Хто з нас не хоча быць здаровым і прыгожым, надоўга захаваць знешнюю і ўнутраную маладосць? Гэта немагчыма без правільнага, збалансаванага харчавання, пытаннямі якога займаецца асобная навука — нутрыцыялогія. З нядаўняга часу яна з галавой зацягнула пастаўчанку Анастасію Кундру.
Пра здаровае харчаванне Насця можа гаварыць гадзінамі. Калі размаўляеш з ёй, адразу адчуваецца: гэта тэма вельмі цікавая дзяўчыне, і яна даволі добра разбіраецца ў тонкасцях харчавання. Ну а прывяла Анастасію ў нутрыцыялогію яе работа.
— Па адукацыі я біёлаг-аналітык, скончыла Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава па спецыяльнасці «Медыка-біялагічная справа» са спецыялізацыяй «Цыталогія», — расказвала падчас сустрэчы. — Атрымаўшы дыплом, працавала лабарантам у клініка-дыягнастычнай лабараторыі 1-га ваеннага шпіталя ў Паставах. Затым перавялася ў лабараторыю цэнтральнай раённай бальніцы і ўжо 13-ы год з’яўляюся штатным біёлагам, раблю розныя віды аналізаў. Пачынала з біяхімічнага аналізу крыві. Тады часта сутыкалася з анкалагічна хворымі пацыентамі, якім трэба было ехаць на «хімію», і яны пыталіся ў мяне, як падняць лейкацыты або трамбацыты, што для гэтага есці. Каб даць адказ, даводзілася штосьці чытаць, глядзець. Пазней сябры і знаёмыя сталі прасіць парады, як папоўніць нехадоп таго ці іншага вітаміну ў арганізме. Так я пачала паглыбляцца ў нутрыцыялогію.
Сур’ёзна вывучэннем навукі пра харчаванне Анастасія занялася ў 2020 годзе, калі пайшла ў другі дэкрэтны водпуск. Адзін за адным купляла розныя курсы ў інтэрнэце, а летась паступіла вучыцца ў Асацыяцыю даказальных нутрыцыёлагаў і спецыялістаў грамадскай аховы здароўя, членамі і выкладчыкамі якой з’яўляюцца ўрачы, нутрыцыёлагі, псіхолагі, фітнес-трэнеры з розных краін свету.
— Усе выкладчыкі асацыяцыі маюць навуковыя ступені, а навучанне ў ёй заснавана на даказальным падыходзе — гэта значыць, ніхто не будзе нічога гаварыць, калі няма пацверджаных даследаванняў на дадзеную тэму, — працягвала дзяўчына. — Хоць вучуся анлайн, як і ў звычайных студэнтаў, у мяне ёсць семінары, практычныя заняткі, я здаю дамашнія заданні і праекты, маю зваротную сувязь з куратарам. Праграма навучання разлічана на год — гэта як перападрыхтоўка на базе вышэйшай адукацыі — і ахоплівае біялогію, анатомію, эндакрыналогію, імуналогію, гастраэнтэралогію.
Па словах Насці, стаць нутрыцыёлагам можа любы чалавек. Але біёлагам і хімікам намнога прасцей разабрацца ва ўсіх працэсах у арганізме: як запускаецца той ці іншы механізм, адбываецца засваенне мікраэлементаў і інш. Набытыя ў экалагічным інстытуце і на інтэрнэт-курсах веды дазволілі ёй тры гады назад заняцца анлайн-кансультаваннем па пытаннях харчавання і аформіць сваю дзейнасць у падатковай інспекцыі.
Практыку пачынала з дапамогі людзям у схудненні. Потым стала працаваць з тымі, каму пастаўлены дыягназ «Пераддыябет»: ім трэба было знізіць вагу абапіраючыся на рэкамендацыі эндакрынолага. Затым працавала з жанчынамі, якія ішлі ў пратакол ЭКА і якім спецыялісты РНПЦ «Маці і дзіця» рэкамендавалі звярнуцца да нутрыцыёлага. Былі ў практыцы таксама цяжарныя жанчыны, якія баяліся набраць лішнія кілаграмы і ў той жа час хацелі харчавацца збалансавана, атрымліваючы ўсе неабходныя мікраэлементы. Кожнаму кліенту Анастасія складала свой рацыён харчавання, улічваючы яго смакавыя перавагі. Паступова змяніла і ўласны рацыён, перавёўшы на правільнае харчаванне ўсю сям’ю — мужа і дваіх дзяцей.
— Я стала ўжываць намнога больш садавіны і агародніны, увёўшы іх ва ўсе прыёмы ежы, — гаварыла суразмоўца. — Раней амаль не ела рыбу. Цяпер яна прысутнічае ў маім меню, таксама як і мяса. Увогуле, я не выключаю ніякія прадукты: магу купіць і піцу, і чыпсы. Галоўнае, прытрымлівацца правіла: 80% — гэта збалансаваная яда, якую гатую дома, а 20% застаюцца на тое, што хочацца. Але калі ты выбудоўваеш свае адносіны з ядой, мяняюцца смакавыя адчуванні: многае з таго, што падабалася раней, ужо не здаецца такім смачным, і ты пачынаеш шукаць яму замену.
Ужо колькі часу Анастасія Кундра вядзе ўласны акаўнт у Instagram, дзе расказвае падпісчыкам, як уводзіць у свой рацыён агародніну, разгрузіцца пасля свят, разнастаіць харчаванне, з якіх прадуктаў можна атрымліваць мікраэлементы, якія карысныя стравы хутка прыгатаваць і інш. Рэкамендацый вельмі шмат. Таксама як і тых, хто іх чытае. Думаем, зацікавяць «Парады ад Насці» і чытачоў «ПК». Таму вырашылі апублікаваць некаторыя з іх. А ў далейшым збіраемся ўвесці ў рамках тэматычнай старонкі «PROздароўе» пастаянную рубрыку з парадамі гераіні гэтага артыкула.
Алена Шапавалава
Фота даслала Анастасія Кундра
Советы от Насти
- Замените привычный гарнир на новый: например, белый рис — на бурый, обычные спагетти — на цельнозерновые, гречку — на булгур. Делайте это постепенно, и ваш мозг не будет сопротивляться изменениям.
- Добавьте в свой рацион 1-2 раза в неделю продукты, богатые омега-3 жирными кислотами: лосось, скумбрию, сардину, сельдь, форель.
- Включайте в рацион как можно больше овощей и фруктов, свежих и приготовленных разными способами. Так доступность витаминов и минеральных веществ будет максимальной.
- Не выбирайте в качестве перекуса один продукт. К примеру, сочетайте яблоко с горсткой орехов или хлопьев — они дадут больший запас энергии.
- Включайте в ежедневный рацион молочные продукты или обогащённые растительные альтернативы в качестве источника кальция и витаминов группы В.
- Питайтесь осознанно: прислушивайтесь к своим ощущениям голода, сытости, останавливайтесь в момент насыщения, не переедайте.

