Механизаторы Иван и Алексей Ярковские всегда подставят друг другу плечо

Сельское хозяйство

Івана і Аляксея Яркоўскіх ведаю даўно. У Івана Часлававіча за плячыма 30 гадоў механізатарскага стажу. 17 з іх шчыруе на палях ААТ «Камайскі-агра». Ведае кожны кавалак зямлі. На МТЗ-3522 з 6-метровай сеялкай працуе ўжо сёмы сезон. Жартуе: «Самі сеем, самі і ўбіраем». На час жніва механізатар садзіцца за штурвал камбайна. Па слядах бацькі пайшлі сыны Аляксей і Дзмітрый. Абодва скончылі Пастаўскі дзяржаўны каледж і ўладкаваліся ў родную гаспадарку. Вопыту набіраліся ў бацькі: у свой час працавалі памочнікамі на жніве. Ужо каторы год Аляксей убірае збажыну самастойна. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла яму і сяўбу.

— Сітуацыі ўзнікаюць розныя, і мы ў кожнай падставім адзін аднаму плячо, — гаварыў Іван. — У мяне больш вопыту і мудрасці, і я імі дзялюся. Лёша выручае спрытам і хуткасцю.

Пасля зацяжных дажджоў у сераду ў ААТ «Камайскі-агра» зрабілі другі заход на пасяўную. На полі за Драбышамі механізатары малочнага завода Анатоль Пронька і Аляксандр Собаль на энерганасычаных трактарах зранку рыхтавалі глебу. Пад’ехалі сеяльшчыкі Іван і Аляксей Яркоўскія. Была ў полі і галоўны тэхнолаг камайскіх палёў Аксана Касякова. Яна дапамагла механізатарам устанавіць на камп’ютарах трактароў норму высеву пшаніцы. Завітаў сюды і першы намеснік дырэктара малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі.

— У камайцаў найбольшы клін зерневых і зернебабовых: ім трэба засеяць 1 225 гектараў, — гаварыў Канстанцін Генрыхавіч. — А яшчэ — рапс, кукурузу, аднагадовыя культуры. Ёсць праблемы з тэхнікай і пасяўнымі агрэгатамі, таму пакуль сеюць толькі Яркоўскія. І хоць тэрміны сяўбы зерневых яшчэ не на зыходзе, тэмпы пасяўной усё ж трывожаць. Тэхналогія патрабуе, каб усё рабілася своечасова.

— Пасяўныя агрэгаты вывелі ў поле яшчэ ў канцы сакавіка, — расказвала Аксана Касякова. — На некаторых участках глеба была пераўвільготненая, не ўсюды магла заехаць тэхніка. А з-за дажджоў работы прыпыніліся на 8 дзён. Колькі за гэты час паспелі б зрабіць! Многія палі ўвогуле напаміналі малыя азёры. Як толькі крыху падсохла, пусцілі тэхніку зноў. Дзякуй кіраўніцтву малочнага завода за дапамогу ў набыцці насеннага матэрыялу, удабрэнняў, падрыхтоўцы глебы. Сваімі сіламі нам не справіцца з такім аб’ёмам работ. Асабістая ўдзячнасць Канстанціну Генрыхавічу Гайлеўскаму за яго парады і клопат.

У сераду Яркоўскія засеялі ўсяго каля 30 гектараў: перашкаджала пераўвільготненасць глебы. Аграрыі спадзяюцца, што надвор’е ўсталюецца і тэмп работ павялічыцца.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.