду, піша вершы. Яе энергія і любоў да жыцця перадаліся і мне. Таксама яна навучыла мяне да ўсяго адносіцца правільна, ба­чыць прыгожае. Пра мужа Андрэя я ўжо расказвала. На яго магу разлічваць у любой сітуацыі. Выраслі, вывучыліся і стварылі свае сем’і дзеці. Сын Саша — памочнік ляснічага на Браслаўшчыне, дачка Каця — інжынер «Віцебскаблгазу». А як радуюць цудоўныя ўнучкі Оля і Юля! Вельмі люблю, калі ўсе збіраемся разам. Абавязкова пяку торт, гатую смачныя стравы.

— Працаваць умееце, а адпачываць?

— Умею (смяецца аўт.), толькі не маю на гэта часу. У санаторыі летась была ўсяго 10 дзён. Выбрала «Прыазёрны», каб пры патрэбе можна было хутка прыехаць на завод. Мора не бачыла ніколі, але з-за гэтага не адчуваю сябе кепска. «Перазагружаюся» ў кветніку і агародзе. Наш дом знахо­дзіцца на ўлонні прыроды: з аднаго яго боку — сасновы лес, з другога — вадаём. З ранняй вясны і да позняй восені чую спевы птушак. Па вечарах выгульваю спаніэля.

— Ці адшукаю вас у сацыяльных сетках?

— Не! Мяне зусім не цікавіць, што адбываецца ў жыцці іншых лю­дзей, і сваё не дэманструю, хаця яно вельмі насычанае. Інтэрнэт мне патрэбны толькі па рабоце. Аддаю перавагу жывым, а не віртуальным зносінам.

— Якія вашы жыццёвыя прынцыпы?

— Не цярплю чутак, інтрыг, плётак. Калі мне што-небудзь не падабаецца ў чалавеку ці ў яго ўчынках, скажу пра гэта яму ў вочы. Я вельмі патрабавальная да сябе і да іншых. Магчыма, хтосьці лічыць мяне жорсткай. Калі б была слабахарактарнай, то не згадзілася б заняць кіруючую пасаду, ды яе мне і не прапанавалі б. Заўсёды пайду насустрач чалавеку, які аказаўся ў складанай сітуацыі. Зразумею і таго, хто аступіўся, але зрабіў з гэтага патрэбныя высновы, змяніў свае адносіны.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.