Чэмпіянат Беларусі па валейболе. “Газавік-Гомель”–“Атлант” (Паставы) – 3:0

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па валейболе

Пад дыктоўку чэмпіёна

“Газавік-Гомель”–“Атлант” (Паставы) – 3:0

1 дзень. 3:0 (25:22; 25:15; 25:13)

Дзеючы чэмпіён — “Газавік” (Гомель) — пасля чатырох асечак, першую з якіх (2:3) атрымаў напрыканцы восені ў Паставах, даўкамплектаваўся, імкнецца выйграць папярэдні раўнд, каб зноў на сваёй пляцоўцы згуляць у фінале. Ён адразу стаў моцна падаваць і атакаваць, і нашы апынуліся ў ролі даганяючых. Намаганнямі вопытных даігроўшчыкаў Аляксандра Пятрэвіча і Руслана Мацкевіча пастаўчанам удавалася зарабляць ачкі, але сапернік не даваў ім зраўняць лік на табло. У канцоўцы сэта “Газавік” згуляў бездакорна і выйшаў наперад.

Нашы паспрабавалі серыяй замен “ажывіць” гульню, але пераламаць ход няўдалага для іх паядынку не змаглі. У дыяганальных Юрыя Хадзянка і Багдана Суханава не пайшла гульня пры завяршэнні камбінацый. На адказную пазіцыю трэнеры перавялі распасоўшчыка Уладзіміра Юзвовіча, так як лідар нападзення, кандыдат у майстры спорту Аляксандр Пятрэвіч стаў памыляцца, бо не зусім яшчэ аправіўся ад хваробы. Сапернік без асаблівых цяжкасцей давёў суботнюю сустрэчу да чарговай перамогі.

Супраць гамяльчан згулялі Канаш, Лабуць, Скаромнік, Трава, Хадзянок, Юзвовіч, Сімагасціцкі, Суханаў, Мацкевіч, Пятрэвіч і капітан Аляксандр Зарэцкі на пазіцыі лібера. У паралельным матчы ў Мінску сталічны РДВАР-2009 прайграў салігорскаму “ДЮСШ-Шахцёр” з лікам 0:3 (14:25; 25:27; 8:25).

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. “Газавік-Гомель”–“Атлант” (Паставы) – 3:0

Яшчэ адна рэпетыцыя

“Газавік-Гомель”–“Атлант” (Паставы) – 3:0

2 дзень. 3:0 (25:18; 25:11; 26:24 )

У паўторным паядынку нашы разлічвалі згуляць мацней, чым напярэдадні. Хутчэй за ўсё, менавіта з “Газавіком” ім давядзецца 10 мая пазмагацца ў паўфінале, калі гамяльчане фінішуюць першымі на папярэднім этапе. На гэту пазіцыю саперніка выводзіў паўторны поспех, а перад стартавым свістком ужо стаў вядомы вынік сустрэчы ў беларускай сталіцы. Выхаванцы рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву дома зноў з лікам 1:3 саступілі салігарчанам. Пастаўчане датэрмінова, як і летась, прабіліся ў фінал чатырох і пачалі сустрэчу з добрым настроем. Яны адчувальна прыбавілі, гулялі ў сваё задавальненне, паколькі за вынік можна было не хвалявацца.

У “Атланта” адразу пайшоў прыгожы атакуючы валейбол. Шмат ачкоў  прынёс нашай камандзе Аляксандр Пятрэвіч. Над сеткай умела дзейнічаў гуляючы галоўны трэнер, кандыдат у майстры спорту Аляксей Лабуць. Ён завяршаў атакі першым тэмпам і блакіраваў мячы гамяльчан над сеткай. Але ж і сапернік згуляў мацней, чым у папярэдняй сустрэчы, асабліва ў абароне, падняў шмат складаных мячоў пасля ўдараў дыяганальных Аляксея Канаша і Юрыя Хадзянка. Дзякуючы гэтаму і займеў камфортную перавагу па сэтах. Да гонару пастаўчан, яны змагаліся да канца.

У канцоўцы трэцяй партыі нашы займелі сэт-бол пры ліку 23:24, але шанцам скараціць розніцу не скарысталіся. Гамяльчане правялі тры запар выніковыя камбінацыі і з 26 набранымі ачкамі ўзначалілі турнірную табліцу. Аднак салігорская каманда і наш наступны сапернік з Барысава (у абодвух па 25 ачкоў) у заключных матчах будуць імкнуцца абысці чэмпіёна. Два заключныя паядынкі прамежкавай стадыі “Атлант” правядзе 22—23 сакавіка дома з “Барысавым-БДУФК-2”. Гэтыя матчы стануць важнымі ў падрыхтоўцы да рашаючых матчаў сезона, у якіх разыграюць медалі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.