Осторожно, клещи! Популяция клещей выросла, а значит, повысилась и опасность

Общество

Якія ж агідныя гэтыя насякомыя! Яшчэ больш прыкра, што я не аднойчы прыносіла іх з лесу. Здаралася, не заўсёды заўважала, і яны ўпіваліся ў цела. Добра, што мая суседка-медык вельмі спрытна выдаляла крывапіўцаў. Але пасля кожнай працэдуры даводзілася піць антыбіётыкі, каб не падхапіць інфекцыю.

Усім вядома, што кляшчы могуць быць пераносчыкамі такіх небяспечных захворванняў, як клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма (Лайм-барэліёз). Як патлумачыла галоўны ўрач райЦГЭ Святлана Рассеева, летась у нашым раёне выяўлены адзін факт заражэння чалавека хваробай Лайма, а ў вобласці ажно 337 (на 42 больш, чым у 2022 годзе) і 16 выпадкаў энцэфаліту (плюс 4 да 2022 года). На 362 чалавекі вырасла за год на Віцебшчыне колькасць пакусаных кляшчамі і склала 4 793 чалавекі, у тым ліку ў нашым раёне — 53. Прыведзеныя лічбы сведчаць пра тое, што папуляцыя кляшчоў вырасла, а зна­чыць, павысілася і небяспека.

Гэтыя насякомыя асабліва любяць ліставыя і змешаныя лясы, дзе высокая вільгот­насць і камфортная тэмпература паветра. Таму не дзіўна падхапіць кляшча, пайшоўшы ў лес у грыбы-ягады ці проста на прагулку. Аднак яны падсцерагаюць не толькі там, але і ў парках, скверах, на прысядзібных участках, у іншых месцах, дзе не абкошваецца трава, не наводзіцца парадак.

Пік актыўнасці кляшчоў прыпадае на вясну. А вясна якраз і з’яўляецца тым перыядам, калі мы можам пазбавіць іх камфортнага асяроддзя, актыўна ўзяўшыся за добраўпарадкаванне. Паглядзіце навокал — колькі сухой мінулагодняй травы, зарасляў хмызняку ­ўздоўж дарог, стыхійных звалак смецця! Не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў райцэнтры. Толькі на суботніках парадак усюды не навесці. Тут патрэбна сістэмная работа.

Спецыялістамі райЦГЭ летась абследавана 1 375 тэрыторый у Паставах і раёне, на 869 выяўлены парушэнні. Кіраўнікам выдадзена 100 прадпісанняў, накіравана 104 інфармацыйныя пісьмы пра неабходнасць ухілення недахопаў, складзена 10 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, накіравана 46 хадайніцтваў аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб.

Кантроль працягваецца. Але найперш па ўласнай ініцыятыве кожнаму варта праявіць сябе гаспадаром — у двары ўласнага дома, на прысядзібным участку, тэрыторыі арганізацыі, у якой працуеце, парку ці скверы, дзе любіце адпачываць, у родным горадзе ці вёсцы.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.