Штогод кожную трэцюю нядзелю мая на планеце адзначаецца Сусветны дзень памяці памерлых ад СНІДу. Ён праводзіцца з мэтай не толькі ўспомніць пра ахвяр сіндрому набытага імунадэфіцыту, але і выразіць салідарнасць з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ, інфармаваць грамадства і прымусіць задумацца над тым, што праблема ВІЧ-інфекцыі можа закрануць кожнага з нас.
Згодна са статыстыкай, сёння на планеце жыве каля 42 мільёнаў чалавек, заражаных ВІЧ, і штодзень гэты паказчык узрастае як мінімум на 14-15 тысяч. За ўвесь перыяд назірання ад звязаных са СНІДам (ён з’яўляецца апошняй, найбольш цяжкай стадыяй ВІЧ-інфекцыі) хвароб памерла больш за 40 мільёнаў жыхароў планеты. У Беларусі ВІЧ-пазітыўны статус маюць больш за 25 тысяч чалавек, 60 з іх пражываюць у Пастаўскім раёне.
— Першы носьбіт віруса імунадэфіцыту на Пастаўшчыне быў выяўлены ў 2003 годзе, — расказвае ўрач-эпідэміёлаг райЦГЭ Людміла Сафронава. — З таго часу іх колькасць вырасла да 76 чалавек, 16 з якіх памерлі. Сапраўдны ўсплёск інфекцыі адбыўся летась — тады мы зарэгістравалі 11 чалавек з ВІЧ. За 4 месяцы бягучага года такі дыягназ пастаўлены чатыром жыхарам раёна. Трое сёлета пайшлі з жыцця, таму што вельмі позна звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Па распаўсюджанасці ВІЧ на 100 тысяч насельніцтва наш раён займае 6-е месца ў вобласці пасля Лёзненскага, Талачынскага, Гарадоцкага, Расонскага і Полацкага раёнаў.
Па словах Людмілы Мікалаеўны, сярод заражаных пераважаюць мужчыны — іх у нас 33. У асноўным гэта людзі сярэдняга ўзросту, рабочыя або беспрацоўныя, якія не маюць сем’яў і вядуць неўпарадкаванае палавое жыццё. Аднак ёсць і служачыя, грамадзяне, якія пражываюць у афіцыйным шлюбе. Трэцяя частка ўсіх захварэлых пэўны час працавала за межамі Беларусі: у Літве, Польшчы, Расіі, Украіне.
Каб выявіць носьбітаў ВІЧ-інфекцыі, медыкі цэнтральнай раённай бальніцы пастаянна абследуюць пэўныя катэгорыі насельніцтва: цяжарных, донараў, асоб, хворых на туберкулёз, гепатыт, тых, хто мае інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, розныя хранічныя захворванні, каму праводзяцца аперацыі. Некаторыя жыхары раёна праходзяць абследаванне па ўласнай ініцыятыве. У выпадку станоўчага выніку аналізу хворым назначаецца антырэтравірусная тэрапія. Яна бясплатная для пацыентаў, прытым што прымаць супрацьвірусныя прэпараты неабходна штодзень на працягу ўсяго жыцця. Тады інфекцыя ў арганізме стабілізуецца, вірус не пашкоджвае клеткі і органы, не разбурае імунную сістэму, і чалавек становіцца бяспечным для іншых як палавы партнёр.
Але лячыцца жадаюць далёка не ўсе. Некаторыя ўхіляюцца ад прыёму назначаных урачом прэпаратаў або перарываюць курс лячэння. І гэта з’яўляецца адной з прычын далейшага распаўсюджання інфекцыі. Станоўчы момант у такой сітуацыі — за ўвесь час у нашым раёне не рэалізаваўся вертыкальны шлях перадачы віруса (ад маці немаўляці), хоць ВІЧ-інфіцыраванымі маці было народжана 7 дзяцей. А ўсё дзякуючы своечасова праведзенай антырэтравіруснай тэрапіі.
— Для людзей з ВІЧ вельмі актуальнае пытанне талерантнасці да іх навакольных, — зазначае Людміла Сафронава. — І наша задача — сфарміраваць такія адносіны. Усім грамадзянам даступнае абследаванне на наяўнасць віруса ў арганізме. Прайсці яго можна ананімна ў любым горадзе Беларусі. Але трэба памятаць, што на працягу 3—6 месяцаў пасля палавога акта антыцелы да ВІЧ не выяўляюцца — яны толькі фарміруюцца. Таму, калі была праблемная ў плане інфекцыі сітуацыя, бегчы на наступны дзень здаваць кроў не мае сэнсу. Лепш наогул не дапускаць такіх сітуацый.
Алена Шапавалава

