В детском саду №1 приобщают детей к спорту с помощью игры в футбол

Образование

З 1 верасня мінулага года ў пастаўскім дзіцячым садзе 1 («Крынічка») рэалізуецца абласны творчы праект па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да сістэматычных заняткаў спортам праз авалоданне тэхнічнымі, тактычнымі і практычнымі навыкамі гульні ў футбол.

Арганізатарамі праекта з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола», якая даўно папулярызуе гэты від спорту сярод дзяцей Мінска і Мінскай вобласці. Нядаўна было вырашана пашырыць геаграфію і далучыць да любімай мільёнамі людзей гульні юных жыхароў Віцебшчыны. У школах і дзіцячых садах вобласці пачалі рэалізоўвацца эксперыментальныя праекты, разлічаныя на вучняў пачатковых класаў і дашкольнікаў 5-6 гадоў. Сёння ў кожнай агульнаадукацыйнай установе Пастаў ёсць клас, дзе з дзецьмі дадаткова працуе настаўнік фізкультуры. А вось што да садоў горада, то «Крынічка» — пакуль адзіны, чые выхаванцы гуляюць у футбол.

З хлопчыкамі і дзяўчынкамі старэйшых груп — а іх у садку чатыры — займаецца кіраўнік фізвыхавання Вольга Дуброўская, якая па-сапраўднаму любіць футбол і нядрэнна разбіраецца ў ім дзякуючы 10-гадоваму ўнуку-футбалісту. Таму, калі прапанавалі ўзяцца за праект, не раздумваючы згадзілася. Выбрала ў кожнай групе па 5-6 самых спартыўных, здаровых і зацікаўленых футболам дзяцей, атрымала згоду бацькоў і, раздзяліўшы малых на дзве падгрупы па 11 чалавек у кожнай, пачала заняткі. Яны праходзяць ­адзін раз на тыдзень, у сераду, і доўжацца 30 хвілін.

— Спачатку я зрабіла для дзяцей прэзентацыю пра футбол, каб пазнаёміць іх з гэтай гульнёй, — апавядала падчас нашай сустрэчы Вольга Барысаўна. — Расказала пра яе правілы, экіпіроўку футбалістаў і іх амплуа, чым адрозніваецца футбольны мяч ад іншых і як называецца яго падача, якім бывае футбольнае поле і г. д. Затым пачала выкарыстоўваць на занятках хуткія гульні і ўводзіць у іх элементы футбола. Мая настольная кніга — «Элементы спартыўных гульняў у дзіцячым садзе» В. Г. Шпака. Таксама гляджу відэа на YouTube-каналах трэнераў, якія займаюцца з дзецьмі дашкольнага ўзросту.

Сёння юныя футбалісты «Крынічкі» ўжо валодаюць такімі тэхнічнымі элементамі, як вядзенне мяча нагой па шырокім і вузкім калідоры, умеюць даваць пас наском нагі і ўнутраным бокам стапы, абараняць свае вароты. Зараз вучацца пасаваць знешнім бокам стапы. Малыя з задавальненнем выконваюць розныя практыкаванні з мячом і азартна гуляюць міні-матчы. У канцы студзеня ў садку правялі свята футбола, падчас якога дзве каманды спаборнічалі паміж сабой. Падобныя спаборніцтвы збіраюцца арганізаваць і ў найбліжэйшы час.

Неабходны для заняткаў спортінвентар: каардынацыйную лесвіцу, футбольныя мячы, каляровыя фішкі і манішкі для ігракоў — набыў за ўласныя грошы дзіцячы сад. У планах — пакупка аблегчаных футбольных варот, замест якіх пакуль выкарыстоўваюць спартыўныя маты. Таксама кіраўніцтва сада плануе абсталяваць на тэрыторыі дашкольнай установы летнюю футбольную пляцоўку, каб дзеці маглі паўнацэнна трэніравацца на вуліцы. Дарэчы, убачыць працэс трэніровак можа любы ахвотны: у дзіцячага сада ёсць уласная старонка ў Instagram, дзе рэгулярна публікуюцца фота- і відэасправаздачы з усіх мерапрыемстваў.

У маі Вольга Дуброўская паедзе ў Віцебск на двухдзённы семінар, дзе 76 кіраўнікоў фізвыхавання вобласці бу­дуць дэманстраваць тое, чаму навучылі дзяцей за год работы па праекце. Там жа яна павінна атрымаць сертыфікат трэнера па футболе катэгорыі D — UEFA. Пакуль такі сертыфікат у нашым раёне мае толькі настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №1 Аляксандр Бандарэнка, які трэніруе школьную футбольную каманду. Нядаўна Вольга Барысаўна вадзіла да яго сваіх выхаванцаў паказаць, як гуляюць вучні. Жанчына вельмі хоча, каб дзеці прадоўжылі займацца футболам у школе, і настройвае іх на гэта. Кажа, што бачыць некаторых малых у будучым прафесійнымі спартсменамі.

Як расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Казлоўская, якая курыруе работу дашкольных устаноў Пастаўшчыны, калі праект па далучэнні дзяцей да гульні ў футбол будзе паспяховым — пакажа развіццё малых, у наступным навучальным годзе яго плануюць пачаць і ў іншых садах горада.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.