11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей. История поставчанки Зои Бозриковой

История

11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Людзей хавалі штабялямі

Пастаўчанка Зоя Бозрыкава з’яўляецца сакратаром савета раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ёй не было і двух з паловай гадоў.

Сям’я жыла ў Ленінградскай вобласці. Адтуль акупанты і вывезлі ўсіх жыхароў у канц­лагер у Карэлію. Некаторыя эпізоды з жыцця нявольнікаў захавала дзіцячая памяць, пра іншае Зоя Паўлаўна пачула з расказаў дарослых, але праз многія гады, калі сама ўжо была замужам.

— Пасля вайны людзі пазбягалі размоў пра лагер, — расказвала жанчына. — Напэўна, не хацелі варушыць цяжкія ўспаміны. Мелася і другая прычына: тагачасная ўлада вельмі насцярожана ставілася да былых вязняў. Такая несправядлівасць раніла: мала таго, што людзі нацярпеліся пад варожым гнётам, дык яшчэ і вінаватымі лічыліся.

А як яны, жанчыны, дзеці, старыя, маглі супрацьста­яць акупантам? Хіба што адважыцца на пабег з лагера. Некаторыя рашаліся, але іх даганялі кулі. Лагер у некалькі радоў быў абнесены калючым дротам, на вышках круглыя суткі патрулявалі кулямётчыкі, таму ўцячы было немагчыма.

Усяго ў перыяд акупацыі ў Карэліі дзейнічала 14 канц­лагераў і 15 турмаў для грамадзянскага насельніцтва. Праз іх прайшло 50 тысяч чалавек. Амаль трэцяя частка загінула ад голаду і хвароб.

— У лагеры памерлі мая бабуля і меншая сястрычка, — успамінала Зоя Паўлаўна. — Я нават памятаю, як Галечка ляжала ў труне і ў што яна была апранута. У трунах хавалі толькі дзяцей, мёртвых дарослых два разы на тыдзень клалі штабялямі ў выкапаныя траншэі. Да «пахавання» голыя трупы з біркамі на руках ляжалі ў спецыяльным будынку.

Петразаводскія лагеры былі створаны фінскім акупацыйным ваенным упраўленнем Усходняй Карэ­ліі, і гаспадарылі ў іх фіны.

— Баракі вельмі доўгія, у кожным жылі сотні людзей. Наглядчыкамі былі надта злыя жанчыны, — працягвала расказваць мая суразмоўца. — Яны хадзілі па лагеры ў форме, з дубінкамі ў руках. Калі штосьці не падабалася, пускалі іх у ход. Сачылі за чысцінёй. Кожны тыдзень мы мыліся ў лазні, наша бялізна прапарвалася. Сустракаліся і спагадныя фіны. Памятаю, адзін мужчына ставіў мяне на табурэтку, я яму спявала, а ён частаваў шакаладкай.

Шакаладка ў лагеры! Гэта было штосьці неверагоднае. Вязні галадавалі, іх паёк быў мізэрны, а праца — знясільваючай. Летам на тэрыторыі лагера збіралі грыбы і пяклі іх. Зоіна бабуля працавала ў цяпліцы, у якой вырошчвалі агародніну. Іншы раз ёй удавалася выкаціць з-пад дзвярэй унучкам некалькі памідораў. Калі б наглядчыкі заўважылі такое «злачынства», жорстка пакаралі б.

Савецкія войскі вызвалілі вязняў петразаводскіх лагераў у верасні 1944-га. Бабуля Зоі і сястра Галечка навечна засталіся ў карэльскай зямлі. Пасля вайны маці нарадзіла яшчэ адну дачушку і назвала яе таксама Галяй — у памяць пра страчанае ў фашысцкай няволі дзіця. Мірныя будні сям’я пачынала ў пасёлку Піндушы непадалёк Петра­заводска, дзе бацька стаў працаваць на суднаверфі.

Прайшлі гады. Сёстры выраслі, усе набылі прафесію медыка, выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей. У Зоі Паўлаўны сын і дачка, чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Нават у паважаным узросце яе жыццё яркае і насычанае. Жанчына радуецца кожнаму новаму дню і марыць не толькі пра шчасце дзяцей і ўнукаў, але і пра тое, каб неба над Беларуссю, якая стала для яе роднай, ніколі не зацягнулі чорныя хмары вайны.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.