Кубак Беларусі па валейболе. У 5 гарадах Беларусі праходзілі рашаючыя матчы

Спорт и туризм

Галоўныя матчы наперадзе

На мінулым тыдні на працягу трох дзён адразу ў 5 гарадах краіны праходзілі рашаючыя матчы паўторнага тура папярэдняга этапа кубкавага турніру сярод мужчын і жанчын. Усяго 3 пераможцы падгруп датэрмінова выходзілі ў фінал чатырох, а каманды, якія заваявалі 2-е месца, правядуць паміж сабой яшчэ асобны турнір за апошнюю пуцёўку, каб прадоўжыць барацьбу за трафей.


Магчымасці не тыя

«Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы) – 3:0

1 дзень. 3:0 (25:17; 25:17; 25:16)

Наша аматарская каманда такой высокай задачы перад сабой не ставіла. Гэтыя спаборніцтвы яна разглядала як падрыхтоўку да першынства 1-й лігі. Нягледзячы на паражэнне, у цэлым «Атлант» згуляў нядрэнна: спачатку на пляцоўцы выглядаў нават лепш за салігарчан і вёў у ліку (10:5).

Супраць гранда змагаліся Мацкевіч, Пятрэвіч, Канаш, Хадзянок, Багдзель, Дарый, Суханаў, Морхат, Скаромнік, Трава. Па чарзе гульню пастаўчан вялі абодва распасоўшчыкі — Юзвовіч і Сімагасціцкі, а адпачываў толькі капітан, кандыдат у майстры спорту Аляксандр Зарэцкі. Найлепшымі ігракамі сустрэчы сталі Аляксандр Пятрэвіч і Юрый Хадзянок, якія набралі па 11 ачкоў.

У другім матчы мясцовы «Легіён» паўторна з лікам 3:0 абыграў брэсцкі «Заходні Буг».


Кубак Беларусі па валейболе. У 5 гарадах Беларусі праходзілі рашаючыя матчы

Слабей у канцоўках

«Атлант» (Паставы)–«Заходні Буг» (Брэст) – 0:3

2 дзень. 0:3 (21:25; 14:25; 19:25)

На наступны дзень гродзенцы паспрабавалі даць бой фаварыту. Аднак «Шахцёр» без асаблівых праблем разабраўся з імі. Чарговая ўпэўненая перамога (3:0) прынесла яму пуцёўку ў фінальны раўнд напрыканцы года. Такога ж поспеху ў групах «Б» і «С» дабіліся «Барысаў-БДУФК» і «Сталіца» (Мінск).

Барацьба паміж пастаўчанамі і брэсцкай камандай праходзіла ўпарта, асабліва ў стартавай партыі. А ў канцоўцы ў спрэчных сітуацыях суддзі 4 разы аддалі ачкі больш тытулаванаму саперніку. Такая несправядлі­васць негатыўна паўплывала на настрой нашых землякоў.

Пачатак наступнага сэта быў несуцяшальным — 1:8 на карысць «Заходняга Буга», дагнаць саперніка нашы не здолелі. У трэцяй партыі яны змагаліся з апошніх сіл. Аднак у рашаючы момант сапернік згуляў мацней. У канцоўцы матча ён трапна атакаваў, згуляў больш надзейна над сеткай і дабіўся поспеху.


На фоне стомленасці

«Легіён» (Абухава)–«Атлант» (Паставы) – 3:0

3 дзень. 3:0 (25:22; 25:14; 25:12)

Наш сапернік дома датэрмінова фінішаваў другім і разам з віцебскім «Марка-ВДТУ» пазмагаецца ў міні-турніры за выхад у фінал чатырох. Абедзве каманды ў заключным матчы згулялі ў сваё задавальненне. У пастаўчан найлепшым на пляцоўцы зноў быў кандыдат у майстры спорту Аляксандр Пятрэвіч. Не разгубіўся і дэбютант Міхаіл Трава.

Барацьба ішла з пераменным поспехам, але ў канцоўцы стартавага сэта ўдача ўсміхнулася гродзенцам. У далейшым яны ў сваёй зале выбілі нашу каманду з прыёму. У дзеяннях пастаўчан стала адбівацца стомленасць: няпроста тры дні запар змагацца з прафесійнымі валейбалістамі.

Наш сапернік перамог, а пастаўчане пакінулі кубкавы турнір. 30 лістапада і 1 снежня дома яны згуляюць з дзеючым чэмпіёнам 1-й лігі з Гомеля.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.