Пятеро детей-школьников из одной семьи, проживающей в аг. Андроны, признаны нуждающимися в государственной защите

Общество

9 красавіка на выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пяцёра дзяцей-школьнікаў з адной сям’і, якая пражывае ў аг. Андроны, прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пасяджэнне праходзіла ў памяшканні Курапольскага сельвыканкама. На яго былі запрошаны бацькі з Андрон і Кураполля, якія выхоўваюць непаўналетніх. (Напярэдадні члены камісіі абследавалі 19 сем’яў у гэтых аграгарадках.) 45-гадовая Б. і 42-гадовы Т. на пасяджэнне не з’явіліся, хаця ведалі, што на ім будзе вырашацца лёс іх 5 дзяцей. Такія паво­дзіны не паддаюцца разуменню.

Нельга зразумець і ўклад жыцця гэтай сям’і. Т. і Б. шлюб не зарэгістравалі, але шмат гадоў жывуць разам, і ў іх чацвёра агульных дзяцей. Малодшую дачушку Б. нарадзіла ад іншага мужчыны, але ён памёр. У кастрычніку 2023 года раённы каардынацыйны савет прызнаў, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і паставіў перад бацькамі задачу па выпраўленні становішча. Сям’ю суправаджалі ўсе суб’екты прафілактыкі, аднак самі бацькі актыўнасці не праявілі. Іх паво­дзіны неаднаразова разглядалі на пасяджэнні савета па прафілактыцы пастаўскай СШ №3, у якой вучацца дзеці, грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, сям’і аказвалі дапамогу. Але ніякіх зрухаў у лепшы бок не адбылося. Умовы пражывання непаўналетніх такія, што ствараюць пагрозу іх здароўю і жыццю.

Мнагадзетная сям’я магла б атрымаць кватэру з усімі выгодамі ў райцэнтры. Аднак бацькі нават не сталі на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ды і ў Андронах у іх нядрэннае жыллё, якое належыць сельгаспрадпрыемству. Толькі ў ім пануе антысанітарыя. У памяшканні непрыемны пах, падлога ва ўсіх пакоях брудная, газавая пліта — таксама, ракавіна запоўнена нямытым посудам. Шпалеры абарваныя, сцены размаляваныя, рэчы раскіданыя, пасцельная бялізна брудная. У доме няма халадзільніка, запас прадуктаў мінімальны. Не аднойчы ў дзяцей выяўляўся педыкулёз.

Не выконваюцца правілы пажарнай бяспекі. Ацяпленне ў доме пячное, печы патрабуюць рамонту. Недастатковы запас паліва. Пральная машына падключана праз падаўжальнік, які ляжыць на мокрай падлозе. Каля печкі валяюцца акуркі і запалкі.

Сям’я пастаянна адчувае фінансавыя цяжкасці з той прычыны, што бацькі не працу­юць і злоўжываюць алкаголем. Перыядычна паміж імі разгараюцца сваркі, прыязджае па выкліках міліцыя. Пасля скандалаў бацька пакідае сям’ю і нейкі час жыве ў сваёй сястры ў іншай вёсцы, а маці «адпачывае» з асобамі, якія вядуць амаральны лад жыцця.

Вось такі «прыклад» для дзяцей. Двое з іх ужо амаль дарослыя — ходзяць у 10 клас. Юнак нават вызначаецца ў вучобе: перамог у абласной прадметнай алімпіядзе і даволі паспяхова заявіў пра сябе ў рэспубліканскай. А вось яго сястра стала збівацца з правільнага шляху. У першым паўгоддзі яна прапусціла без уважлівых прычын 21 школьны дзень, у другім — 40. Брат і сястра нярэдка канфліктуюць паміж сабой, а маці наракае, што не можа на іх уздзейнічаць. Яшчэ б! Які ў яе аўтарытэт?

У той дзень, калі ў Кураполлі праходзіла пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, стаяла цудоўнае надвор’е: усё ажывала, зелянела, заліваліся спевамі птушак. Падумалася: як прырода цягнецца да сонца, так і дзеці — да бацькоў, і тыя саграваюць іх цяплом, ахіна­юць клопатам і любоўю, пяшчотна ўзрошчваюць свой працяг. І якім жа дысанансам гэтаму стала ўсё пачутае і ўбачанае тут!

Пяцёра вучняў СШ №3 — два хлопчыкі і тры дзяўчынкі: у той дзень пасля ўрокаў дадому не вярнуліся — іх забралі са школы ў сацыяльны прытулак. Адтуль трох сястрычак адразу ж змясцілі на лячэнне ў інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. У прытулку дзеці будуць знаходзіцца паўгода. Дастатковы тэрмін для бацькоў, каб прыняць усе меры па вяртанні дзяцей у сям’ю. Але наўрад ці яны гэта зробяць. У іх і раней двойчы забіралі дзяцей у прытулак. Бацькі выпраўляліся ненадоўга. Як толькі вярталі, яны браліся за старое.

Маці адабраных дзяцей члены камісіі знайшлі дома. Яна была нападпітку і абсалютна спакойная — ні слёз, ні істэрык, нібыта ніякай драмы ў сям’і не адбылося. Толькі «распарадзілася», каб у прытулку добра глядзелі за яе дзецьмі. Бацька так і не з’явіўся на гарызонце…



Марына Нагановіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

На жаль, праблема дрэннага сямейнага становішча застаецца актуальнай. На сёння 86 дзяцей з 43 сем’яў у раёне знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 10 змешчаны ў сацыяльны прытулак.

Асноўная прычына — п’янства бацькоў. Аднак вялікую занепакоенасць выклікае і сацыялізацыя сем’яў. Некаторыя бацькі не злоўжываюць спіртнымі напіткамі, працуюць, але не ўмеюць або не жадаюць стварыць належныя бытавыя ўмовы для пражывання дзяцей. Абследуючы сем’і, выяўляем антысанітарыю, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, невыкананне элементарных гігіенічных патрабаванняў.

Згружаны ў ванну брудны посуд, кучы попелу на падлозе, заваленыя адзеннем спальныя месцы, рэшткі ежы пад сталом, 20 катоў і 4 сабакі ў адной кватэры, загрувашчаная прыдамавая тэрыторыя… Хіба не абуральныя факты?

Такога быць не павінна. Наша камісія і суб’екты прафілактыкі яшчэ больш актывізуюць работу з такімі нядобранадзейнымі сем’ямі і будуць прад’яўляць да іх самыя жорсткія патрабаванні.



Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.