Штодзень суправаджаючы ўнука-першакласніка на вучобу, бачу, як школьны аўтобус падвозіць да гарадской школы вясковых дзетак. Такая практыка існуе па ўсім свеце. А ўвогуле рэгулярныя перавозкі людзей аўтатранспартам ажыццяўляюцца ўжо на працягу стагоддзя.
Сёлетняй восенню споўніцца роўна сто гадоў, як у Віцебску і іншых абласных цэнтрах краіны з’явіўся такі від пасажырскіх перавозак.
У той час віцебскія ўлады заказалі ў РСФСР першую партыю з пяці распрацаваных мадэляў савецкіх аўтобусаў з бензінавым рухавіком умяшчальнасцю 15 пасажыраў. Неўзабаве ўслед за гарадскімі перавозкамі ў Прыдзвінні быў уведзены першы ў вобласці аўтобусны маршрут «Віцебск—Сураж—Веліч».
Як сведчаць архіўныя даныя, у 1925 годзе па ўсёй БССР ездзіла ўсяго 20 аўтобусаў. Паступова аўтаперавозкі сталі канкурыраваць з чыгуначнымі і авіяперавозкамі. Імклівае развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1956 годзе па Мінску курсіравала ўжо звыш 450 савецкіх аўтобусаў розных марак, пазней з’явіліся славутыя венгерскія «Ікарусы».
Віцебск быў першым горадам, у якім з’явіліся трамваі. Мінчане такім відам транспарту пачалі карыстацца толькі праз 30 гадоў пасля віцябчан.
Праз шэсць гадоў на сталічнай Прывакзальнай плошчы адкрыўся добра вядомы людзям старэйшага пакалення аўтавакзал «Цэнтральны». Маё дзяцінства якраз прыпала на той час. Добра памятаю адну са сваіх першых паездак у сталіцу. Спачатку раніцай мы дабіраліся сям’ёй з Дунілавіч да райцэнтра, а адтуль на маленькім ЗІСе праз Кабыльнік і Мядзел — да Мінска. Бусік, поўны пасажыраў, рухаўся на невялікай хуткасці, часта рабіў працяглыя прыпынкі. Дарогі ў той час былі не ў вельмі добрым стане, у асноўным грунтавыя і брусчатыя. Таму ехалі мы доўга — амаль увесь светлавы дзень.
У юнацтве і маладосці ў сталіцу і дадому дабіраўся пераважна на аўтобусах: ПАЗах і больш зручных за іх ЛАЗах, пазней — на камфартабельных «Ікарусах-250». Некалькі разоў з Мінска ў Паставы нават прылятаў на «кукурузніку» (АН-2).
Папярэднікі аўтобусаў – омнібусы. Яны з’явіліся яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны і былі толькі ў Мінску. Омнібусы ўяўлялі сабой павозкі на коннай цязе на 15-20 месцаў.
Пасажырапаток на рубяжы стагоддзяў быў інтэнсіўны. Гэта і не дзіўна: на Пастаўшчыне тады пражывала больш за 48 тысяч чалавек. Пазней у аўтапарку №17 на розных маршрутах працавала звыш ста вадзіцеляў аўтобусаў. Толькі па міжгароднім маршруце «Паставы—Глыбокае» штодзень курсіравалі 4 аўтобусы. З нашага райцэнтра можна было даехаць да Мінска, Віцебска, Магілёва, Гродна, Ліды, Наваполацка, Маладзечна, Вільнюса, Даўгаўпілса, Рыгі. Прыгарадныя маршруты злучалі горад з цэнтрамі сельсаветаў і 19 калгасаў, 3 саўгасаў. Папулярным быў аўтобус «Паставы—Навадруцк», бо большую частку шляху праходзіў па новай магістралі Полацк—граніца Літвы. Пашырэнню аб’ёмаў перавозак спрыяла будаўніцтва ў раёне новых асфальтаваных дарог, з’яўленне напрыканцы 50-х гадоў дзвюх спецыялізаваных арганізацый дарожнікаў.
Час не стаіць на месцы. У Беларусі шырока наладжана айчынная аўтамабільная прамысловасць. Ужо нікога не здзівіш аўтобусам з кандыцыянерам, інтэрнэтам. Папулярнымі сталі электробусы. А ў насельніцтва з’явілася шмат уласнага аўтатранспарту.
Уладзімір Шык

