Научный сотрудник районного краеведческого музея Оксана Журова — лауреат звания «Человек года Поставщины-2024»

Общество

Пра тое, што яе вылучылі на атрыманне звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2024», навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Аксана Журава даведалася толькі тады, калі перамагла ў намінацыі «Сацыяльная сфера. Культура». Гэта стала для жанчыны прыемнай нечаканасцю, падкрэсліўшы яе заслугі на ніве культуры, на якой працуе ўсяго 5 гадоў.

Па адукацыі Аксана Сяргееўна педагог. Спачатку скончыла полацкі каледж, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў, потым — завочна Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці «Беларуская філалогія, сусветная і айчынная культура». Паўтара года працавала выхавальнікам у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня». Затым запрасілі ў Мулярскую БШ. Адтуль перайшла ў Юнькаўскую базавую школу, а пазней — у пастаўскую СШ №2, пачаўшы задумвацца пра змену роду дзейнасці.

— Мне захацелася чагосьці новага, — расказвала суразмоўца. — Неўзабаве даведалася, што ў музеі з’явілася вакансія навуковага супрацоўніка. Падышла да тагачаснага дырэктара Таццяны Гарошкі, і яна ўзяла мяне, даручыўшы займацца аховай гісторыка-культурнай спадчыны і ўвекавечваннем загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пачынала са знаёмства з помнікамі археалогіі, гісторыі і архітэктуры, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Іх у раёне 33. Гэта цэрквы, касцёлы, гарадзішчы, курганы, брацкія магілы. Усе прыйшлося вывучаць з нуля. Плюс помнікі ваеннай гісторыі: воінскія пахаванні, якіх у нас 64, і помнікі землякам, загінулым ад рук фашыстаў, — іх 45. Цяпер кожны, як кажуць, ведаю ў твар: як выглядае і дзе знаходзіцца.

Научный сотрудник районного краеведческого музея Оксана Журова — лауреат звания «Человек года Поставщины-2024»

У рабоце па ўвекавечанні вялікую дапамогу Аксане Журавай аказвае вядомы ў раёне гісторык і пошукавік Аляксандр Кузняцоў.

— Ён асноўны інфарматар, добра разбіраецца ў ваенных архівах і мае да іх доступ, — працягвала жанчына. — Пры непасрэдным удзеле Аляксандра Іванавіча за апошнія 5 гадоў устаноўлена і ўвекавечана больш за 100 імёнаў воінаў-вызваліцеляў і мірных жыхароў, закатаваных і расстраляных фашыстамі ў перыяд акупацыі. У рамках расследавання крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны пастаўлена на дзяржаўны ўлік 5 новых пахаванняў мірных жыхароў раёна. Усю здабытую інфармацыю я падаю ва Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова.

Што да гісторыка-культурнай спадчыны, то штогод Аксана Сяргееўна праводзіць маніторынг такіх аб’ектаў: сочыць за іх станам і знешнім выглядам. У 2023 годзе на ўлік паставілі новы помнік архітэктуры — лынтупскі касцёл. Гэтаму папярэднічала немалая работа па падрыхтоўцы навукова абгрунтаванай прапановы ў Міністэрства культуры. Мінулай восенню пастаўчанка прымала ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі па гісторыка-культурнай спадчыне, якая праводзілася на базе Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Выступала на ёй з дакладам пра касцёл у Камаях, які з’яўляецца прэтэндэнтам на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Некалькі разоў удзельнічала ў семінарах па ўвекавечанні памяці загінулых воінаў і мірных жыхароў.

Разам з тым, як і яе калегі, гераіня артыкула праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў музея, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш у сувязі з развіццём унутранага турызму. Адпаведна, расце колькасць экскурсій. Так, летась іх праведзена больш за 160.

За адказнае выкананне службовых абавязкаў у 2021 годзе Аксана Журава адзначана граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола­дзі райвыканкама, у 2022 годзе прызнана найлепшым музейным работнікам Віцебшчыны і ўзнагароджана дыпломам абласнога выканаўчага камітэта. Таму прысваенне ёй звання «Чалавек года Пастаўшчыны» абсалютна лагічнае.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.