В детском саду №5 прошла акция «Зажги синим!» ко Дню распространения информации о проблеме аутизма

Образование

2 красавіка, у Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі пра праблему аўтызму, у пастаўскім дзіцячым садзе 5 («Рамонак») прайшла акцыя «Запалі сінім!». Яе мэтай было падтрымаць дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра і звярнуць увагу навакольных на неабходнасць дапамагаць ім.

Са 186 выхаванцаў «Рамонка» тыя ці іншыя асаблівасці развіцця маюць 23 дзіцяці. Трое з іх — аўтысты, у якіх парушана сацыяльнае ўзаемадзеянне. Нягле­дзячы на неўралагічныя праблемы, яны камфортна адчуваюць сябе ў кампаніі здаровых дзяцей, наведваючы групы інтэграванага навучання і выхавання (усяго ў садку іх 9). Ад звычайных хлопчыкаў і дзяўчынак дзеткі з аўтызмам адрозніваюцца тым, што побач з імі на працягу дня знаходзяцца выхавальнікі індывідуальнага суправаджэння, якімі працуюць Юлія Зелянкевіч і Кацярына Юркова. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць такім малым і настаўнікі-дэфектолагі Наталля Крошка, Кацярына Багушэвіч і Алена Грыб. Менавіта яны і сталі ініцыятарамі правядзення названай акцыі, да якой далучыліся іншыя педагогі, дзеці і бацькі.

У той дзень усе работнікі сада і яго выхаванцы прыйшлі ў дашкольную ўстанову ў адзенні сіняга колеру. Чаму ў сінім? Таму што гэта афіцыйны колер няўрадавай арганізацыі па абароне правоў людзей з аўтызмам Autism Speaks. Выбраны ён невыпадкова. Па статыстыцы, аўтызм сустракаецца ў хлопчыкаў амаль у 5 разоў часцей, чым у дзяўчынак. І ў традыцыйным асацыятыўным размеркаванні дзіцячых адценняў сіні «належыць» хлопчыкам. Да таго ж гэта колер дабрыні, пастаянства і сімпатыі. Іх, а таксама падтрымку, лагоднасць, узаемадапамогу і пастараліся прадэманстраваць удзельнікі акцыі.

У яе рамках быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў. Хол сада педагогі ўпрыгожылі сінімі паветранымі шарамі і малюнкамі дзяцей. Там жа паставілі мальберты, прапанаваўшы бацькам з дзецьмі, перад тым як зайсці ў групу, наклеіць сінюю кветку. У выніку атрымаліся плакаты з выкладзеных кветкамі сэрцаў з надпісам «Мы разам!». Мамам і татам выхавальнікі ўручылі памяткі з інфармацыяй пра аўтызм і зробленыя дзецьмі далоні. Таксама для інфармавання бацькоў аформілі стэнд «2 красавіка — Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі пра праблему аўтызму», у бацькоўскіх кутках груп размясцілі наглядную інфармацыю ў выглядзе лістовак і буклетаў, якія падрыхтавалі настаўнікі-дэфектолагі.

Дзецям сярэдняга ўзросту выхавальнікі прачыталі казку «Самая прыгожая» і правялі з імі гутарку на тэму «Дабрыня ўратуе свет». Акрамя таго, прапанавалі малым размаляваць малюнкі сінім колерам, як гэта бачаць дзеці з аўтызмам. Для выхаванцаў старэйшых груп у музычнай зале быў арганізаваны прагляд мультфільма «Пра Дзіму», дзе ў даступнай форме падаецца інфармацыя пра асаблівых дзяцей, як з імі размаўляць, гуляць, сябраваць. Потым хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у абмеркаванні зместу мультфільма. З мэтай выхавання талерантных адносін да асаблівых дзяцей, міласэрнасці, увагі і жадання прыйсці ім на дапамогу была праведзена гульня «Адчуй сябе асаблівым». Завяршылася ўсё флэшмобам «Запалі сінім!».

— Акцыю ў падтрымку дзяцей з аўтызмам мы арганізавалі ўпершыню, — гаварыла загадчык сада Ірына Зубкевіч. — Вырашылі правесці яе таму, што такіх дзетак з кожным годам становіцца ўсё больш. Хочацца, каб людзі ведалі пра іх і з разуменнем да іх адносіліся. Спадзяёмся, што пасля ўдзелу ў акцыі ў кожнага дзіцяці і дарослага ў душы пасялілася часцінка дабрыні.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.