Благодаря усилиям работников ДЭУ-33 преображаются мосты, остановки, дороги

Общество

У гэтыя дні, па якім бы ўчастку рэспубліканскіх дарог, што праходзяць праз Пастаўшчыну, ні праязджаў, усюды сустрэнеш работнікаў ДЭУ-33.

У аўторак каля аўтобуснага прыпынку «Мацуты» па дарозе з Камай на Паставы звярнула ўвагу на дарожную машыну, якая толькі што тут спынілася. Вырашыла пацікавіцца, чым будуць займацца рабочыя. Мой погляд адразу ўпаў на два вялікія смеццевыя пакеты, раскіданыя каля сметніцы бутэлькі з-пад піва.

— Мы — брыгада з лынтупскага ўчастка, — расказвалі мужчыны. — Наводзім парадак на замацаваных за намі аб’ектах. Такую непрыглядную, як тут, карціну на аўтобусных прыпынках, стаянках аўтатранспарту бачым кожны дзень. Нядобрасумленныя людзі вязуць смецце з дому і пакідаюць на іх. Асабліва яго шмат на прыпынках, размешчаных блізка ад дачных пасёлкаў. Няўжо цяжка давезці смецце да спецыяльна абсталяваных кантэйнераў?

Пагутарыўшы, Аляксандр Ягела і Валерый Сініца ўзяліся фарбаваць бардзюры, Станіслаў Гатоўчык — лаўку на прыпынку.

Дарожнікі цяпер абнаўляюць дарожныя знакі, фарбуюць аўтобусныя прыпынкі, мыюць бар’ерныя агароджы на мастах. Усяго ДЭУ-33 абслугоўвае 26 мастоў. Усе яны кёрхерамі ўжо ачышчаны ад саляна-пясчанай сумесі, якой былі закіданыя зімой падчас расчысткі дарог ад снегу. Вялікую дапамогу ў гэтым аказалі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У Камаях на цэнтральнай вуліцы, што ідзе праз аграгарадок у бок Лынтуп, двое дарожных рабочых ДЭУ-33 Андрэй Карманаў і Барыс Пашкоўскі кёрхерам мылі агароджу. Рух транспарту тут даволі інтэнсіўны, і жалезабетонная агароджа за зіму становіцца літаральна чорнай. Старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Урбанайць звярнуўся па дапамогу да дарожнікаў.

— Працуюць тут трэці дзень, — расказваў Генадзіў Часлававіч. — Прайшлі толькі па адным баку, застаўся другі. А таксама трэба памыць агароджу на цэнтральнай плошчы Камай і іншых вуліцах. Так што работы шмат. Дзякуй дарожнікам за дапамогу.

— Пакуль вядзём ямачны рамонт дарог, — расказваў галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Цэхановіч. — На наступным тыдні распачнём абнаўленне асфальтавага пакрыцця. Першы аб’ект — участак дарогі ад павароту на вёску Сіўцы да Кураполля. Сёлета вялікі аб’ём работ трэба выканаць на дарозе Р-45: з боку Глыбокага і да граніцы з Літвой. Прадоўжым абнаўляць аўтобусныя павільёны.

На гэтым тыдні давялося пабываць у розных куточках раёна. І так прыемна бачыць, як добраўпарадкоўваюцца населеныя пункты! Праўда, робіцца ўсё гэта толькі сіламі адпаведных арганізацый. А вось гараджане і вяскоўцы пакуль пасіўнічаюць.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.