В рыбхозе «Новинки» за день вылавливают более 30 тонн карпа, толстолобика, амура и другой рыбы

Важное Сельское хозяйство

Калі хлебаробы жніво ўжо даўно завяршылі, то пуціна ў рыбгасе «Навінкі» толькі набірае абароты. За дзень тут вылоўліваюць больш за 30 тон карпа, таўсталобіка, амура і іншай рыбы.

Ведаю, што працэс вырошчвання рыбы няпросты, нават невялікае ўпушчэнне можа прывесці да яе мору. Як і ў аграрыяў, так і ў рыбаводаў вынікі работы ў многім залежаць ад надвор’я. У дырэктара прадпрыемства Аляксандра Ліхаманава цікаўлюся, як рыба перанесла сёлетнюю спёку, ці не перасыхалі сажалкі.

Усё было на кантролі, — адказаў Аляксандр Пятровіч. — У нас вельмі адказныя і кваліфікаваныя спецыялісты, старанныя работнікі. Пра канчатковыя вынікі пакуль гаварыць рана, але, нягледзячы на розныя склада­насці, разлічваем атрымаць не менш за 1 000 тон рыбы. Першыя дні аблову паказваюць, што «ўра­джай» у нас нядрэнны. І толькі таму, што строга выконваем усе тэхналагічныя працэсы.

Вясной у рыбгасе актыўна вядзецца інкубацыйная кампанія. Спачатку атрымліваюць ікру, затым — лічынкі шчупака, карпа, ліня, сома. Малькоў запускаюць у спецыяльныя сажалкі. Прыкладна з мая да пачатку кастрычніка, калі рыба найлепш набірае вагу, яе кормяць спецыяльным камбікормам і восенню атрымліваюць пасадачны матэрыял. Працэс вырошчвання таварнай рыбы доўжыцца ад 2 да 3 гадоў.

З дырэктарам едзем да месца аблову. Абапал вузкай земляной касы — цудоўныя краявіды. Над сажалкамі лятаюць чайкі, у чароце затаіліся чаплі. А найбольш дакучаюць рыбаводам бакланы. Адна птушка за дзень з’ядае да паўтара кілаграма рыбы. Страты вялікія. Таму ў рыбгасе ўсе, хто мае пасведчанне паляўнічага, адстрэльваюць птушак-драпежнікаў. Сёлета ўжо здабылі больш за 1 000 галоў.

Як для камбайнераў самы радасны час — уборка зерневых і зернебабовых, так для рыбакоў — закінуць і выцягнуць невад з нагульнай сажалкі з важкім уловам. На месцы аблову чатыры маладыя мужчыны ў спецыяльных камбінезонах амаль па пояс у вадзе вялікімі сачкамі чэрпаюць серабрыстага карпа, залацістабокага амура, бронзавага ліня і грузяць у кантэйнер. Яго кранам падымаюць наверх і выгружаюць рыбу ў бочку аўтамабіля. Той накіроўваецца на сартавальны пункт.

Тут чакаюць рабочыя, што будуць адбіраць рыбу не толькі па відах, але і па вазе. Па спецыяльным рукаве рыба з бочкі трапляе на сартавальню. Таварная сартуецца на сярэднюю, буйную, адборную і адборна-эліт­ную. Частку яе адразу павязуць на рэалізацыю ў райцэнтр, Віцебск, Полацк, Наваполацк і іншыя гарады, частку выгрузяць у зімавальныя сажалкі, адкуль будуць зноў па меры неабходнасці вылоўліваць і прадаваць. У сажалкі на дарошчванне адпраўляецца і маладняк вагой да 300 грамаў. Па латку з вадой ён загружаецца ў кантэйнер, адтуль — у бочку аўтамабіля і адвозіцца да зімавальнай сажалкі.

Рыба – крыніца бялку. Яна ніколькі не саступае мясу, і нават больш карысная. Рыбныя тлушчы перашкаджаюць назапашванню халестэрыну і развіццю атэрасклерозу. Медыкі рэкамендуюць уключаць рыбныя стравы ў рацыён не радзей чым 3 разы на тыдзень.

Пакідаючы Навінкі, не магла не спыніцца ля рыбакоў-аматараў, якія па абодва бакі «абляпілі» доўгую сажалку. Ахвотных тут парыбачыць на платнай аснове вельмі шмат. Мужчыны не вельмі жадаюць адрывацца ад свайго занятку, тым не менш дзеляцца эмоцыямі. Некаторыя сцвярджаюць, што іх прыцягваюць сюды не столькі сапраўдныя трафеі, колькі сам працэс і маляўнічая прырода, якая дазваляе забыцца на гарадскую мітусню і праблемы, атрымаць задавальненне і зарад адрэналіну. А калі яшчэ пашанцуе з уловам, то радасці няма межаў.

Хочаце паспрабаваць удачы? Да 1 кастрычніка ёсць час.

Наша рыба — прыгожая, экалагічна чыстая і самая смачная, — сцвярджаў Аляксандр Ліхаманаў. — Гэта звязана з тым, што сажалкі размешчаны ўдалечыні ад прамысловых прадпрыемстваў, у іх заўсёды свежая вада, якая падаецца па каналах з возера і ракі. Таму запрашаем заўтра на сельскагаспадарчы кірмаш, дзе наша прадукцыя будзе ў шырокім асартыменце. Яе, як і ў мінулыя гады, будзем прадаваць кожныя сераду і нядзелю на рынку па вуліцы Кастрычніцкай, а таксама каля рынку завода «Беліт».

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.