На прошлой неделе в белорусской семье прибыло: клятву верности Беларуси дали трое новых граждан

Общество

На мінулым тыдні ў беларускай сям’і прыбыло: клятву вернасці нашай краіне далі трое новых грамадзян. Хвалюючая і доўгачаканая для іх падзея адбылася ў памяшканні раённага аддзела ўнутраных спраў.

Для тых, хто прэтэндуе на атрыманне беларускага грамадзянства, прынясенне прысягі стала абавязковым з ліпеня мінулага года. Адпаведны ўказ, у якім зацверджаны тэкст прысягі і парадак яе прынясення, падпісаў Прэзідэнт Беларусі. У Пастаўскім раёне такая ўрачыстая цырымонія адбылася ўпершыню.

— Мне вельмі прыемна, што ў нас з’явіліся новыя грамадзяне, — адзначыў, вітаючы прысутных, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Уладзіслаў Рыхліцкі. — У Пастаўскім раёне вы жывяце не першы год, і я ўпэўнены, што і ён, і наша Беларусь для вас даўно сталі роднымі і вы і надалей будзеце накіроўваць усе свае намаганні на іх росквіт. Быць грама­дзянінам — ганарова і адказна. І дзяржава адказвае на гэта ўзаемнасцю: кожны беларус ведае, што яго жыццё, свабоды і правы надзейна ахоўваюцца Асноўным Законам краіны — Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Віншую!

Новымі грамадзянамі Беларусі сталі ўраджэнцы Казахстана, Літвы і Украіны. Гэта Людміла Ковач, Віталій Рымшаліс і Віктар Бабчук. У кожнага — свой непаўторны жыццёвы лёс, які звязаў іх з Пастаўшчынай. Але, на здзіў­ленне, нямала і агульнага. Усе трое даўно «прыраслі» да нашай зямлі: жывуць тут каля 30 гадоў, узялі шлюб з беларусамі, іх дзеці маюць грамадзянства нашай краіны. Пасля доўгіх роздумаў вырашылі далучыцца да беларускай сям’і і яны. Затое, сцвярджаюць, гэта выверанае розумам і падказанае сэрцам рашэнне. Віктар адзначыў, што найперш цэ­ніць стабільнасць у нашай краіне. Для Віталія было істотным перастаць быць адшчапенцам у сям’і, дзе ўсе ма­юць беларускае грамадзянства, адчуваць сябе паўнавартасным грамадзянінам. Для Людмілы галоўнае — міралюбівая палітыка Беларусі, дзе нават не існуе такога паняцця, як прыгнёт па нацыянальным прынцыпе.

— Мы былі вымушаныя перасяліцца з Казахстана, бо там, дзе жылі, пачаў падымаць галаву нацызм, — расказвала Людміла Ковач. — Першым у Пастаўскі раён пераехаў мамін брат. Ён заняўся тут фермерствам, параіў пераязджаць сюды і нам. І меў рацыю! Я вельмі шчаслівая, што атрымала беларускае грамадзянства, ды яшчэ ў такое сімвалічнае для мяне свята — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У суседняй краіне жыве мой брат.

Новыя грамадзяне паабяцалі ва ўсім быць адданымі нашай Беларусі, паважаць яе мінулае і цаніць сучаснае.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.