З кожным годам у Беларусі павялічваецца колькасць дзяцей, якія маюць розныя адхіленні ў псіхічным або фізічным развіцці. Толькі за мінулы год іх стала больш амаль на 4 тысячы, а ўсяго ў рэспубліцы каля 184 тысяч такіх дзетак. Улічваючы гэта, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі цяпер замацаваны прынцып інклюзіі. Ён мае на ўвазе такую арганізацыю атрымання адукацыі, пры якой усе дзеці, незалежна ад іх асаблівасцей, уключаны ў агульную адукацыйную сістэму. Як названы прынцып рэалізуецца на практыцы, карэспандэнт «ПК» высвятляла ў пастаўскай СШ №1.
У асаблівых – асаблівыя праграмы
Сёння ў першай гарадской школе навучаюцца 16 хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР). Яны атрымліваюць веды разам са звычайнымі дзецьмі ў 9 інтэграваных класах па розных праграмах: для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, цяжкасцямі ў навучанні, парушэннямі слыху і парушэннямі зроку. Трое непаўналетніх вучацца дома. 25 дзяцей наведваюць лагапедычны кабінет, дзе выпраўляюць гукавымаўленне.
Найбольш асаблівых дзетак — 12 — у пачатковай школе. З чатырох першых класаў там тры — інтэграваныя. А ў адным з класаў ажно 4 дзіцяці з АПФР.
У чым розніца ў навучанні звычайных і асаблівых дзяцей? І як выглядае працэс атрымання ведаў?
— У настаўнікаў у інтэграваных класах як мінімум дзве праграмы: адна — агульнаадукацыйная, другая — спецыяльная, — расказвае настаўнік-дэфектолаг, кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання дэфектолагаў і выхавальнікаў персанальнага суправаджэння дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра (РАС) Ірына Міхалевіч. — На ўроку педагог адначасова працуе па абедзвюх. Умоўна кажучы, са звычайнымі дзецьмі ён можа вывучаць лік да тысячы, з асаблівымі — да дваццаці. Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю і цяжкасцямі ў навучанні знаходзяцца ў класе толькі на агульных прадметах, ад 4 да 8 гадзін на тыдзень яны праводзяць на індывідуальных занятках у дэфектолага. У іх няма фізікі, хіміі, англійскай мовы. Затое больш часу адведзена на працоўнае навучанне — 6 гадзін на тыдзень у старэйшых класах. Ёсць таксама спецыфічныя прадметы, такія як сацыяльна-бытавая арыенціроўка. На іх вучым таму, як пайсці ў магазін, якія ёсць віды магазінаў, як нешта зашыць і г.д.
Вучэбныя праграмы для дзяцей з АПФР разлічаны на 10 гадоў. У пачатковай школе яны праводзяць не 4, а 5 гадоў, двойчы праходзячы праграму першага класа. Выпускаюцца пасля дзявятага класа і, калі дазваляе дыягназ, працягваюць вучобу ў спецустановах Улы, Віцебска, Полацка, дзе набываюць рабочыя спецыяльнасці.
Каб усім было камфортна
Калі ў дзіцяці цяжкасці ў навучанні або інтэлектуальная недастатковасць плюс аўтызм, на ўсіх занятках разам з ім прысутнічае выхавальнік персанальнага суправаджэння. Іх у школе трое — адпаведна колькасці дзяцей з РАС. Яны могуць дапамагчы сваім падапечным, супакоіць іх, завесці на ўрок, у сталовую. Выхавальнікі сустракаюць дзяцей каля дзвярэй у школу і суправаджаюць да выхаду з яе. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Наталлі Ярынскай, яны па-мацярынску адносяцца да падапечных: і пагладзяць іх, і абдымуць, і штосьці смачнае з дому прынясуць. Такія адносіны ўзнагароджваюцца любоўю ў адказ.
З разуменнем ставяцца да асаблівых равеснікаў і звычайныя дзеці. Яны не паказваюць на іх пальцам, не абражаюць, наадварот, дапамагаюць, гуляюць разам з імі на перапынках. І ў гэтым заслуга ў першую чаргу настаўнікаў пачатковых класаў.
— Мы стараемся зрабіць так, каб дзіцяці з АПФР было камфортна ў школе. Але камфортна павінна быць і астатнім дзецям з імі. Таму вучым і адных, і другіх, — зазначае педагог-псіхолаг Ала Дзямчук і працягвае: — У нас створана група суправаджэння гэтых дзяцей, якую ўзначальвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковай школе Ірына Ліпніцкая. У яе ўваходзяць кіраўнікі класаў інтэграванага навучання, настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі персанальнага суправаджэння, сацыяльны педагог і я. Усе пытанні вырашаем сумесна, распрацоўваем індывідуальную праграму суправаджэння.
Для асаблівых дзяцей у школе створана безбар’ернае асяроддзе. На ганку ўстаноўлены пандус і кнопка выкліку персаналу, каля кожнага кабінета — мнемасхемы са шрыфтам Брайля, на падлозе пакладзена тактыльная плітка з накіравальнымі элементамі. Для індывідуальных заняткаў абсталяваны кабінет дэфектолага. Многае ў ім Ірына Міхалевіч зрабіла сваімі рукамі. Тут і апорныя табліцы, схемы, памяткі, дапаможнікі па нейрагімнастыцы, і спецыяльныя развівальныя гульні. Ёсць у тым ліку светлавы стол з пяском для псіхалагічнай разгрузкі дзяцей з РАС. Для апошніх, акрамя таго, абсталявалі памяшканні лабаранцкіх па-суседстве з класамі, у якіх вучацца аўтысты. Часам на ўроках яны не зусім адэкватна сябе паводзяць і могуць перашкаджаць іншым вучням. У такіх сітуацыях выхавальнік пераходзіць з асаблівым дзіцем у лабаранцкую.
Прагрэс відавочны
Размаўляючы з педагогамі, не магла не пацікавіцца вынікамі іх работы з названай катэгорыяй дзяцей. Забягаючы наперад, скажу: яны ўражваюць.
— З адным з аўтыстаў, Стасам, які вучыцца ў 5 класе, цудоўна малюе, ведае табліцу множання і рашае ўраўненні, мы пачыналі з таго, што ён ірваў кнігі, зусім не сядаў за парту і нічога не рабіў, — успамінае Ірына Міхалевіч. — Зараз Станіслаў прыходзіць у кабінет, дастае ўласнаручна запоўнены дзённік, падручнік адпаведна раскладу ўрокаў, які ведае, і пачынае працаваць. Мне вельмі спадабалася жэтонная сістэма — своеасаблівы метад заахвочвання. Дзіця бачыць, што за ўрок трэба выканаць 5-7 заданняў, пасля чаго будзе ўзнагароджанне: яму дазволяць маляваць ці пайсці дадому, калі ўрок апошні. Выкананне кожнага задання суправаджаецца наклейваннем жэтона са смайлікам у спецыяльную картачку. Гэты метад вельмі добра працуе для аўтыстаў, якім патрэбна дакладнае паэтапнае бачанне. Яны разумеюць, што ад іх хочуць і што будзе ў канцы.
У працэсе навучання развіваецца і маўленне аўтыста, бо некаторыя з іх практычна не гавораць.
— Пакуль дзіця не папросіць словамі алоўкі ці іншае, што яму патрэбна, я гэта не дам, — працягвае Ірына Рышардаўна. — Таму яно вымушана размаўляць. Як і звычайных дзяцей, асаблівых мы вучым культуры зносін: гаварыць «дзякуй», «калі ласка».
Свае прафесійныя кампетэнцыі настаўнікі пастаянна павышаюць на семінарах, вебінарах, курсах.
У камандзе з бацькамі
Кожны маленькі крок наперад у сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — агульная перамога педагогаў, якія з імі працуюць, і прычына для радасці бацькоў гэтых дзетак. Пераважная большасць мам і татаў усімі сіламі садзейнічае настаўнікам: прыходзіць на кансультацыі, пытаецца, як ім паступіць у той ці іншай сітуацыі, цікавіцца, ці патрэбна дапамога, і адгукаецца на любую просьбу. Яны любяць сваіх асаблівых дзяцей і хочуць, каб тыя былі максімальна сацыялізаваныя.
Нямала з таго, што неабходна для заняткаў, у кабінеце Ірыны Міхалевіч, куплена не без фінансавага ўдзелу бацькоў. Але сродкаў не хапае, таму школа будзе рада спонсарскай дапамозе. Разумею, што з грашыма зараз няпроста ва ўсіх. Тым не менш спадзяюся: знойдуцца тыя, хто захоча дапамагчы педагогам у іх нялёгкай рабоце.
Алена Шапавалава



