У практыцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — штогадовае абследаванне ўмоў пражывання былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў, састарэлых грамадзян раёна і аказанне ім неабходнай дапамогі. Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ўвага да гэтай катэгорыі грамадзян асаблівая.
— У рамках гуманітарнай праграмы «Места сустрэчы: дыялог» нашым цэнтрам на працягу некалькіх гадоў рэалізуецца праект «Аказанне сацыяльна-бытавой падтрымкі былым ахвярам нацызму», — расказвала каардынатар праекта Таццяна Лемянкова. — Мяне ўражваюць лёсы людзей, на долю якіх выпалі цяжкія ваенныя выпрабаванні. У кожнага — свая жыццёвая гісторыя, у якой немагчыма забыць або выкрасліць з яе трагічныя старонкі. Біяграфіі вязняў — сапраўдныя ўрокі мужнасці для нас, сучаснікаў. Мы дасканала вывучаем іх патрэбы і праблемы і прымаем меры па іх вырашэнні.
Нядаўна разам з Таццянай Лемянковай і загадчыцай аддзялення дапамогі дома ТЦСАН Інай Вырвіч я наведалася да пастаўчан Міхаіла і Вольгі Крукоўскіх. Жывуць яны ва ўласным доме па завулку 17 Верасня. Гаспадару 84 гады.
— Нарадзіўся я ў снежні 1940-га, а зарэгістравалі ў студзені 1941-га, — расказваў Міхаіл Фёдаравіч. — Восенню наступнага немцы па-зверску нішчылі ўсё на сваім шляху. Нашы Казяны спалілі, а вяскоўцаў пагналі на Германію, у тым ліку і мяне з бацькамі. Вядома, я нічога не памятаю. Ведаю пра той жудасны час з успамінаў мамы. Нас пакінулі ў германскага баўэра. Тата меў залатыя рукі: быў выдатным сталяром, цесляром, кавалём. Мама працавала на зямлі.
За дзень да вызвалення бацьку Міхаіла немцы расстралялі. Маці з маленькім Мішам чакала цяжкая дарога дадому. Родная вёска сустрэла папялішчам. Прыстанішча знайшлі ў цёткі, якая жыла на хутары, таму яе хата ўцалела.
— Мама ўзялася будаваць свой дом, — успамінаў Міхаіл Крукоўскі. — А ці жаночая гэта работа? Дапамагала радня, знаёмыя. Без мужчынскіх рук цяжка было спраўляцца з гаспадарчымі справамі, таму я рана стаў дарослым. Падышоў час службы ў арміі. Праходзіў яе ў Севераморску. Там застаўся яшчэ на 5 гадоў. Але цягнула ў родныя мясціны.
Вярнуўся, а тут і каханне ўспыхнула — да суседскай дзяўчыны Олі, руплівіцы і прыгажуні.
— Я на сем гадоў маладзейшая за Мішу, — расказвала Вольга Дзіанісаўна. — Пакуль ён быў у Севераморску, скончыла Полацкае медвучылішча. Пажаніліся, перабраліся ў Паставы. Пабудавалі дом, выхавалі двух сыноў. Маем чацвярых унукаў, дваіх праўнукаў.
Вольга Дзіанісаўна амаль 40 гадоў адпрацавала фельчарам хуткай дапамогі, Міхаіл Фёдаравіч 45 гадоў аддаў аўтатранспартнаму прадпрыемству. На «Калхідзе» аб’ехаў ледзь не ўсе рэспублікі былога Савецкага Саюза.
— Гэта цяпер у дальнабойшчыкаў камфортныя машыны, а мая «Калхіда» — халодная, нязручная, — успамінаў. — Калі стала падводзіць здароўе, ад далёкіх рэйсаў адмовіўся. Адпраўлялі ў бліжэйшыя рэйсы.
— Мой Фёдаравіч — працаголік, верны сям’і, справе, Радзіме, — з пяшчотай гледзячы на мужа, гаварыла жонка, з якім у шлюбе амаль 56 гадоў. — Любіць зямлю, корпаецца ў ёй з ранняй вясны да позняй восені. Жыць нам добра. Сыны дапамагаюць, унукі не забываюць, цешаць праўнукі. У чым маем патрэбу? Здароўя малавата. Ды яго нават за грошы не купіш. Удзячныя Прэзідэнту і мясцовай уладзе за ўвагу і клопат пра пажылых, за мірнае неба над нашай краінай.
Анна Анішкевіч

