Журналисты «ПК» встретились с работниками и посетителями Поставского ОДП для граждан пожилого возраста ТЦСОН

Общество

На мінулым тыдні журналісты «Пастаўскага краю» сустрэліся з супрацоўнікамі і наведвальнікамі пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН.

Удзельнікам круглага стала было пра што пагаварыць. Сёлетні год для рэдакцыйнага калектыву, ды і для ўсіх чытачоў «ПК», асаблівы: раёнка адзначыць сваё 85-годдзе. Першы яе нумар выйшаў у верасні 1939-га, а рэдагаваў яго Аляксандр Шафараў. За ўвесь час існавання газеты змянілася 13 рэдактараў, зараз — 14-ы па ліку. Выданне насіла назвы «Новы шлях», «За победу», «Савецкі шлях», «Звязда». Некаторы час «Звязда» мела статус між­раённай і распаўсюджвалася на тэрыторыі Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў. У 1991 годзе газета змяніла сваю назву на «Пастаўскі край». Дарэчы, рэдакцыя вызначылася з ёй дзякуючы пажаданням большасці чытачоў, якія ўдзельнічалі ў аб’яўленым конкурсе.

Газета друкавалася ў Пас­таў­скай друкарні. У верасні 1998 года ў Наваполацкай узбуйненай друкарні выйшаў першы нумар «Пастаўскага краю», выкананы камп’ютарнымі наборам і вёрсткай. Там наша газета друкуецца і зараз. Іншы раз чытачы пытаюцца, чаму не ў Паставах. Нам таксама гэтага хацелася б, але наша друкарня не мае такога абсталявання (яно каштуе неймаверна дорага). З сакавіка 2006 года газета пачала выхо­дзіць двухкаляровай, а з чэрвеня 2014-га — у поўным колеры.

Пра ўсё гэта, а таксама пра асобныя эпізоды рэдакцыйнай работы, рэакцыю на крытычныя публікацыі, водзывы чытачоў расказала я — рэдактар аграпрамысловага аддзела «ПК», адказала і на пытанні прысутных.

Сёння падпісны тыраж «Пастаўскага краю» — 4 678 экзэмпляраў. Намнога шырэйшая яго аўдыторыя ў віртуальнай прасторы.

— Навіны на сайце газеты чытаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, краінах Прыбалтыкі, ЗША, Польшчы, — расказвала рэдактар інтэрнэт-рэсурсу райгазеты Наталля Налей. — Старонкі «ПК» ёсць у папулярных сацыяльных сетках Instagram, TikTok, «ВКонтакте», «Одноклассники» і месенджары Telegram, дзе больш за 21,5 тысячы чалавек знаёмяцца з пастаўскімі навінамі.

Такім чынам «Пастаўскі край» выйшаў далёка за межы раённай прасторы, і гэта радуе рэдакцыйны калектыў. Хацелася б, каб падчас падрыхтоўкі да святкавання 85-годдзя выдання пашыралася і зваротная сувязь з чытачамі.

Фаіна Касаткіна
Фота Крысціны Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.