Дабрыня, чуласць, міласэрнасць — такія якасці ўласцівыя старшай медыцынскай сястры хірургічнага аддзялення Пастаўскай ЦРБ Вікторыі Аліхвер. Менавіта яны і прывялі маладую жанчыну ў медыцыну.
У дзяцінстве найлепшым сябрам Вікторыі быў дзядуля. З гадамі ён пачаў усё часцей хварэць. І дзяўчынцы здавалася, калі яна стане медыкам, зможа дапамагчы блізкаму чалавеку і іншым родным быць здаровымі. Праўда, пасля школы паступіць у медвучылішча ўдалося не адразу, а падчас вучобы ў ім абарваўся зямны шлях дзядулі. Але жаданне дапамагаць людзям не знікла. Больш за тое, хацелася працаваць там, дзе найцяжэй, — у хірургіі. І мара ажыццявілася.
Сваё першае дзяжурства ў якасці паставой медсястры Вікторыя памятае і сёння.
— Яно было нялёгкім, — узгадвае. — Паступілі пацярпелыя ў дарожна-транспартным здарэнні. Усю ноч давялося сачыць за іх станам і станам іншых прааперыраваных. Раніцай вярталася дамоў з пачуццём гордасці за тое, што дапамагла выратаваць камусьці жыццё, нічога нідзе не забыла, усё зрабіла правільна.
Пазней такіх дзяжурстваў была не адна сотня. І на кожнае маладая медсястра спяшалася з радасцю, бо любіла сваю работу. Нават з другога дэкрэтнага водпуску выйшла датэрмінова, калі дзіцяці споўнілася ўсяго год і 8 месяцаў.
З 2018 года Вікторыя Аліхвер перыядычна выконвае абавязкі старшай медсястры аддзялення. Сочыць за парадкам у ім, санэпідрэжымам, складае графікі дзяжурстваў медсясцёр і забяспечвае пост медыкаментамі. А па суботах бярэ дзяжурства на посце і лечыць хворых у аддзяленні, выконваючы назначэнні ўрача, рыхтуе новых пацыентаў да аперацый. Нягледзячы на тое, што людзі ў бальніцу трапляюць розныя, у кожнага свой характар, яна ўмее знайсці падыход да ўсіх, падтрымаць словам, падбадзёрыць усмешкай.
Алена Шапавалава

