Да Ганны Павалковіч я ехала ў Гуту як да таленавітага повара, пачуўшы найлепшыя водзывы пра святочныя сталы, якія яна гатуе і накрывае. Але пасля гутаркі з жанчынай, яе мужам і дачкой акрэслілася намнога шырэйшая тэма — пра сямейныя каштоўнасці.
«Сям’я падобная на галінкі дрэва: яны растуць у розных напрамках, але карані застаюцца адным цэлым». Гэты выраз невядомага аўтара як нельга лепш падыходзіць Ганне і Аляксандру Павалковічам, сямейнае дрэва якіх моцнае каранямі і багатае на галінкі. У шлюбе яны 38 гадоў. Далі жыццё дачцэ і сыну, выхавалі іх годнымі людзьмі, маюць пяцярых унукаў.
— У нас вельмі блізкія адносіны з дачкой і сынам, зяцем і нявесткай, а ўнукі — яшчэ большае шчасце, — гаварылі мае суразмоўцы. — Сашу 13 гадоў, Віцы — 11, Мішу — 4, Сары і Каці — па 2.
Дарэчы, у сям’і чатыры Сашы: бацька, сын, зяць і ўнук. Ну хіба не магія імя?
Брат і сястра скончылі адну і тую ж вышэйшую навучальную ўстанову — Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Аднак Саша не застаўся ў прафесіі, зараз ён прадпрымальнік. Ну а Маша працуе выхавальнікам у дзіцячым садку. Абедзве сям’і жывуць у сталіцы. Сёлетняй восенню, аб’яднаўшы фінансы, і з дапамогай бацькоў купілі пад Мінскам дачу, якая стала любімым месцам для ўсіх сямейнікаў.
— Вы маглі б нас не застаць дома, — гаварылі Аляксандр і Ганна Павалковічы. — Больш за тыдзень мы правялі на дачы, потым дзесяць дзён адпачывалі ў санаторыі «Нарач». Пуцёўку падарылі дзеці. Яны кожны год да нашых дзён нараджэння, якія зусім блізка, рыхтуюць нейкі сюрпрыз. Скажам, турыстычную паездку ў Санкт-Пецярбург, пакупку скутара ці той жа адпачынак у санаторыі. Нібыта чытаюць нашы думкі і ажыццяўляюць мары…
Яшчэ б! Дзецям ёсць з каго браць прыклад, яны выраслі ў атмасферы любові і ўзаемаразумення. Вось што расказвае Маша:
А Аляксандр Павалковіч дзяліўся:
— Мы гатовыя зрабіць усё магчымае для дзяцей, а яны — для нас. Калі сын і дачка былі школьнікамі, вучыў іх вадзіць «жыгулі». Сёння яны маюць кватэры, сучасныя машыны і многаму вучаць мяне. Напрыклад, Саша сядзе за руль майго аўто і адразу разумее, што ў ім трэба падрамантаваць. І робіць гэта. У будаўніцтве таксама перасягае мяне. А якія дружныя Саша і Маша паміж сабой! У іх нават ад нас ёсць сакрэты…
Тры пакаленні Павалковічаў моцна з’яднаныя. У сямейны клан лёгка «ўпісаліся» зяць Саша — ураджэнец Оршы — і нявестка Іна, гутчанка.
— Яны сталі для нас такімі ж роднымі, як сын і дачка, — прызналася Ганна Пятроўна. — Дзякуем Богу не толькі за сваіх дзяцей, але і за зяця, нявестку. Радуемся, якія дружныя паміж сабой нашы маладыя і наколькі ўважлівыя да нас! Сёння ў сям’і 11 чалавек. Любім збірацца ў нас, а зараз — і на дачы. Гатуем вялікі казан плову, іншыя стравы або смажым шашлык. А якое раздолле дзецям! Школьнікі Саша і Віка кожныя канікулы праводзяць у нас. Любяць чым-небудзь займацца не толькі са мной, але і з дзядулем. Ён можа і папрацаваць з імі, і пазабаўляцца, і бутэрброды ім зробіць. Дарэчы, выдатна гатуюць і нашы дачка і сын.
І ўсё ж пальма першынства ў кухоннай справе — у гаспадыні. У Ганны 41 год поварскага стажу. Поварам у гуцкай школе працавала яе маці Клаўдзія Іванаўна. Аня, скончыўшы 8 класаў, не стала працягваць вучобу, а пайшла да яе памочніцай. Практыку дзяўчына спасцігала, можна сказаць, з дзяцінства. Тэарэтычныя веды набыла на курсах пры Пастаўскім райспажыўсаюзе. З гадамі стала непераўзыдзеным майстрам сваёй справы. Увесь час працавала поварам у мясцовай школе, а калі яе закрылі, аформіла прадпрымальніцтва.
Вельмі шчаслівым было наша з братам дзяцінства (мы з ім пагодкі). Бацькі ні ў чым нам не адмаўлялі, выконвалі ўсе нашы жаданні. У доме ніколі не ўзнікала непаразуменняў, сварак. Паміж татам і мамай заўсёды роўныя, спакойныя адносіны, яны пастаянна разам. Для нас з Сашам – гэта ўзор дружнай, згуртаванай сям’і. Па такой жа мадэлі будуем свае.
— Напішу пра вас як пра высакакласнага повара, і гэта стане своеасаблівай рэкламай, — кажу жанчыне. А яна ў адказ:
— Рэклама мне, шчыра кажучы, і не патрэбная, бо за заказамі не ганюся. Да гэтага з дапамогай мужа гатавала стравы і накрывала святочныя сталы ў Паставах, Варапаеве, Гуце, іншых месцах. Усё рабіла ад душы. Хацелася, каб людзі засталіся задаволеныя і якасцю страў, і афармленнем сталоў. Здаецца, атрымлівалася, бо кожны раз дзякавалі. Ну а зараз хочацца больш зрабіць для сябе, дзяцей і ўнукаў. Мы з мужам аформілі дакументы на льготную пенсію. З прычыны ліквідацыі прадпрыемства (абое працавалі ў гуцкай школе) яна нам назначана на год раней за агульнаўстаноўлены тэрмін. У снежні атрымаем першую.
У іх хапае спраў дома. Да таго ж дапамагаюць старэнькай маме, якая таксама жыве ў Гуце. Там жа, ля мацінай хаты, і агародніну садзяць. А яшчэ яны вялікія аматары лясных дароў. «Лес — наша стыхія, — прызналася Ганна. — Асабліва любіць збіраць грыбы і ягады муж. Але тры гады назад сустрэлі ў лесе мядзведзя. Я так уцякала, што аж пяткі блішчэлі! А Саша адцягваў увагу звера, пакуль не дабегла да машыны. І толькі тады паціху адышоў сам. На шчасце, нічога страшнага не здарылася, але з таго часу ў лес іду з бояззю».
Не за гарамі Новы год. Мінулы ўсе разам сустракалі ў бацькоўскім доме ў Гуце. Навагодняе свята атрымалася вясёлым, асабліва для малодшага пакалення. Але і ўсіх дарослых чакалі падарункі і сюрпрызы. Не сумняваюся, што радаснай будзе і сустрэча 2025-га, дзе б яна ні ладзілася. І жадаю ўсім тром пакаленням цудоўнай сям’і толькі шчасця.
Фаіна Касаткіна





