90-летие отметила Эва Петкевич, постоялица Лынтупского ОКП для граждан пожилого возраста и инвалидов ТЦСОН

Общество

Сваё 90-годдзе адзначыла пастаялка лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Эва Пяткевіч.

У пачатку сёлетняй зімы Эва Антонаўна занемагла: даймаў высокі ціск, кружылася галава. Таму звярнулася па дапамогу да медыкаў. Яе накіравалі ў цэнтральную раённую бальніцу. Паколькі жыла адна, пасля праходжання курсу лячэння ёй прапанавалі аформіцца ў лынтупскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Доўга думала і з цяжкасцю на сэрцы згадзілася: шкада было пакідаць дом у Мольдзевічах, у якім пражыла 64 гады, непакоілася, ці асвоіцца на новым месцы і ці сыдзецца характарам з суседкамі па пакоі.

— Хвалявалася дарэмна, — расказвала. — Які прыветлівы тут персанал! А сацыяльны работнік Алёна Мацвеева даглядае мяне лепш, чым, можа, каго — дачка. Утульна і камфортна ў пакоі, смачна кормяць, пастаянна кантралююць стан здароўя. Тут не толькі клапоцяцца пра здароўе ды харчаванне, але і шмат увагі надаюць прафілактыцы захворванняў, актыўнаму ладу жыцця, ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы. Дапамагаюць нам, нямоглым, змірыцца са старасцю, знайсці ў ёй станоўчае, стараюцца, каб у кожнага, наколькі гэта магчыма, яна была спакойнай. А колькі сюрпрызаў падрыхтавалі работнікі на мой юбілей!

Напярэдадні ў аддзяленне прыходзіў пробашч лынтупскага касцёла ксёндз Аляксандр і першым павіншаваў юбілярку. У дзень нараджэння Эвы Пяткевіч работнікі аддзялення і пастаяльцы зладзілі сапраўднае свята: упрыгожылі залу паветранымі шарамі, уручылі імянінніцы шыкоўныя кветкі, прыгожы і смачны торт, сказалі шмат цёплых слоў. Такая ўвага расчуліла Антонаўну да слёз.

А прылягла адпачыць — і думкі перанеслі ў мінулае: у бацькоўскую хату ў Цябутах, дзе расла разам з дзвюма старэйшымі сёстрамі, апаленае вайной дзяцінства, бедную маладосць. Толькі настойлівасць і моцны характар Эвы дапамагалі ёй спраўляцца з цяжкасцямі. Дзяўчыне вельмі падабалася вучыцца. І бацькі яе падтрымлівалі ў гэтым. Пасля заканчэння сямігодкі адправілі дачку ў Паставы на курсы бухгалтараў. Атрымаўшы спецыяльнасць, працавала ў тагачасных калгасах «Новае жыццё» і імя Жданава. У 1960-м выйшла замуж у Моль­дзевічы, уладкавалася ў бухгалтэрыю калгаса імя Калініна (усяго мае 47 гадоў бухгалтарскага стажу). Муж быў чыгуначнікам. Ад арганізацыі сям’я атрымала дом. Нарадзілася дачушка. Абжывацца было нялёгка. Але, як прызнаецца доўгажыхарка, гэта быў вельмі шчаслівы перыяд: цешыліся з дачушкі, выдавалі яе замуж, потым з’явіліся дзве ўнучачкі.

Бяда за бядой сталі прыхо­дзіць да Пяткевічаў у пачатку 2000-х. Спачатку інсульт раптоўна абарваў жыццё 40-гадовай дачкі. Праз паўтара года трагічна загінула 18-гадовая ўнучка. А праз 20 дзён пасля яе смерці не вытрымала такіх страт сэрца 70-гадовага мужа. Перажыць гэтыя жыццёвыя трагедыі Эве Антонаўне дапамагла моцная вера. Амаль 20 гадоў жанчына жыла адна. Зламала шыйку сцягна, доўга хадзіла на мыліцах, але не пакідала дом, у якім прайшлі найлепшыя гады. Спраўляцца з гаспадарчымі справамі дапамагала сацыяльны работнік, часта наведвалася ўнучка, што жыве ў Мінску, запрашала пераехаць да сябе. Але Эва Антонаўна не хацела абцяжарваць маладых. Другім домам для яе стала сацыяльная ўстанова.

— Да нас трапляюць людзі з самымі рознымі лёсамі, — гаварыла загадчыца лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Валянціна Асіпенка. — Хтосьці з пастаяльцаў ніколі не меў сям’і, а на схіле гадоў знайшоў тут прытулак і сяброў, хтосьці пахаваў родных і не змог жыць сам-насам са сваім болем, у іншых дзеці выехалі за мяжу, і яны фактычна засталіся адны… Эва Антонаўна, нягледзячы на перажытае, не губляе аптымізму, жыццялюбства, дабрыні. А віншаванні з юбілеем, здаецца, дадалі ёй сіл.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Валянціна Асіпенка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.