Сёння — Дзень роднай мовы

Культура

Пагавары са мной на мове…

Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля.

Ніл Гілевіч

Мілагучная, шчырая, родная, жывая, непаўторная, старажытная… Шмат эпітэтаў можна прывесці, каб уславіць беларускую мову. Для нас яна самая-самая… Не таму, што іншыя горшыя, а таму, што родная, свая. Як маці ў натоўпе людзей адразу пазнае крык свайго дзіцяці, так і беларус у гомане чужых гаворак адразу вызначыць сваю мову. Нават тады, калі штодзённа не размаўляе на ёй.

Наша мова займае другое месца ў свеце па мілагучнасці пасля італьянскай. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі спецыяльнай установы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА). Безумоўна, гэта ацэнка грунтуецца на адметнасцях нашай мовы. На ёй цудоўна гучаць як народныя спевы, так і оперныя арыі, папулярная і рок-музыка.

Вучоныя лічаць, што беларуская мова зарадзілася прыкладна ў канцы ХІІІ — пачатку XIV стагоддзя. У гэты час у пісьмовых крыніцах з’яўляюцца адметныя для яе словы. У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была афіцыйнай мовай справаводства. На ёй напісаны Статуты ВКЛ — зводы законаў.

З сярэдзіны XVII стагоддзя, у час Рэчы Паспалітай і падчас знахо­джання тэрыторыі сучаснай Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, наша мова развівалася ў выглядзе народных гаворак. З-за гэтага яна мае вусна-размоўную, а не літаратурна-пісьмовую традыцыю.

Сучасны перыяд развіцця беларускай мовы пачынаецца з ХІХ стагоддзя. Ён звязаны з імёнамі класікаў нашай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, іншых празаікаў і паэтаў. Сярод іх наш зямляк Уладзімір Дубоўка. Адразу прыгадваюцца незабыўныя радкі яго верша, прысвечаныя мове:

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка…

Хоць большую частку свайго жыцця Уладзімір Мікалаевіч пражыў за межамі Беларусі, ён не забыў ні беларускай мовы, ні сваёй малой радзімы — Пастаўшчыны. Плённа займаўся не толькі паэтычнай творчасцю, але і моўнай інжынерыяй. Як сведчаць мовазнаўцы, Уладзімір Дубоўка ўвёў у літаратурную беларускую мову не менш за два дзясяткі слоў з Пастаўшчыны. Сярод іх — агораць, апантаны, ашчаперыць, кругабег, водар і іншыя.

Сёння на ніве беларускай літаратуры плённа працуюць пастаўчане Ігар Пракаповіч, Воля Лісіцкая, Марына Кавалёнак і іншыя. Але ці шмат нашых землякоў размаўляе па-беларуску? Адказ на гэта пытанне відавочны… Нам трэба зразумець, што ад кожнага з нас залежыць, ці не будзе пагражаць нашай мове знікненне, ці не стане яна мёртвай. Каб гэтага не адбылося, трэба любіць і шанаваць мову продкаў, клапаціцца пра тое, каб яна штодня гучала з нашых вуснаў. І пачаць неабходна з сябе.

Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.