Быць ваенным урачом начальнік тэрапеўтычнага аддзялення 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карповіч марыў з дзяцінства. Але калі прыйшоў час выбіраць прафесію, маці, якая працавала фельчарам-лабарантам, сказала: «Навошта нам яшчэ медыкі? Хопіць дваіх (старэйшая сястра Аляксандра тады вучылася ў медуніверсітэце ў Віцебску — аўт.). Лепш будзь эканамістам, маркетолагам ці банкірам». Паслухаўшы блізкага чалавека, юнак у 11 класе паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Паспяхова яго скончыў, пераканаўшыся, што эканоміка яму нецікавая, хочацца лячыць людзей, і пасля школы падаў дакументы на ваенна-медыцынскі факультэт БДМУ.
Першым месцам службы маладога ўрача была пагранкамендатура «Паставы», дзе загадваў медпунктам. Затым перавёўся ў адну з вайсковых часцей у родным Пінску. Там займаў пасаду начальніка лазарэта. У 2012 годзе вярнуўся на Пастаўшчыну, але ўжо ў шпіталь. Спачатку з’яўляўся начальнікам прыёмнага аддзялення медустановы. Праз год стаў ардынатарам тэрапеўтычнага аддзялення, а ў 2018-м узначаліў яго.
— У шпіталь я прыйшоў з дакладным разуменнем спецыфікі работы з ваеннаслужачымі, — гаварыў Аляксандр Карповіч. — Як і ў прадстаўнікоў іншых сфер дзейнасці, у пагранічнікаў ёсць свае прафесійныя рызыкі, якія цягнуць за сабой пэўныя захворванні. Вопыт службы ў войсках дапамагае разабрацца з прычынамі гэтых захворванняў, зразумець, адкуль яны ў чалавека, і аказаць найбольш поўную медыцынскую дапамогу, спланаваць прафілактычныя мерапрыемствы.
Тэрапеўтычнае аддзяленне самае вялікае ў шпіталі. У ім лечацца пацыенты з захворваннямі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, стрававальнай, эндакрыннай сістэм. Спектр аказання дапамогі даволі шырокі. Таму ў падпарадкаванні начальніка медыцынскага падраздзялення чатыры ўрачы, кожны з якіх мае сваю спецыялізацыю, і больш за дзясятак медсясцёр. Гаворачы пра калектыў, Аляксандр Паўлавіч адзначыў: такой дружнай, з’яднанай, высокапрафесійнай камандзе можна пазайздросціць, усе выдатна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі.
— Самая вопытная ў нас — тэрапеўт Лілія Скіпар, — расказваў кіраўнік. — Раней яна ўзначальвала аддзяленне, зараз на ваеннай пенсіі, але працягвае працаваць. Да Ліліі Іванаўны нават я часам звяртаюся па параду. Не пазычаць вопыту і ўрачу-кардыёлагу Іаланце Кустрэй. Пра такіх спецыялістаў, як яна, кажуць: не маюць патрэбы ў рэкламе. Падрастае добрае маладое пакаленне — эндакрынолаг Ганна Касцюк, якая хутка зможа даць фору старэйшым калегам, і ўрач агульнай практыкі Юрый Круглікаў — ён служыць першы год і пакуль набіраецца вопыту. Урачам у рабоце вельмі дапамагае сярэдні медперсанал.
Адначасова з кіраўніцтвам аддзяленнем Аляксандр Карповіч стараецца як мага больш практыкаваць, што прыносіць яму сапраўднае задавальненне: сам вядзе некаторых пацыентаў. Сярод іх часам трапляюць тыя, хто мае складаны дыягназ. З такімі хворымі доктару асабліва цікава працаваць.
Работа ўрача – гэта пастаянная вучоба, спасціжэнне чагосьці новага. Калі разумею, што я нешта забыў або не ведаю, бяру ў рукі кніжку і шукаю тую інфармацыю, якой мне не хапае. Наша задача – у першую чаргу дапамагчы чалавеку. Магчыма, не заўсёды атрымліваецца вылечыць, але аказаць дапамогу мы абавязаныя.
Аляксандр Карповіч
За час службы Аляксандр Карповіч не раз атрымліваў граматы і падзякі Дзяржпагранкамітэта. Пры гэтым найвялікшая ўзнагарода для яго — спакойная, без надзвычайных здарэнняў, абстаноўка ў давераным падраздзяленні, добры мікраклімат у калектыве. Штодзень мужчына з радасцю ідзе на работу і з такім жа настроем вяртаецца дамоў. Знаходзячыся ў водпуску, не перажывае, як абстаяць справы ў аддзяленні, — ведае: калегі не падвядуць.
Алена Шапавалава

