Згодна з графікам падрыхтоўкі сельгастэхнікі да веснавых палявых работ, зацверджаным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, пасяўная тэхніка павінна быць гатова да 1 сакавіка, корманарыхтоўчая — да 1 мая, зернеўборачная — да 1 чэрвеня. У сераду заглянула ў ААТ «Хацілы-агра» і пацікавілася ходам рамонтных работ.
У мехмайстэрні размясціліся апырсквальнік «Раса», трактар «Беларус», раскідвальнік мінеральных удабрэнняў і яшчэ некалькі агрэгатаў. Каля паўразабранай тэхнікі завіхаюцца механізатары: чутны стук малаткоў, працуе зварачны апарат.
— Некаторыя гараджане думаюць, што калі на календары зіма, то аграрыі адпачываюць, — гаварыў галоўны інжынер ААТ «Хацілы-агра» Валерый Курто. — Аднак гэта не так. Падрыхтоўка да веснавых палявых работ патрабуе шмат часу і сіл. У нашай гаспадарцы даўно так заведзена: скончылі нарыхтоўку кармоў і, перш чым паставіць корманарыхтоўчую тэхніку на зімовае захоўванне, рамантуем яе; завяршылі ўздым зябліва — заняліся рамонтам плугоў. І толькі тады ставім на лінейку гатоўнасці. Нічога не адкладваем у доўгую скрыню. Шмат тэхнікі імпартнай, таму заяўку на пастаўку запасных частак трэба падаваць загадзя. Механізатар, перад тым як пайсці ў водпуск, рыхтуе трактар і прычапны інвентар да тэхагляду. Людзі стараюцца як мага хутчэй справіцца з пастаўленай задачай. Паколькі чалавек ведае, што яму на гэтай машыне працаваць, рамантуе яе якасна.
Па словах Валерыя Курто, глебаапрачоўчая тэхніка практычна гатовая да выхаду ў поле. На некаторых агрэгатах засталося ўхіліць дробныя няспраўнасці. Запасныя часткі на склад завозяцца па меры неабходнасці, ствараецца іх запас на выпадак непрадбачаных паломак. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства на гэтыя мэты сродкаў не шкадуе, бо добра разумее, што ад бездакорнай работы тэхнікі ў полі залежаць і тэмпы, і якасць работ.
У ААТ «Хацілы-агра» 44 механізатары. У большасці з іх багаты вопыт работы ў сельскай гаспадарцы. За многімі замацавана па некалькі адзінак тэхнікі. У Мікалая Чашуна і Андрэя Мальца 70 гадоў стажу на дваіх. Мужчыны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у кіраўніцтва гаспадаркі і калег. За першым замацаваны МТЗ-82 і МТЗ-3582, камбайн. Веснавыя работы механізатар пачынае з дыскавання, культывацыі глебы. Падчас нарыхтоўкі кармоў працуе з касілкай, на перыяд жніва перасядае на камбайн. А калі ўборка зерневых завяршаецца, падчапляе плугі і займаецца ворывам. У любую пару года хапае спраў Андрэю Мальцу на энерганасычаным «Кіраўцы». Цяпер з калегамі рыхтуе тэхніку да тэхагляду.
Нялёгкая хлебаробская праца ацэньваецца атрыманым ураджаем. Але, каб ён вырас добрым, трэба чарговы сезон палявых работ сустрэць у поўнай тэхнічнай гатоўнасці.
— Мы добра разумеем, што падрыхтаваць тэхніку трэба не толькі своечасова, але і якасна, — працягваў Валерый Курто. — Рамантуем у асноўным сваімі сіламі. Механізатарам дапамагае электрагазазваршчык Сяргей Краўчанка. Калі рамонт складаны, адпраўляем вузлы і агрэгаты на спецыялізаваныя прадпрыемствы. Машынна-трактарны парк гаспадаркі пастаянна абнаўляецца. Мінулай восенню набылі ўніверсальную 6-метровую сеялку Pöttinger. Сёлетняй вясной яе апрабуем.
На машынна-трактарным двары ААТ «Хацілы-агра» налічваецца 57 трактароў, 7 пагрузчыкаў, 7 корманарыхтоўчых камбайнаў, 3 апырсквальнікі «Раса», 6 сеялак, шмат іншых глебаапрацоўчых агрэгатаў, прычэпаў.
Тэхагляд у гаспадарцы назначаны на канец лютага. А гэта не толькі экзамен па рамонце, але і нізкі старт перад пасяўной. Улічваючы надвор’е, якое ўсталявалася, выхад у поле сёлета для аграрыяў можа быць раннім.
Анна Анішкевіч




