«Выказваем Вам падзяку і павагу за шматгадовую добрасумленную працу. Ваш працоўны шлях — гэта сведчанне служэння сваёй справе, імкненне прыносіць карысць людзям і роднай Пастаўшчыне. Шчыра жадаем Вам моцнага здароўя, дабрабыту, жыццялюбства, увагі і падтрымкі блізкіх людзей, упэўненасці ў заўтрашнім дні і даўгалецця».
Гэта радкі з віншавальнай паштоўкі за подпісамі старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Літвіновіч, адрасаванай Алімпіядзе Ландышцы з нагоды яе 95-годдзя.
Да доўгажыхаркі ў Навасёлкі я наведалася пасля юбілею, і яна ахвотна паказала мне як гэтую паштоўку, так і іншыя, а таксама падарункі, расказала пра жыццё.
— Зрэшты, лепш бы і не ўспамінаць, якім цяжкім яно было ў мяне, асабліва ў дзяцінстве, — пачала свой аповед жанчына. — Рана памёр тата. Мама засталася з сямю малымі дзецьмі. Гадаваць нас дапамагалі дзве татавы сястры і дзядуля. А колькі страху нацярпеліся ў вайну! Наша вёсачка Ярыжына знаходзілася насупраць скрыжавання дарог, што вялі з Шаркаўшчыны і Глыбокага. На тым скрыжаванні і разгарэўся бой паміж савецкімі воінамі і фашыстамі. Варожыя танкі рушылі ў двары, агароды і ўсё зруйнавалі на сваім шляху. Толькі хаты ўцалелі і людзі засталіся жывымі.
Уліма (яна толькі па дакументах Алімпіяда) скончыла ўсяго 3 класы. Каб хадзіць у школу, патрэбны былі адзенне і абутак, а іх у мнагадзетнай сям’і ў пасляваенны час не хапала. Ды і сама дзяўчынка не цягнулася да вучобы. Затое з малых гадоў працавала. Падлеткам пайшла рабочай на Мосарскі льнозавод, аднак там мала плацілі. У пошуках большага заробку ўладкавалася ў дыстанцыю пуці.
— Трамбавала чыгуначнае палатно, укладвала і падбівала шпалы, — расказвала Алімпіяда Адольфаўна. — Работа была вельмі цяжкая і адказная. Але я ў любой рабоце шчырая. Майстар ацаніў гэта, і мяне разам са старэйшымі таварышамі накіравалі ў камандзіроўку ў Карэлафінск. 40 дзён працавала там на чыгунцы, добра зарабіла.
З будучым мужам, Аляксандрам Ландышкам, яна пазнаёмілася ў роднай вёсцы. Хлопец прыехаў у іх калгас «Кастрычнік» будаваць жыллё. Пажаніўшыся, маладыя сталі жыць у яго бацькоў у Кеўлічах. Алімпіяда пайшла даяркай на ферму ў Стахоўскія.
— Адпрацавала там 18 гадоў, — працягвала яна свой расказ. — Засталася б і надалей, але ў Барэйках закрылі школу, і нашым дзецям давялося б хадзіць ажно ў белькаўскую. Дзеля іх вырашылі шукаць іншае месца жыхарства і работы. У старшыні калгаса імя Суворава Алега Адольфавіча Валодзькі папрасіліся ў Навасёлкі, і ён прыняў нас. Атрымалі тут калгасны дом, у якім жыву і сёння. Нам выдзелілі транспарт для перавозу маёмасці і скаціны (яе трымалі шмат).
Як паказаў час, рашэнне аб пераездзе было правільным, бо Навасёлкі працвітаюць і сёння, а іх маленькія вёсачкі засталіся толькі ва ўспамінах. Алімпіяда даглядала цялят на адкорме, потым яе перавялі свінаркай. Муж працаваў трактарыстам. У сям’і падрастала трое дзяцей. Школа была за некалькі метраў ад дома.
Па-рознаму склаўся лёс маладзейшых Ландышкаў. Да гэтага часу, хоць мінула ўжо 16 гадоў, Алімпіяда Адольфаўна не можа гаварыць без слёз пра сына Леаніда, які згарэў ад запалення лёгкіх на 51-м годзе жыцця: «Як можна было паверыць, што яшчэ ўчора мой Лёнік шчыраваў ля тэхнікі ў майстэрні, а праз тры ці чатыры дні яго вязуць дадому з бальніцы ў труне?! Доўга, ой як доўга я, пахаваўшы Лёню, была як нежывая».
Другі сын, Вячаслаў, скончыў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў у ААТ «Навасёлкі-Лучай» аграномам, зараз узначальвае аддзяленне «Цешалава і Коўзаны» гэтай жа гаспадаркі. Дачка Марына — повар Навасёлкаўскай сярэдняй школы. У Алімпіяды Адольфаўны чатыры дарослыя ўнучкі і тры ўнукі. У аднаго жыццё не склалася, і зараз ён знаходзіцца ў пансіянаце «Троіцкі». Усе астатнія, а таксама адна праўнучка і тры праўнукі, бабулю толькі радуюць.
Не так даўно ў доме было намнога весялей, бо побач з бабуляй жыў унук Максім з сям’ёй. А калі яны пераехалі ў Паставы, Адольфаўна засталася адна. Але кожны дзень, а то і па два разы на дзень да яе наведваюцца дачка і зяць, якія таксама жывуць у Навасёлках. Дома і ля дома чыста і акуратна, дагледжаныя гаспадарчыя пабудовы і агарод.
— Аднак маёй заслугі ў гэтым няма, — прызналася суразмоўца. — Усё робяць Марына і Стась (у мяне вельмі добры зяць). Мне не дазваляюць нават выходзіць з дома адной, бо здароўе здае і магу заваліцца на роўным месцы. Але прашу Бога, каб не было горш.
У самым светлым і прасторным пакоі дома прыгожа аформлены міні-алтар. Тут Адольфаўна кожны дзень моліцца. Акрамя таго, раз на месяц да яе наведваецца ксёндз Яўгеній з лучайскага касцёла, моліцца, спавядае яе, і той дзень становіцца для бабулі сапраўдным святам.
Вяртаючыся да юбілею, скажу, што імянінніцу павіншавалі як прадстаўнікі раённай улады, так і кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай», Навасёлкаўскага сельскага Савета, ТЦСАН. А ўсе родныя сабраліся за святочным сталом і шчыра жадалі, каб такая ж юбілейная сустрэча адбылася і праз пяць гадоў.
Фаіна Касаткіна

